«Моцны давер, які вы атрымалі ад беларускага народу падчас гэтага выбарчага цыклю, зьяўляецца доказам вашага палітычнага аўтарытэту і намаганьняў па далейшым умацаваньні сувэрэнітэту, росквіту і прагрэсу вашай краіны», — цытуе прэс-служба віншаваньне.
У ім Жэлька Цьвіяновіч выказвае ўпэўненасьць, што «на аснове ўзаемнай павагі і дружбы» яны з уладамі Беларусі «будуць працаваць разам» над далейшым умацаваньнем двухбаковых адносінаў і «паляпшэньнем супрацоўніцтва ў розных галінах».
Цьвіяновіч стала другім эўрапейскім лідэрам, які павіншаваў Лукашэнку пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, першым быў прэзыдэнт Сэрбіі Аляксандар Вучыч. Таксама Лукашэнку павіншаваў прэзыдэнт Рэспублікі Сэрбскай (уваходзіць у склад Босьніі і Герцагавіны) Міларад Додзік, які наведваў Беларусь у лютым 2024 году.
Кіраўнікі іншых краін Эўразьвязу, у тым ліку Вугоршчыны і Славаччыны, якія супрацоўнічаюць з рэжымам Лукашэнкі, ад віншаваньняў па стане на 29 студзеня ўстрымаліся.
29 студзеня Лукашэнку таксама павіншавалі прэзыдэнт Ірану Масуд Пэзэшкіян і лідэры Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў.
Прэзыдэнт Ірану Масуд Пэзэшкіян у сваім віншаваньні, якое цытуе прэс-служба Лукашэнкі, выказаў упэўненасьць, што адносіны Беларусі і Ірану і «ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва ва ўсіх галінах двухбаковага, рэгіянальнага і міжнароднага ўзаемадзеяньня» падчас кіраваньня Лукашэнкі «стануць мацнейшымі, чым раней».
Прэзыдэнт ААЭ шэйх Мухамэд бэн Заід аль-Нахаян зычыць Лукашэнку «моцнага здароўя і шчасьця, а дружалюбнаму беларускаму народу — далейшага прагрэсу і росквіту», цытуе яго прэс-служба Лукашэнкі. Віншаваньні таксама накіравалі віцэ-прэзыдэнт і прэмʼер-міністар ААЭ, кіраўнік Дубаю шэйх Мухамэд бэн Рашыд аль-Мактум і віцэ-прэзыдэнт, намесьнік прэмʼер-міністра, міністар у справах прэзыдэнта шэйх Мансур бэн Заід аль-Нахаян.
Прадстаўнікі многіх дэмакратычных краін і міжнародных арганізацый ужо заявілі, што не прызнаюць вынікі выбараў і Лукашэнку ў якасьці прэзыдэнта Беларусі. Краіны Эўразьвязу, Аўстралія, Вялікая Брытанія, Канада і Новая Зэляндыя ў супольнай заяве асудзілі выбары ў Беларусі.
На гэты момант віншаваньні Лукашэнку накіравалі кіраўнікі 15 дзяржаў: Азэрбайджану, Босьніі і Герцагавіны, Вэнэсуэлы, Віетнаму, Казахстану, Кітаю, Кубы, Кіргізстану, Нікарагуа, Пакістану, Расеі, Сэрбіі, Таджыкістану, Туркмэністану, падлічыў «Позірк».
- 27 студзеня ЦВК абвясьціў Аляксандра Лукашэнку пераможцам у прэзыдэнцкіх выбарах, якія прайшлі ў Беларусі 26 студзеня. Паводле папярэдніх вынікаў галасаваньня сьцьвярджаецца, што ён нібыта атрымаў 86,82% галасоў. Канчатковыя вынікі выбараў-2025 падвядуць 3 лютага.
- Гэтыя выбары ў Беларусі пры Лукашэнку, які ва ўладзе больш за 30 гадоў і балятаваўся на сёмы прэзыдэнцкі тэрмін, насілі, паводле міжнародных арганізацый, несвабодны і недэмакратычны характар. Выбарчая кампанія праходзіла ва ўмовах шырокамаштабных рэпрэсій і палітычнага крызісу, які цягнецца ад папярэдніх прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году.
- Пра непрызнаньне выбараў 2025 году ў Беларусі раней заявілі шэраг краінаў, сярод іх суседзі Беларусі — Літва, Польшча, Украіна і Латвія. У Эўрапарлямэнце 22 студзеня ўхвалілі рэзалюцыю, у якой заклікаюць не прызнаваць прэзыдэнцкія выбары 26 студзеня і легітымнасьць Лукашэнкі. У МЗС Беларусі рэзалюцыю назвалі «найгрубейшым умяшаньнем у электаральныя працэсы сувэрэннай дзяржавы».
- Праваабаронцы Libereco і «Вясны» назвалі выбары ў Беларусі «прапагандысцкім шоў», Міжнародны інстытут дэмакратыі і садзейнічаньня выбарам — «„самапрызначэньнем“ Лукашэнкі», а гендакладчык ПАРЭ па дэмакратычнай Беларусі Рышард Пэтру заявіў, што яны «стануць чарговай фікцыяй». У Amnesty International адзначылі ўзмацненьне палітычных рэпрэсій перад выбарамі.
Форум