Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: 100 гадоў таму памёр удзельнік паўстаньня Каліноўскага і ганаровы грамадзянін Грэцыі Зыгмунт Мінейка


Зыгмунт Мінейка, 1858 год
Зыгмунт Мінейка, 1858 год

Падзеі 27 сьнежня ў беларускай і ўсясьветнай гісторыі.

Дата дня

100 гадоў таму памёр удзельнік паўстаньня пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага Зыгмунт Мінейка. Ён нарадзіўся на Ашмяншчыне ў 1840-м. Пасьля задушэньня паўстаньня яго выслалі ў Сыбір. Пазьней ён змог перабрацца ў Грэцыю, дзе ўжо змагаўся за незалежнасьць гэтай краіны. За ўнёсак у грэцкую навуку ён атрымаў званьне ганаровага грамадзяніна. Ягоны ўнук Андрэас Папандрэў і праўнук Георгіяс Папандрэў былі прэм’ер-міністрамі Грэцыі. У Ашмянах іміем Мінейкі названая вуліца.

Таксама ў гэты дзень

1831 Чарльз Дарвін узышоў на карабель «Бігль», каб выправіцца ў пяцігадовае падарожжа.

1862 — пачала дзейнічаць першая ў Беларусі чыгуначная лінія Парэчча — Горадня (30 км) і далей да сучаснай мяжы з Польшчай, як частка Пецярбурска-Варшаўскай чыгункі.

1918 — Рада і ўрад БНР пераехалі зь Вільні ў Горадню.

1918 — адбылася нарада работнікаў Белнацкаму, ЦБ беларускіх сэкцыяў і прадстаўнікоў Паўночна-Заходняга абкаму РКП(б). На ёй былі вырашаныя пытаньні ўтварэньня ўраду Савецкай Беларусі ў складзе 16 чалавек.

1932 — у СССР уводзіцца пашпартная сыстэма і абавязковая прапіска па месцы жыхарства. Пасьля кастрычніцкага перавароту 1917 году пашпарты ў Савецкім Саюзе былі адмененыя як адна з праяваў царскай адсталасьці і дэспатызму.

1979 — савецкія войскі ў Афганістане атакавалі палац Тадж-Бек, дзе знаходзіўся прэзыдэнт Хафізула Амін. У выніку Амін быў забіты, а ягону пасаду заняў Бабрак Кармаль, падтрыманы СССР. У гэты ж дзень савецкія войскі ўзялі пад кантроль Кабул.

1994 — у газэце «Свабода» выйшла ананімная паэма «Лука Мудзішчаў — прэзыдэнт».

2019 — у Паставах адкрылі помнік Антону Тызэнгаўзу.

У гэты дзень нарадзіліся:

1459 — Ян I Ольбрахт, кароль польскі з 1492 году.

1571 — Ёган Кеплер, нямецкі матэматык, астраном і оптык

1822 — Люі Пастэр, францускі хімік і бактэрыёляг, заснавальнік сучаснай мікрабіялёгіі ды імуналёгіі. Менавіта Пастэр прыдумаў тое, што цяпер называюць пастэрызацыяй.

1836 — Валер Урублеўскі, адзін з кіраўнікоў паўстаньня 1863–1864 гадоў. Напярэдадні паўстаньня Ўрублеўскі актыўна ўдзельнічаў у стварэньні нелегальнай рэвалюцыйнай арганізацыі на Горадзеншчыне, вёў прапаганду сярод навучэнцаў школы.

1901 — Антон Жэбрак, вучоны-генэтык, акадэмік і прэзыдэнт АН БССР.

1906 — Аляксандра Саковіч, беларуская пісьменьніца ў эміграцыі.

1912 — Уладзімер Кароль, архітэктар (стварыў Галоўпаштамт у Менску і іншыя вядомыя будынкі).

1919 — Галіна Макарава, беларуская акторка, народная артыстка Беларусі.

1923 — Анатоль Вялюгін, беларускі паэт і перакладнік.

Падчас IV зьезду беларускіх пісьменьнікаў. Зьлева направа: П. Кабзарэўскі, Р. Бярозкін, Н. Кісьлік, Р. Барадулін, А. Вялюгін, У. Дубоўка, Ю. Багушэвіч.
Падчас IV зьезду беларускіх пісьменьнікаў. Зьлева направа: П. Кабзарэўскі, Р. Бярозкін, Н. Кісьлік, Р. Барадулін, А. Вялюгін, У. Дубоўка, Ю. Багушэвіч.

1931 — Юры Карачун, мастак-графік, на працягу 20 гадоў дырэктар мастацкага музэя ў Менску.

1956 — Аляксандар Рогалеў, мовазнавец.

У гэты дзень памерлі:

1633 — Мялеці Сматрыцкі, пісьменьнік-палеміст, рэлігійны дзяяч.

1924 — у Парыжы памёр Леў Бакст, мастак.

1925 — беларускі паўстанец Зыгмунт Мінейка, які падчас паўстаньня Каліноўскага быў вайсковым кіраўніком у Ашмянскім павеце, а пасьля ўдзельнічаў у вайне Грэцыі з Турцыяй за востраў Крыт і стаў ганаровым грамадзянінам Грэцыі.

1964 — Мікалай Чуркін, беларускі кампазытар і фальклярыст, народны артыст Беларусі.

1980 — Антон Антановіч, мовазнавец, дасьледнік мовы аль-кітабаў.

1998 — Навум Кісьлік, беларускі пісьменьнік.

2010 — у аўтакатастрофе загінула паэтка і журналістка Тацяна Сапач.

Тацяна Сапач
Тацяна Сапач

2020 — Леанід Заіка, эканаміст, аналітык.


Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG