Дзе ў Беларусі могуць пабудаваць сховішча ядзерных адкідаў, чаму электраэнэргія пасьля пабудовы АЭС не патаньнела, пра што сьведчаць пэрыядычныя адключэньні станцыі і што рабілі грамадзкія арганізацыі — у матэрыяле Свабоды пра БелАЭС і дыктатуру.
У гэтым тэксьце з цыклю «Сьляды» Свабода расказвае, як беларуская дзяржава праз атамную станцыю ў Астраўцы шкодзіць людзям і прыродзе.
А менавіта:
- дзе могуць пабудаваць могільнік ядзерных адкідаў і што зь ім можа быць ня так;
- чаму электраэнэргія падаражэла, а атамная станцыя не дапамагае эканоміць;
- як раней дзякуючы аднаму чалавеку замянілі пашкоджаны корпус рэактара БелАЭС, а эколягі выйгралі суд у дырэкцыі атамнай станцыі.
Праект Свабоды «Сьляды» — пра тое, як аўтарытарнае кіраваньне ў Беларусі шкодзіць ня толькі чалавеку, але і прыродзе. У гэтым цыклі мы раскажам пра беларускія лясы, балоты і ўплыў Астравецкай АЭС на навакольнае асяродзьдзе.
«Я ўспамінаю зьліў архіву КДБ. Знайшоў там даносы, зьвязаныя з АЭС (у Астраўцы. — РС). Там, мабыць, расейскія інжынэры скардзіліся ў КДБ на сытуацыю з АЭС. Што крадзяжы, карупцыя, вельмі недасьведчаная праца, нізкая кампэтэнтнасьць. Там чалавек пералічваў, чаго не купілі, што купілі не такое, чаго нельга было купляць, а купілі і ўсталявалі», — успамінае ў размове з Свабодай навуковец Сяргей Бесараб.
Пабудаваць атамную станцыю ў Беларусі вырашылі ў 2008 годзе на Савеце бясьпекі на чале з Лукашэнкам. Абралі месца на мяжы зь Літвой, каля Астраўца. Як высьветлілася, на адной з самых сэйсьмічна небясьпечных пляцовак.
Пабудова АЭС суправаджалася шэрагам інцыдэнтаў. У 2016 годзе там упаў корпус рэактара. Пасьля розгаласу яго замянілі на іншы. Калі чыгункай везьлі новы корпус, ён сутыкнуўся з слупом, але корпус ўсё адно ўсталявалі. Вядома пра сьмерць чатырох работнікаў падчас будаўніцтва станцыі. У 2020 годзе каля 100 работнікаў АЭС з Расеі шпіталізавалі з каранавірусам.
БелАЭС будавалі за расейскія грошы. Запусьцілі першы энэргаблёк 7 лістапада 2020 году, калі ў Беларусі яшчэ ішлі пратэсты пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Запуск другога адбыўся ў траўні 2023 году. Чыноўнікі заяўляюць, што цяпер атамная станцыя забясьпечвае 40% электраэнэргіі ў краіне.
«БелАЭС нясе рызыкі праз брак празрыстасьці, праз інстытуцыянальную залежнасьць рэгулятара ад Расеі. Самае горшае — гэта палітызаванасьць кантролю. Хай бы сабе ў нас быў дасьведчаны кіраўнік. Але гэта абсалютна малаадукаваны цемрашал. Такая высокатэхналягічная, высокарызыкоўная галіна, як АЭС, залежыць ад такога блазна», — кажа Сяргей Бесараб.
Могільнікі
Амаль пяць гадоў таму пачала працаваць атамная станцыя ў Астраўцы. Але дагэтуль невядома, дзе будуць доўгатэрмінова захоўваць адпрацаванае ядзернае паліва і іншыя радыяактыўныя адкіды зь яе. Такое сховішча спатрэбіцца ўжо ў 2030 годзе, бо ў часовых сховішчах каля самой станцыі можна захоўваць адкіды толькі каля 10 гадоў.
«Незалежныя эколягі ў 2019 годзе, калі ішло абмеркаваньне стратэгіі захаваньня рэактарных адкідаў, спыталі: „Хлопцы, а чаму ў вас няма сховішча для прамежкавага захоўваньня паліва? Як такое можа быць?“ На гэта былы намесьнік галоўнага інжынэра (Аляксандар) Парфёнаў сказаў: надзея на тое, што Расея будзе своечасова забіраць цягнікамі гэтае паліва. Тыя, хто былі ў тэме, схапіліся за галаву», — успамінае Бесараб.
Ён мяркуе, што для Расеі гэта — магчымасьць шантажу. Не было дакладных дамоваў, а толькі надзея. Спачатку ішлі размовы пра тое, што адпрацаванае паліва, магчыма, будзе забіраць сабе Расея. Аднак пазьней стала ясна, што могільнік пабудуюць у Беларусі.
«Краіна, якая ўвязалася ў ядзерна-энэргетычны праект, павінна разумець, што адкіды зь ёю застануцца назаўсёды… Гэта (закране) дзясяткі пакаленьняў», — кажа Бесараб.
Асноўную шкоду радыяактыўныя адкіды могуць прынесьці ў адкладзены пэрыяд ад 30 да 100 гадоў. То бок для Беларусі гэты пэрыяд можа пачацца ў 2060 годзе, адзначае навуковец.
Могільніку дагэтуль няма. Яшчэ няясна, дзе ён будзе знаходзіцца і ў якім выглядзе. На думку навукоўца Сяргея Бесараба, абяруць форму прыпаверхневага сховішча, як у Расеі, бо беларускія чыноўнікі расказваюць пра досьвед расейцаў. Яго будуюць на невялікай глыбіні — ад некалькіх мэтраў да трыццаці.
«Канава ў зямлі, забэтанаваная, і нічога іншага. Ніякіх ноў-хаў і вынаходзтваў у Беларусі дакладна ня будзе. Прыпаверхневае сховішча — гэта найгоршы варыянт, бо ён залежыць ад клімату. А клімат у Беларусі ўжо зьмяняецца відавочна. Такое сховішча ўразьлівае і для сэйсмічных фактараў, і для антрапагенных, то бок ваеннай агрэсіі, яшчэ нечага», — разважае навуковец.
Пад узьдзеяньнем клімату, тлумачыць суразмоўца, бэтонная абалонка можа раскалоцца. Праз шчыліны радыяцыя можа трапіць у паверхневыя воды і так распаўсюдзіцца. Расейцы, зазначае ён, кажуць, што такая абалонка можа вытрымаць да ста гадоў. Першыя працёкі праз шчыліны зьявяцца праз 50–70 гадоў. А пэрыяд паўраспаду радыянуклідаў у ядзерных адкідах складае сотні тысяч гадоў.
Сёлета ў канцы сакавіка стала вядома, што ў Беларусі разглядаюць тры пляцоўкі для сховішча ядзерных адкідаў. Першая — Палескі радыяцыйна-экалягічны запаведнік, то бок ужо забруджаная радыяцыяй чарнобыльская зона. Другі варыянт — каля БелАЭС у Астравецкім раёне, трэці — пляцоўка на Магілёўшчыне.
Суразмоўца зьвяртае ўвагу, што ўлады дагэтуль не канкрэтызавалі, якія ўчасткі разглядаюць. А засталося каля пяці гадоў, каб падрыхтаваць могільнік.
На ягоную думку, найгоршае месца — гэта Астравецкі раён, дзе месьцяцца Сарачанскія азёры з унікальнай флёрай і фаўнай. Яны лічацца чыстымі азёрамі, іх мала закранула Чарнобыльская аварыя. Але калі там пабудуюць сховішча, то зь яго можа лёгка распаўсюдзіцца радыяцыя.
«Там пяшчаныя глебы. Высока залягаюць паверхневыя воды, азёры», — кажа навуковец.
Пры гэтым у Астравецкім раёне, як ён думае, «ядзерна ляяльнае насельніцтва», якое, хутчэй за ўсё, ня будзе супраціўляцца пабудове сховішча.
Калі могільнік будуць ствараць у Чарнобыльская зоне, тады асноўны радыяцыйны ўдар прымуць на сябе ягоныя будаўнікі, мяркуе суразмоўца.
Зь ягоных словаў, ёсьць думка, што сховішча могуць пабудаваць у Гомлі, на месцы савецкага аб’екту «Гомель-30». Там захоўвалі ядзерную зброю і радыяактыўныя матэрыялы. Гэты варыянт запатрабаваў бы найменш укладаньняў. Аднак, на думку суразмоўцы, такое сховішча ў горадзе можа прывесьці да пратэстаў гомельцаў.
Электраэнэргія падаражэла
Адна з прычынаў, якімі ўлады Беларусі тлумачылі патрэбу ў БелАЭС, — таньнейшая, чым на газе, вытворчасьць электраэнэргіі. Аднак са зьяўленьнем атамнай энэргіі цэны на электрычнасьць для насельніцтва ў Беларусі вырасьлі. У пачатку 2020 году (да запуску АЭС) электраэнэргія для жыхароў кватэраў з электраплітамі, бязь дзённых і начных тарыфаў каштавала 0,1616 рублёў за кілават/гадзіну, а ў пачатку 2025 году — 0,2412 рублёў за кВ/г. То бок цана вырасла амаль на 50%.
Сяргей Бесараб тлумачыць, што адна з прычынаў — у тым, што станцыя пэрыядычна прастойвае. Рэгулярна зьяўляюцца навіны пра тое, што Астравецкую АЭС перазапускаюць. Першы энэргаблёк адключалі па адным ці некалькі разоў штогод пасьля запуску, усяго 12 разоў з пачатку працы. Чыноўнікі часта тлумачаць гэта плянавымі рамонтамі, якія могуць ісьці па некалькі месяцаў.
Навуковец мяркуе, што гэтыя перазапускі сьведчаць пра сыстэмныя інжынэрныя і эксплюатацыйныя збоі, пра нізкі ўзровень надзейнасьці станцыі. Ён дадае, што перазапускі рэактараў павялічваюць знос абсталяваньня, а таксама выкіды радыёнукліідаў.
«Чыноўнікі спрабуюць гэта выдаць за нешта звычайнае. Але чалавек, які ў гэтай тэме, бачыць жахлівую сыстэму. Вядома, гэтыя цыклі абсалютна ненармальныя. Пуск, запуск, перазапуск», — кажа суразмоўца.
Траты на рамонты, прастой, перазапускі станцыі, паводле яго, вядуць да неэфэктыўнага расходаваньня бюджэтных сродкаў, да вялікіх выдаткаў.
«Калі АЭС працуе, яна дае вам грошы. Калі АЭС стаіць, яна жарэ вашыя грошы. З усіх АЭС, пабудаваных „Росатамам“, ніводная не прастойвала столькі часу, як Беларуская. Ні ў воднай з АЭС, пабудаваных гэтай расейскай карпарацыяй, не было столькі праблемаў і такога часу прастояў, як у БелАЭС», — кажа ён.
Навуковец запэўнівае, што тарыфы на электранэргію ня будуць зьніжацца і ў будучыні, бо ў яе кошт уваходзяць ня толькі затраты на генэрацыю электраэнэргіі, але і выдаткі на абслугоўваньне станцыі, ліквідацыю аварыяў, дый на імпарт паліва з Расеі.
Менш энэргіі, чым плянавалі ў праекце
Беларускія чыноўнікі расказалі летась, што АЭС забясьпечвае 40% патрэбаў краіны ў электраэнэргіі. Аднак навуковец Бесараб мяркуе, што гэта папулісцкая заява.
«Гэта некарэктна. Гэта абсалютны папулізм, не абгрунтаваны ніякімі эканамічнымі разьлікамі. Кожны адэкватны чалавек скажа, што так ня лічыцца, што гэта нейкія бздуры. Дзе ёсьць зноска-зорачка з пазнакай, як гэта падлічана? Абсалютна непразрыстыя разьлікі. Яны кідаюць нейкія лічбы, як сабацы костку: да 40% электраэнэргіі. Гэтая лічба маніпулятыўная і папулісцкая. Яна ня кажа ні пра што», — сьцьвярджае Бесараб.
Ён тлумачыць, што станцыя выпрацоўвае менш энэргіі, чым гэта заяўлялася ў праекце. БелАЭС мелася напоўніцу выпрацоўваць 18 мільярдаў кіляват-гадзін у год. Але пакуль ні за які год станцыя столькі ня выпрацавала. За ўвесь час працы АЭС (больш за два гады працы першага энэргаблёку і два гады працы абодвух энэргаблёкаў) яна вырабіла менш за 45 мільярдаў кВт·г электраэнэргіі.
Што рабілі эколягі
У ліпені 2016 году на Беларускай атамнай станцыі плянавалі ўсталяваць корпус першага рэактара. Аднак той упаў з вышыні некалькіх мэтраў. Пра гэта грамадзкасьць даведалася ад мясцовага актывіста, які напісаў пра інцыдэнт у сетках. Чыноўнікі апісалі здарэньне так: «корпус прасьлізнуў па стропах і сутыкнуўся зь зямлёй». У выніку розгаласу Расея мусіла замяніць корпус рэактара.
Калі новы корпус рэактара везьлі чыгункай у Беларусь, цыліндар зачапіў слуп па дарозе. Інфармацыя пра гэта спачатку зьявілася неафіцыйна, ад відавочцаў, пазьней яе пацьвердзілі адказныя службы.
Гэта прыклады таго, як дзякуючы актывістам і нават проста сьведкам здарэньняў грамадзтва даведвалася пра важныя падзеі, зьвязаныя з АЭС, і нават часам уплывала на далейшыя рашэньні.
Сузаснавальніца найстарэйшай беларускай экалягічнай арганізацыі «Экадом» Ірына Сухій расказала Свабодзе, што эколягі рэагавалі на ідэю пабудовы БелАЭС з самага пачатку, з 2006 году, калі яшчэ нават не было рашэньня, але пра яе пабудову ўжо пачалі ўсур’ёз гаварыць.
Яны з паплечнікамі тады напісалі ліст у Міністэрства энэргетыкі пра тое, што ў такіх пытаньнях неабходны ўдзел грамадзкасьці, як таго патрабуе Оргуская канвэнцыя, і што «Экадом» можа дапамагчы арганізаваць грамадзкія слуханьні.
«Тады было вельмі весела… Мы атрымалі ліст, у якім гаварылася, што мы павінны працаваць з радыяфобіяй, якая ёсьць у беларускага насельніцтва, і патлумачыць людзям, што АЭС — гэта цудоўна», — успамінае Ірына Сухій.
Тады Беларусь яшчэ ўдзельнічала ў Оргускай канвэнцыі. «Экадом» таксама быў сябрам грамадзкай канстытуцыйнай рады пры Міністэрстве прыроды. Пры патрэбе эколягі выкарыстоўвалі міжнародныя мэханізмы, пісалі пра парушэньні ў Асацыяцыю незалежных рэгулятараў энэргетыкі.
Калі стала зразумела, што БелАЭС дакладна пачнуць будаваць, паўсталі ініцыятывы «Навукоўцы за бязьядзерную Беларусь», «Астравецкая АЭС — гэта злачынства».
«Мы ня здолелі спыніць будаўніцтва АЭС, але, выкарыстоўваючы Оргускую канвэнцыю, змаглі значна палепшыць заканадаўства аб магчымасьці грамадзкага ўдзелу ў прыняцьці экалягічна значных рашэньняў», — кажа суразмоўца.
Эколягі, навукоўцы, актывісты ладзілі грамадзкія абмеркаваньні на тэму будаўніцтва БелАЭС. Дамагаліся атрымаць доступ да дакумэнтацыі на тэму, прыкладам, да ацэнкі ўплыву АЭС на навакольнае асяродзьдзе (анг. EIA). Расказвалі потым людзям аб праблемах станцыі.
Чыноўнікі спачатку не давалі зручнага доступу да дакумэнтаў. Актывістам не далі іх у электронным выглядзе, але дазволілі прыходзіць чытаць паперы ў 13 тамах, успамінае Ірына Сухій.
Яны тады нават зьвярнуліся ў суд, бо ім выдалі дакумэнты ня ў тым выглядзе, у якім яны патрабавалі. Суд выйгралі. Пасьля гэтага дырэкцыя АЭС разьмясьціла скарочаную копію EIA на сайце.
«Мы тады пісалі мясцовым уладам, каб яны зрабілі асобную ўкладку на сайце „Грамадзкае абмеркаваньне“, каб людзі маглі лёгка знайсьці гэтыя абвесткі. Якія была цудоўныя часы! Мы рэальна ўплывалі на тое, што адбывалася ў Беларусі», — кажа Сухій.
Прафэсар Георгі Лепін, удзельнік гэтай ініцыятывы, знайшоў дакумэнт аб пляцоўках пад будаўнітва. Зь яго вынікала, што для атамнай станцыі абралі адну з самых небясьпечных тэрыторыяў, на якой раней здараліся землятрусы.
Паводле EIA, БелАЭС вытрымае падзеньне самалёта. Аднак эколягі зьвярнулі ўвагу на яго характарыстыкі.
«Калі ты глядзіш на гэты самалёт, то гэта кукурузьнік. А каля Астравецкай станцыі на пасадку ў Віленскі аэрапорт заходзяць Боінгі. Калі ўпадзе Боінг, то гэта зусім іншага ўзроўню самалёт. Такую АЭС будуюць цяпер у Турэччыне, і там зусім іншыя парамэтры бясьпекі… Да 2021 году ў Беларусі можна было на нешта ўплываць, хай і не на скасаваньне будаўніцтва АЭС, але сачыць за тым, што адбываецца, падымаць пытаньні ў мэдыя», — кажа Ірына Сухій.
Экаактывістаў, якія займаліся тэмай АЭС, перасьледавалі, ім перашкаджалі. У 2009 годзе на грамадзкія слуханьні аб АЭС у Астраўцы прыехаў фізык-ядзершчык з Расеі Андрэй Ажароўскі. З успамінаў Ірыны Сухій, амаль усе месцы ў залі загадзя занялі «правільныя людзі, якіх прывезьлі з прадпрыемстваў». Але актывісты туды ўсё адно трапілі.
Ажароўскага тады ў Астраўцы затрымалі нібыта за «дробнае хуліганства» і арыштавалі на 7 дзён. Пасьля чарговага затрыманьня навукоўца ў 2012 годзе яго дэпартавалі з Беларусі і забаранілі ўезд на 10 гадоў. У 2012 годзе, калі ў Беларусь прыяжджаў прэзыдэнт Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў, група эколягаў хацела перадаць яму зварот, датычны БелАЭС, аднак іх усіх затрымалі ў розных месцах, успамінае Ірына Сухій.
Адной з ініцыятываў было адсочваць радыяцыю ля БелАЭС самастойна. Мясцовыя жыхары ўсталёўвалі ў сябе ў дварах радыяцыйныя індыкатары, якія паказвалі ўзровень выпраменьваньня ня толькі офлайн, але і онлайн, для ўсіх.
«Калі там будзе сур’ёзны выцек, то гэта, вядома, будзе заўважна на датчыках. Па-мойму, на жаль, шмат людзей, у якіх стаялі гэтыя дазімэтры, зьехалі, і дазімэтры адключыліся… Але выцекі радыяцыі нам Літва ўсё адно дыягнастуе, бо радыяцыйныя дазімэтры стаяць на мяжы зь Беларусьсю», — кажа суразмоўца.
Пасьля зьнішчэньня ў 2021 годзе экалягічных арганізацыяў і ад’езду актывістаў людзям стала складаней атрымліваць інфармацыю пра АЭС. Аднак, прыкладам, «Экадом» не прызнае сваёй ліквідацыі ў Беларусі і працягвае экалягічную дзейнасьць за мяжой. Сёлета актывісты правялі аналяг традыцыйнага для Беларусі Чарнобыльскага шляху — мітынг і прабег на роварах у Вільні.
«Мне проста баліць, калі пілуюць стогадовыя дрэвы. Ёсьць адчуваньне повязі, таго, што мы частка зямлі як агульнай экасыстэмы. І калі мы ніяк не навучымся жыць у гармоніі, калі чалавецтва не навучыцца быць часткай гэтага сьвету, тады, напэўна, зьнікне папуляцыя чалавецтва з плянэты Зямля. У чым сэнс зарабіць яшчэ больш грошай, мільярдаў? Сэнс — жыць ў гармоніі і разуменьні Зямлі як цэлага, як часткі сябе. У гэтым больш сэнсу і, мне здаецца, больш радасьці», — кажа Ірына Сухій.
Форум