Чаму натуральных лясоў у Беларусі становіцца меней, пры тым што агульная плошча лясных масіваў расьце. Чаму ўлады шкодзяць лесу, калі саджаюць сосны, і пры чым тут бураломы. Што зьмянілася для беларускіх лясоў пасьля 2020 году і як ліквідацыя «Аховы птушак Бацькаўшчыны» замінае Беларусі прадаваць драўніну на Захад.
Свабода ў цыклі «Сьляды» расказвае, як беларуская дзяржава шкодзіць лясам.
Праект Свабоды «Сьляды» — пра тое, як аўтарытарнае кіраваньне ў Беларусі шкодзіць ня толькі чалавеку, але і прыродзе. У гэтым цыклі мы раскажам пра беларускія лясы, балоты і ўплыў Астравецкай АЭС на навакольнае асяродзьдзе.
У гэтым артыкуле — пра тое,
- чаму плошча беларускіх лясоў за 80 гадоў вырасла, але насамрэч зьменшылася;
- чаму Лукашэнка шкодзіць лесу, калі саджае сосны, і прычым тут бураломы;
- як так выйшла, што ахоўны статус лясоў у Беларусі слаба іх ахоўвае;
- што зьмянілася для беларускіх лясоў пасьля 2020 году са зьнішчэньнем экалягічных арганізацый,
- як ліквідацыя «Аховы птушак Бацькаўшчыны» замінае Беларусі прадаваць драўніну на Захад,
- хто зацікаўлены ў павелічэньні плошчы лясоў, зарабляе на іх і ў выніку шкодзіць прыродзе
- навошта людзям лясы, якія растуць у Беларусі.
Як лясоў стала больш, але менш
Амаль 100 тысяч гектараў лясоў зьнішчыў ураган у Беларусі за апошнія тры гады (16 тыс. га — у 2022 годзе, 42,4 тыс. га — у 2023-м, 46 тыс. га — у 2024-м). Гэта 1% ад усяго ляснога покрыва краіны.
Як сьцьвярджаюць эколягі, ад стыхіі пацярпелі перадусім тыя дрэвы, якія пасадзілі людзі, а ня тыя, што вырасьлі самі. Штучныя пасадкі больш уразьлівыя на вятры і шкоднікаў. Яны бяднейшыя на разнастайнасьць жывёлаў, расьлінаў, кузурак, грыбоў, імхоў. Яны менш устойлівыя. Гэта не паўнавартасныя лясы, а хутчэй «поле з дрэвамі», кажуць эколягі.
Адкуль у Беларусі ўзяўся штучны лес?
Цяпер лясы займаюць больш за 40% плошчы Беларусі — 9,7 мільёна гектараў. У працэнтных адносінах гэта больш, чым у Польшчы, Літве, Украіне, Казахстане, Канадзе, ЗША.
Так было не заўсёды. За час Другой усясьветнай вайны Беларусь страціла чвэрць сваіх лясоў — і ў 1945 годзе яны займалі плошчу ў 6,5 мільёна гектараў. І тады ў краіне ўзяліся актыўна аднаўляць лясы — новымі пасадкамі.
Так за апошнія 80 гадоў агульная плошча ляснога покрыва павялічылася амаль на 30%. Яна нават перавысіла даваенную. У 2021 годзе Беларусь нават увайшла ў топ-20 краін, якія хутка прырошчваюць лясы.
Але ўсё гэта штучныя насаджэньні. Плошча натуральных лясоў, больш каштоўных, за гэты час, наадварот, крыху паменшылася і зараз складае каля 6,4 мільёна гектараў (супраць 6,5 мільёна ў пасьляваенны час). Гэта значыць, натуральных лясоў менее, а якасьць штучна пасаджаных — горшая, чым тых, якія вякамі расьлі самі, сьцьвярджаюць эколягі.
Для таго, каб аднавіць страты ад бураломаў апошніх гадоў, на іхным месцы зноў жа закладаюць штучныя пасадкі. Летась у такой акцыі на загад Лукашэнкі нібыта добраахвотна ўдзельнічалі 10 тысяч чалавек. Статыстыка паказвае ўпэўнены рост лічбаў, але ў выніку Беларусь працягвае страчваць каштоўны прыродны рэсурс.
Чаму «сасновае поле» — ня лес
Адна з асноўных лясных культураў у Беларусі — сасна. Саджаюць таксама елку, бярозу, дуб, іншых пародаў менш. Штучна пасаджаны лес толькі зь першага погляду можа нагадваць натуральны, які вырас сам. Але ён кардынальна адрозьніваецца — у горшы бок.
«Акрамя дрэваў, там няма нічога іншага ад лесу», — адзначае былы супрацоўнік Акадэміі навук Беларусі, кандыдат біялагічных навук Максім Ермохін.
Адмыслоўцы тлумачаць, што лес — гэта ня толькі дрэвы, але і ўся разнастайнасьць іншых відаў расьлінаў, грыбоў, імхоў, лішайнікаў, жывёлаў, птушак, кузурак. Яны цесна зьвязаныя паміж сабой і залежаць адно ад аднаго. Зьнікае нешта адно — за ім зьнікаюць і іншыя, або наадварот — павялічваюць сваю колькасьць, і гэта ўплывае на ўсю сыстэму.
«Замена натуральнага лесу на штучны вядзе да зьбядненьня ў тысячы разоў», — кажа яшчэ адзін суразмоўца Свабоды эколяг Яўген* (імя зьмененае дзеля бясьпекі суразмоўцы. — РС).
Эколяг Павал* (імя зьмененае дзеля бясьпекі суразмоўцы. — РС) мяркуе, што такія пасадкі лепш назваць «сасновым полем».
Прычым, адзначаюць суразмоўцы, у сапраўдным лесе важныя ня толькі жывыя дрэвы, але і мёртвая драўніна, якая стаіць або ляжыць. На ёй жывуць дзясяткі тысяч відаў, якія не паселяцца на жывым дрэве.
Ёсьць прыклад мурашынага стракача, які жыве ў ніжняй частцы дрэваў, што засыхаюць, расказвае эколяг Павал. Мурашыны стракач харчуецца вусенямі караеда, аднаго з галоўных шкоднікаў драўніны — у апошнія гады ад яго пацярпелі дзясяткі тысяч гектараў беларускіх лясоў.
Караеды, пажары, ураганы
«Заплюшчыце вочы і ўспомніце лес, у які вы хадзілі. Там розныя пароды. Натуральныя лясы вельмі рэдка бываюць аднапародныя. У сярэднім пародаў ад трох да пяці. А тут садзяць у лепшым выпадку дзьве. Па-другое, калі ўявіць сабе лес, там заўсёды рознага ўзросту дрэвы. Вялікія, маленькія, тоўстыя, разьмеркаваныя мазаічнымі шэрагамі. Гэта ўсё важныя моманты, бо гэта натуральная ахова лясоў», — апісвае Павал.
Калі лес натуральны і на яго ўзьдзейнічае нейкі фактар, то заўсёды канкрэтныя віды і прадстаўнікі пэўнага ўзросту больш устойлівыя да яго, працягвае эколяг Яўген. Ад урагану хутчэй упадуць дарослыя або старыя дрэвы, як сасна, елка, а выстаяць маладыя гнуткія дрэвы, як бяроза, або ветраўстойлівы дуб. Гэтаксама і на шкоду ад караеда дрэвы сярэдняга ўзросту больш падатныя, а маладыя і старыя — менш, дадае Павал. Гэта дапамагае натуральнаму лесу выжыць і разьвівацца далей.
«Уявіце сабе казу, якая залезла ў агарод, дзе пасаджана суцэльная капуста. Яна што ня зьесьць, тое надкусіць. А калі там будзе шэраг кукурузы, шэраг капусты, шэраг бульбы, то яна нешта знойдзе, а нечага ня знойдзе. Недзе зьесьць, а недзе ня зьесьць», — праводзіць аналёгію Павал.
Лес, вырашчаны на былых сельскагаспадарчых землях, у 25 разоў больш уразьлівы на ўзьдзеяньне караеда, адзначыў навуковец Максім Ермохін. Да таго ж ён менш трывалы да пажараў, бо сасна добра гарыць.
«А калі саджаць сасну на поўдні, на Палесьсі, дзе робіцца ўсё сушэй, гэта ўвогуле поўны абсурд», — дадае эколяг Павал. Ён адзначае, што большая частка дрэваў, якія зьнішчылі ўраганы ў 2023 і 2024 гадах, — гэта штучныя пасадкі. Эколяг зрабіў такую выснову на падставе фатаздымкаў бураломаў і размоваў зь мясцовымі жыхарамі.
«Гэтыя праблемы мы самі сабе стварылі. Адбыліся такія масавыя ветравалы, бо мы самі гадоў 50 таму стварылі монакультуры. Больш за палову паваленых лясоў — гэта штучныя сасновыя пасадкі», — адзначае адмысловец.
Дарэмныя высілкі
Калі ў натуральным лесе частку дрэваў зьнішчыў ураган або караед, на ягоным месцы ня вырастуць дрэвы тых самых пародаў. Калі расла сасна або елка, то замест іх зьявіцца бяроза ці асіна, расказвае Максім Ермохін.
«Гэта можна параўнаць з тым, як мы ў сельскай гаспадарцы на адным і тым жа месцы заўсёды вырошчваем бульбу. Але ж мы ведаем, што трэба мяняць: сёлета садзім бульбу, налета — нешта іншае, яшчэ ў наступным годзе — зноў нешта іншае, а потым зноў вяртаемся да бульбы. Інакш зьбядняецца, вычэрпваецца глеба», — тлумачыць навуковец.
Асноўная лясная культура, якую высаджваюць у Беларусі, — гэта сасна. Але, тлумачыць эколяг Павал, яна і так жывучая. Можа расьці ў розных умовах — ад балотаў да пясчаных дзюнаў.
