Пра гэта ён паведаміў на прэс-канфэрэнцыі ў Бялградзе пасьля сустрэчы з канцлерам Аўстрыі Крысьціянам Штокерам, піша выданне «Kurir».
«Я палітычны вэтэран, я больш не магу балятавацца ў прэзыдэнты, і мне нават у галаву не прыходзіць зьмяняць Канстытуцыю, каб працягваць удзельнічаць у выбарах. Я не дыктатар, якога вы малюеце ў аўстрыйскіх СМІ, я завяршу сваю прэзыдэнцкую кар’еру праз паўтара года», — сказаў Вучыч, адказваючы на пытаньне аўстрыйскага журналіста.
Прэзыдэнт Сэрбіі дадаў, што і надалей будзе ўдзельнічаць у палітычным жыцьці, але пакуль не раскрывае, якую пасаду можа заняць.
- Аляксандра Вучыча лічаць прыхільнікам Расеі. У траўні 2025 года ён упершыню з пачатку поўнамаштабнай расейска-украінскай вайны наведаў Маскву, дзе прысутнічаў на парадзе 9 траўня. Праз месяц, у чэрвені, Вучыч упершыню наведаў Украіну.
- Вучыч павіншаваў Лукашэнку пасьля прэзыдэнцкіх выбарах сёлета ў студзені. Прадстаўнікі многіх дэмакратычных краін і міжнародных арганізацый заявілі, што не прызнаюць вынікі выбараў і Лукашэнку ў якасьці прэзыдэнта Беларусі. Краіны Эўразьвязу, Аўстралія, Вялікая Брытанія, Канада і Новая Зэляндыя ў супольнай заяве асудзілі выбары ў Беларусі.
- У Сэрбіі з лістапада 2024 года адбываюцца масавыя студэнцкія пратэсты. Удзельнікі дэманстрацый блякуюць унівэрсытэты па ўсёй краіне і патрабуюць правесьці датэрміновыя выбары прэзыдэнта Сэрбіі.
Форум