У Бялградзе ўдзельнікі пратэстаў перакрылі вуліцы мэталічнымі агароджамі і кантэйнэрамі для сьмецьця. Яны заблякавалі мост Газэла — ключавую транспартную артэрыю сталіцы цераз раку Сава.
У Нові-Садзе на поўначы краіны, дзе і пачаліся восем месяцаў таму антыўрадавыя дэманстрацыі, пратэстоўцы закідалі яйкамі офісы кіроўнай Сэрбскай прагрэсіўнай партыі Вучыча.
Паводле сайту пратэстоўцаў, у сталіцы ўзьвялі 30 барыкадаў, падобныя акцыі праходзяць як мінімум у 22 гарадах Сэрбіі.
Міністэрства ўнутраных справаў раніцай 30 чэрвеня паведаміла пра новыя затрыманьні ўдзельнікаў пратэстаў і ліквідацыю барыкадаў, перадае Балканскае бюро Радыё Свабода.
Студэнцкія пратэсты ўзмацніліся пасьля таго, як 28 чэрвеня паліцыя затрымала ўдзельнікаў маштабнага мітынгу ў Бялградзе.
Паводле ацэнак, у іх удзельнічалі каля 140 000 чалавек. Міністар унутраных спраў Івіца Дачыч паведаміў, што паліцыя затрымала 77 чалавек, і 38 зь іх 29 чэрвеня заставаліся пад вартай.
Аляксандар Вучыч заявіў, што праваахоўныя органы рыхтуюцца да «шматлікіх новых арыштаў».
29 чэрвеня ўвечары людзі зноў выйшлі на вуліцы з патрабаваньнем вызваліць затрыманых напярэдадні.
Што казалі ўдзельнікі пратэстаў
- «Яны павінны вызваліць затрыманых. Гэта непрыгожа, як урад абыходзіцца з моладзьдзю. Мы хочам жыць у свабоднай краіне, як таго патрабуюць студэнты».
- «Мы заклікаем інстытуты пачаць рабіць сваю працу. Арыштаваць тых, хто сапраўды нясе адказнасьць за гвалт. Мінулай ноччу яны білі людзей, хапалі ўсіх, каго маглі».
З чаго ўсё пачалося
1 лістапада 2024 году абрынулася цэмэнтавая павець чыгуначнай станцыі ў Нові-Садзе, што прывяло да гібелі 16 чалавек. Гэтая трагедыя выклікала ў краіне адзін з найбуйнейшых рухаў пратэсту за апошнія гады.
Пратэстоўцы сьцьвярджаюць, што прычынай трагедыі сталі карупцыя і некампэтэнтнасьць чыноўнікаў. Дэманстрацыі, якія пачаліся пасьля трагедыі, хутка перарасьлі ў пратэсты супраць Вучыча.
Сэрбскія ўлады адкідаюць абвінавачаньні ў карупцыі. Яны заяўляюць, што расьсьледуюць сьмяротны інцыдэнт у Нові-Садзе і ўжо арыштавалі каля дзесяці падазраваных, якія займалі высокія пасады.
Вучыч, які імкнецца балянсаваць паміж Расеяй і Захадам, абвінаваціў у падаграваньні пратэстаў неназваныя «замежныя дзяржавы».
«Краіна будзе абаронена, а хуліганы паўстануць перад правасудзьдзем», — заявіў ён журналістам.
Форум