Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літоўская партыя выключыла з сваіх шэрагаў дэпутата Сэйму Сініцу. Ён заклікаў выгнаць зь Вільні Офіс Ціханоўскай


У польскім Сейме
У польскім Сейме

Згодна з заявай партыі, Управа «Нацыянальнага адзінства» выключыла Вітаўтаса Сініцу з партыі за «сыстэматычныя і грубыя парушэньні статуту партыі і Кодэксу этыкі».

Вітаўтас Сініца быў намесьнікам старшыні «Нацыянальнага адзінства». Ён быў адзіным сябрам партыі ў Сейме, прайшоў туды па аднамандатнай акрузе. Паводле «Нацыянальнага адзінства», Сініца быў выключаны з партыі за тое, што пастаянна ладзіў сходы сяброў рады, прымаў рашэньні ў час сходаў пры адсутнасьці кворуму.

Партыя таксама згадвае іншыя парушэньні, учыненыя Сініцам, піша Delfi.

«Фундамэнтальныя парушэньні, учыненыя В. Сініцам, зьвязаныя з арганізацыяй і кіраваньнем шматлікімі незаконнымі, бяз кворуму паседжаньнямі сябраў рады, і выкананьнем рашэньняў, прынятых на такіх паседжаньнях бяз кворуму. Пры іх рэалізацыі былі незаконна захопленыя камунікацыйныя ўліковыя запісы і суполкі партыі, незаконна абмежаваныя паўнамоцтвы праўленьня партыі, а таксама прынята незаконнае рашэньне аб правядзеньні пазачарговага зьезду партыі 6 верасьня 2025 году, праект парадку дня якога не ўключае разгляд стратэгічных і праграмных пытаньняў, справаздачы старшыні і Кантрольнай камісіі.

На зьездзе заплянаванае толькі галасаваньне ў пытаньні адкліканьня ўсіх кіроўных органаў партыі і абраньне новага старшыні, праўленьня і рады», — гаворыцца ў заяве «Нацыянальнага адзінства».

Партыя таксама зьвярнула ўвагу на тое, што Сініца ініцыяваў «дзеяньні супраць беларускага апазыцыйнага руху» ад імя «Нацыянальнага адзінства» без ухвалы партыі.

«Партыя была вымушана дыстанцыявацца ад такіх дзеяньняў», — адзначае «Нацыянальная адзінства».

ELTA нагадала, што на мінулым тыдні партыя адмежавалася ад акцыі пратэсту, арганізаванай Сініцам супраць офісу лідэркі беларускай апазыцыі Сьвятланы Ціханоўскай у Вільні. У час пратэсту каля Міністэрства замежных спраў Літвы палітык заклікаў да ануляваньня акрэдытацыі, выдадзенай прадстаўніцтву пад кіраўніцтвам Ціханоўскай.

Разам зь Сініцам за аналягічныя парушэньні з партыі выключылі сябра праўленьня Марыюса Парчаўскаса і сябровак рады Асту Катуце і Інгу Друпене.

Кіраўніцтва партыі таксама прыняло рэзалюцыю аб тым, што паседжаньне сяброў рады партыі, якое адбылося 29 ліпеня, было незаконным. Як і рашэньне аб скліканьні пазачарговага зьезду партыі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG