У Беларусі ўпершыню за часы незалежнасьці дазволілі паляваць на мядзьведзяў — у некаторых раёнах Віцебскай і Менскай вобласьцяў. Улады патлумачылі гэта тым, што колькасьць мядзьведзяў расьце і нібыта яе трэба рэгуляваць. Яшчэ адна прычына — патрэба нібыта «прыбіраць праблемных асобінаў», якія могуць заходзіць у вёскі ці нават гарады.
«Мядзьведзь — гэта буйны драпежнік, і ён выклікае пэўную занепакоенасьць: недзе пчальнікі разбурае, недзе народ пужае», — казаў раней прадстаўнік Міністэрства лясной гаспадаркі Аляксандар Казарэз.
Адначасова ён назваў мядзьведзяў «рэсурсам», якога стала больш і якім можна карыстацца.
На пачатак 2025 году ў Беларусі жылі 1066 мядзьведзяў, як паведамляе Міністэрства лясной гаспадаркі. Да канца гэтага году, паводле закону, можна забіць каля 20 асобінаў любога полу і ўзросту.
Ахвотных упаляваць буйнога зьвера шмат. Таму паміж імі праводзяць розыгрыш. Заяўкі падалі ўжо 260 чалавек, сярод іх былы міністар унутраных справаў Ігар Шуневіч і ягоная жонка Тацяна. Застрэлілі ўжо дваіх мядзьведзяў на Віцебшчыне і ў Барысаўскім раёне. Новыя розыгрышы і паляваньні плянуюць ладзіць штотыдзень. Выпадкова абіраюць па 7-8 чалавек.
Сэлекцыя наадварот
Беларускі эколяг Яўген* (імя зьмененае дзеля бясьпекі суразмоўцы. — РС) расказаў Свабодзе, што ў цяперашнім выглядзе дазвол паляваць на мядзьведзя не пагражае папуляцыі ў Беларусі.
«Яны яго ня выб’юць. Гэта не прывядзе да вынішчэньня мядзьведзя», — кажа суразмоўца.
Аднак такое трафэйнае паляваньне, паводле яго, паўплывае на структуру папуляцыі, бо падчас яго выбіваюць перадусім дарослых, топавых самцоў.
«Фактычна жывёлін забіваюць мала адносна агульнай колькасьці, але забіваюць найлепшых самцоў. Будзе так званая сэлекцыя наадварот. Гэтак усюды, дзе ёсьць трафэйнае паляваньне. У Беларусі дазволена трафэйнае паляваньне на аленяў і ласёў, якія маюць рогі. Вядома, усе хочуць найлепшыя рогі. Ёсьць зьвесткі, што пры такім паляваньні і рогі драбнеюць, і самцы драбнеюць, і полавая, і ўзроставая структура парушаецца: павялічваецца колькасьць дарослых самак адносна дарослых самцоў», — адзначае эколяг.
Але ён заўважае, што ў Беларусі ніхто навукова не дасьледуе мядзьведзяў. Таму афіцыйныя лічбы колькасьці гэтых зьвяроў выклікаюць у яго сумнеў. Ён дадае, што таксама няма маніторынгу колькасьці сустрэч мядзьведзя зь людзьмі, што дазволіла б ацаніць небясьпеку ад гэтых жыхароў лесу. Паводле навукоўца, калі цяпер вестак пра сустрэчу з бурым больш, то неканечне праз рост папуляцыі, а праз магчымасьць падзяліцца ў сацыяльных сетках.
Эколяг адзначае, што нормы, колькі мядзьведзяў дастаткова для такой краіны, як Беларусь, няма. Але ён не выключае, што навукоўцы могуць «прыдумаць» і абгрунтаваць такія лічбы.
«Калі мядзьведзя зашмат, тады яго ўзаемадзеяньне з навакольным асяродзьдзем і з чалавекам стварае апошняму пэўныя складанасьці. Зашмат мядзьведзя для чалавека тады, калі ёсьць няшчасныя выпадкі або ў лес няма як зайсьці. Але такога нічога няма. Людзі, якія ходзяць у лес, кажуць, што сустрэчаў зь ім многа ня стала», — кажа Яўген.
Эколяг таксама сумняваецца, што паляваньне дазволілі, каб рэгуляваць колькасьць мядзьведзяў у краіне.
«Калі ты хочаш паменшыць колькасьць, прыкладам, аленяў у Белавескай пушчы — іх дзьве тысячы, а трэба паўтары — маеш мэтавы ўзровень, ідзеш і забіваеш лішак. А тут няма месца, куды яны хочуць прыйсьці», — тлумачыць навуковец.
Ён пярэчыць словам чыноўнікаў пра тое, што паляўнічыя цяпер забіваюць нейкіх праблемных мядзьведзяў: яны «ідуць і забіваюць там, дзе яго прасьцей забіць».
Эколяг перакананы: няма падставаў лічыць, што мядзьведзю стала лепш жыць у Беларусі і што ён стаў праблемай для краіны. Ён тлумачыць, што арэал мядзьведзяў не пашырыўся.
«У Налібацкай пушчы іх ня стала больш. За Налібацкую пушчу яны ня выйшлі. Яны не прыйшлі ў Белавескую пушчу. Калі б мядзьведзю стала лепш, мы б гэта пабачылі. Ён стаў бы сустракацца там, дзе раней не сустракаўся», — расказвае суразмоўца.
Ён тлумачыць, што мядзьведзь знаходзіцца ў Беларусі на мяжы свайго арэалу: на поўначы краіны ён яшчэ ёсьць, але ўжо на поўдні яго няма, няма нават каля Менску. Гэты від таксама сустракаецца ў Расеі, краінах Балтыі, у польскіх гарах.
«На мяжы арэалу від ніколі ня можа пачувацца добра. На мяжы ён асабліва ўразьлівы да кліматычных зьменаў і іншых фактараў», — кажа суразмоўца.
На думку экспэрта, рэальная прычына дазволу паляваньня на мядзьведзя — не небясьпека і рэгуляцыя колькасьці, а забава і спартовы інтарэс. Паводле яго, гэта дзіўна рабіць, калі ўва ўсім сьвеце, наадварот, скарачаюць паляваньне.
«Ты забіваеш для радасьці. Па меры разьвіцьця цывілізацыі расьце чалавечая сьвядомасьць. Агульны трэнд — выключэньне відаў са сьпісу паляўнічых. У некаторых разьвітых краінах паляваньне як зьява зьнікае. Адзіная прычына, дзеля якой на яго (мядзьведзя. — РС) палююць: паляўнічыя атрымліваюць асалоду ад гэтага», — разважае Яўген.
Ён падкрэсьлівае, што ня бачыць прыродаахоўнай функцыі ў дазволе паляваць на мядзьведзяў.
«Так у нашым грамадзтве прапагандуецца тое, праяваў чаго не хацелася б. Хацелася б, каб мы ішлі ў нармальны цывілізаваны сьвет… Нашая сыстэма выносіць гэта на хвалі наверх і як быццам ганарыцца гэтым. А папраўдзе гэта ўсё антыгеройства», — мяркуе Яўген.
Калі мядзьведзя забіць трэба
Эколяг кажа, што ёсьць выпадкі, калі мядзьведзя трэба забіваць.
«Мядзьведзь, які забіў чалавека, павінен быць забіты, бо такая мадэль паводзінаў можа паўтарацца», — кажа ён.
Суразмоўца тлумачыць, што ў тых краінах, дзе мядзьведзяў шмат і адбываюцца іх небясьпечныя ўзаемадзеяньні з чалавекам, ёсьць пратаколы дзеяньняў у такіх сытуацыях. Ступені небясьпекі розныя: мядзьведзь можа проста выходзіць да людзей у вёску, можа задзіраць хатнюю жывёлу, можа нападаць на чалавека, забіваць яго.
Існуюць розныя захады, каб вярнуцца да бясьпекі.
«Ты спачатку сабаку заводзіш, напрыклад. Альбо ты яго адпужваеш. Альбо — у Румыніі яны ловяць яго і вывозяць кудысьці далей», — кажа суразмоўца.
Чалавеку варта памяняць свае паводзіны, якія могуць прывабліваць мядзьведзя, прыкладам, перастаць выкідваць харчовае сьмецьце ў даступных месцах каля вёскі. Мядзьведзя спрабуюць адпужаць, каб ён адчуў небясьпеку ў гэтым месцы і перастаў прыходзіць, — прыкладам, страляюць у паветра. У яго могуць стрэліць гумовай куляй, каб ён адчуў боль. У некаторых краінах ёсьць праграмы дапамогі ў завядзеньні вялікіх сабак, якія адпужваюць мядзьведзяў ад авечых чародаў.
Забіць мядзьведзя — апошні крок у шэрагу гэтых захадаў, перакананы эколяг.
«Забойства — гэта апошняе, на што ты ідзеш, калі разумееш, што больш нічога ня можаш зрабіць, а пакінуць так, як ёсьць, таксама ня можаш, бо гэта праблема. Мядзьведзь прыходзіць кудысьці і нішчыць, і нішчыць, і нішчыць. Ты можаш забіць такога мядзьведзя без пагрозы для папуляцыі», — тлумачыць Яўген.
У некаторых краінах мядзьведзяў забіваюць з прычыны няшчасных выпадкаў. У Беларусі ж, падкрэсьлівае суразмоўца, такіх выпадкаў няма.
«У нас з вайны (Другой усясьветнай. — РС) не было выпадкаў, каб мядзьведзь забіў чалавека. Былі выпадкі, калі сабакі забівалі чалавека, і бабёр нават забіў, і дзікі забівалі. Але не было ніводнага выпадку, калі мядзьведзь забіў, ці воўк забіў, ці рысь забівала», — падкрэсьлівае знаўца.
Фота зь мёртвым мядзьведзем
Паводле патрабаваньняў да паляваньня на мядзьведзя, калі на паляваньні яго застрэлілі, то для фіксацыі гэтага забітага зьвера абавязкова трэба сфатаграфаваць разам з паляўнічым і кіраўніком паляваньня. Таксама на фота павінен прысутнічаць нумар выдадзенага для паляваньня дазволу. Фота з упаляванымі мяьдзведзямі Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў публікуе на сваёй афіцыйнай старонцы.
Псыхоляг зь Беларусі Павал* (імя зьмененае дзеля бясьпекі суразмоўцы. — РС) пракамэнтаваў, як могуць характарызаваць паляўнічых такія фатаздымкі з забітым зьверам. Ён адзначае, што публікацыя такіх здымкаў гаворыць пра каштоўнасьці чалавека. Магчымыя некалькі варыянтаў.
«Па-першае, жаданьне прызнаньня. Публікацыя фота можа быць спробай паказаць мужнасьць, перавагу над прыродай, статус ці прыналежнасьць да пэўнай групы, напрыклад, да паляўнічага кола», — расказвае Павал.
Па-другое, дэманстрацыя кантролю і сілы. Мядзьведзь — магутная жывёла, што выклікае архетыповы страх і павагу, гэта валадар лесу. Паказальна забіць яго — трыюмф над «дзікай прыродай». Гэта можа быць спробай кампэнсацыі ўласнай уразьлівасьці ці няўпэўненасьці, працягвае адмысловец.
«Па-трэцяе, сымбалічнае прысваеньне: сфатаграфаваць забітага мядзьведзя — гэта ў пэўным сэнсе „зьесьці“ яго, каб ён стаў часткаю мяне. Толькі калі я ем ягонае мяса, то раблюся большым фізычна. А калі забіў і сфоткаў — я „ем“ яго моц і ўзьвялічваю сябе псыхалягічна», — дадае псыхоляг.
Па-чацьвертае, успрыняцьце жывёлаў як аб’ектаў, а не суб’ектаў. Паляўнічы можа ня бачыць у мядзьведзі істоты з каштоўнасьцю жыцьця. Таму не адчувае віны, ня мае эмпатыі. У гэтым выпадку чалавек можа і ня думаць пра нейкія глыбокія сэнсы: забіць і сфатаграфаваць — проста «прыкольна», адзначае спэцыяліст.
«Паляваньне — старажытная справа чалавека, традыцыя і культура, якая заслугоўвае павагі. Але ў сучасным сьвеце клясычнае паляваньне страціла неабходнасьць — і стала хобі. Якое, аднак, выглядае дзіўнавата, бо замест забойства дзеля забавы ёсьць больш сучасныя формы „паляваньня“, кшталту назіраньня за птушкамі і фатаграфаваньня», — заўважае Павал.
На ягоную думку, хваліцца такімі фота ў сацыяльных сетках — знак недахопу псыхалягічнай культуры і этыкі.
«Мы забіваем курэй і сьвіней, каб есьці, але чамусьці ніхто не публікуе фотак з бойняў», — зьвяртае ўвагу ён.
Паводле псыхоляга, узьдзеяньне такіх фота на гледачоў залежыць ад іхнага сьветапогляду.
«Эмпатычныя людзі з экалягічнай пазыцыяй адчуюць гнеў, жах, смутак або бессэнсоўнасьць учынку, могуць траўмавацца. Людзі, якія падтрымліваюць паляваньне, могуць успрыняць гэта як нармальную або нават ганаровую зьяву. Часты прагляд такіх фота падтрымлівае прывыканьне да вобразаў сьмерці, што можа зьніжаць суперажываньне і нармалізаваць забаўляльны гвалт над жывёламі, а апасродкавана — нават над людзьмі», — тлумачыць Павал.
У Румыніі й Славаччыне дазволілі паляваць пасьля гібелі людзей
У Літве паляваць на мядзьведзяў забаронена. Сёлета ў чэрвені ўрад Літвы дазволіў забіць маладую мядзьведзіцу, якая некалькі дзён хадзіла па Вільні, пераходзіла цераз шашу, заходзіла ў двары дамоў. Аднак паляўнічыя адмовіліся гэта зрабіць, бо ў краіне жывуць усяго 5-10 асобінаў гэтага віду. Апошняга мядзьведзя ў Літве застрэлілі ў 1883 годзе.
У Польшчы нельга паляваць на бурых мядзьведзяў. Аднак іх можна забіваць у надзвычайных выпадках, калі зьвяры нясуць небясьпеку людзям, і калі іншыя спосабы, як адстрашваньне або адлоў, не дапамаглі. Сёлета ў ліпені польскія ўлады далі дазвол на адстрэл трох мядзьведзяў у гарах Бяшчадах. Там мядзьведзі заходзяць у вёскі паблізу мяжы з Славаччынай. Дазвол дзейнічае да канца наступнага году. Пакуль пра факт адстрэлу невядома. Частка жыхароў Польшчы пратэстуе супраць адстрэлу. Усяго ў Польшчы жывуць 200-280 мядзьведзяў.
У Латвіі паляваньне на мядзьведзяў забаронена з 1977 году. У пачатку ХХ стагодзьдзя гэты від амаль цалкам зьнік у краіне. Але цяпер яго колькасьць вырасла прыкладна да 120 асобінаў. У краіне пачалі абмяркоўваць дазвол паляваць на гэтага зьвера, аднак прыродаахоўны орган выступіў супраць. Каб абараніць жытло ад мядзьведзяў, жыхарам Латвіі раяць ставіць электрычныя агароджы. Двум пчалярам, чый пчальнік летась абрабавалі мядзьведзі, дзяржава кампэнсавала больш за 4 тысячы эўра.
У Румыніі летась дазволілі паляваць на мядзьведзяў. Гэта здарылася пасьля таго, як мядзьведзь забіў 19-гадовую турыстку ў нацыянальным парку ў румынскіх Карпатах. За 2024–2025 гады можна забіць да 480 мядзьведзяў. Папуляцыя бурага мядзьведзя ў Румыніі адна з найбольшых у Эўропе — 8 тысяч асобінаў.
Сёлета ўлады Славаччыныдазволілі паляваць на мядзьведзя, які ўпісаны ў Чырвоную кнігу і якога ахоўвалі з 1932 году. Зьмены ў заканадаўства ўвялі пасьля таго, як сёлета ў сакавіку мядзьведзь забіў 59-гадовага мужчыну, які гуляў непадалёк ад гораду. Да канца году ў краіне дазволілі забіць 350 мядзьведзяў. Усяго ў Славаччыне жывуць каля 1300 асобінаў бурага мядзьведзя.
Форум