«Калі мы паўсюль саджаем сасну, то трацім на яе час, сілы, грошы. На багацейшых глебах лепш растуць іншыя пароды: бяроза, асіна, ліставыя пароды. Трава і іншае таксама расьце на гэтых глебах. І каб забясьпечыць рост сасны, трэба пэрыядычна касіць, зразаць. Вялізныя высілкі трацяцца на ўтрыманьне гэтых культураў. Гэта ўсё маса грошай. А калі караед прыйдзе? Мы можам проста не акупіць затрачаныя рэсурсы», — кажа Павал.
Ахоўны статус, які не заўсёды ахоўвае
У 2013 годзе ў нацыянальным парку «Прыпяцкі» высеклі старыя, але здаровыя дубы пад прыкрыцьцём санітарных працаў. Дзяржаўная інспэкцыя выявіла, што ў гэтым удзельнічалі работнікі нацыянальнага парку. На супрацоўнікаў завялі крымінальную справу, прыгадвае выпадак былы супрацоўнік Акадэміі навук Максім Ермохін.
У Беларусі пад аховай дзяржавы знаходзіцца 9% тэрыторыі, большая частка — лясы. Ёсьць нават закон аб асабліва ахоўваных прыродных тэрыторыях, тлумачыць эколяг Павал. Але калі нейкі ўчастак уваходзіць у тэрыторыю пад аховай — гэта ня значыць, што там нельга сячы лес.
Прыродныя тэрыторыі пад аховай у Беларусі — гэта запаведнікі, нацыянальныя паркі, заказьнікі і помнікі прыроды.
Запаведнік у краіне ўсяго адзін — «Бярэзінскі». Там забароненыя ўсякія высечкі (зь нязначнымі выняткамі). Гэта найвышэйшы ўзровень аховы, тлумачыць Павал.
Высечкі таксама забароненыя ў помніках прыроды — аднак ёсьць невялікія выключэньні, як высечка дрэваў сухіх, хворых і тых, што пагражаюць бясьпецы ці здароўю леса.
Нацыянальных паркаў у Беларусі чатыры — «Белавеская пушча», «Браслаўскія азёры», «Прыпяцкі», «Нарачанскі». Гэта другі ўзровень аховы. Там сячы дрэвы забаронена толькі ў запаведных зонах. У Белавескай пушчы такіх каля паловы ад усёй тэрыторыі, у астатніх — меншыя часткі. На незапаведнай тэрыторыі дазволеныя пэўныя віды высечак.
Заказьнікі складаюць каля 70% усіх тэрыторыяў пад аховай. Да 2018 году там проста дазвалялася сячы дрэвы. Аднак дзякуючы экаактывістам у 2018 годзе ў заказьніках забаранілі суцэльныя высечкі. На думку эколяга Паўла, прыродаахоўнае заканадаўства, якое датычыць лясоў, апошнімі гадамі палепшылася — «з нуля на двойку паводле пяцібальнай шкалы».
«Адной рукой сячы, другой — захоўваць»
Максім Ермохін заўважае, што надаць пэўнаму ўчастку ахоўны статус ня так проста. Падставай могуць быць знойдзеныя на тэрыторыі рэдкія віды расьлін або жывёлаў. Паводле навукоўца, праблема ў тым, што лясгас адначасова адказвае і за высечкі, і за ахову лесу.
«Для лясгасу паўстаюць канфлікты інтарэсаў. Адной рукой ён павінен сячы, а другой — захоўваць. Ад таго, што ён сячэ, ён атрымлівае грошы. А ад таго, што ён ахоўвае, — адны выдаткі», — выказвае думку суразмоўца.
Калі навукоўцы хочуць захаваць пэўнае месца, расьліны, жывёл, то паводле заканадаўства трэба ўзгадніць гэта зь мясцовымі ўладамі. Прадстаўнік лясгасу — адзін з прадстаўнікоў мясцовай улады.
«Вучоныя кажуць, што тут трэба захаваць, а лясгас кажа: «Не, у нас тут заплянаваныя высечкі». І ўсё», — камэнтуе Ермохін магчымую сытуацыю.
З словаў эколягаў, Міністэрства лясной гаспадаркі валодае большымі за іншыя ведамствы паўнамоцтвамі.
«Міністэрства прыроды вельмі слабое ў параўнаньні зь Міністэрствам лясной гаспадаркі. Калі яно не ўзгадняе, то ні Акадэмія навук, ні Міністэрства прыроды ня можа паўплываць на яго. Часьцей за ўсё, калі ствараюць заказьнік, уводзяць найслабейшы рэжым аховы. Ён нібыта ёсьць, але лясгасы могуць рабіць там практычна што хочуць», — дадае Павал.
Паводле Ермохіна, сытуацыя апошнімі дзесяцігодзьдзямі пагоршылася праз тое, што працэдура наданьня ахоўнага статусу пачала праходзіць і празь Дзяржаўную інспэкцыю аховы навакольнага жывёльнага і расьліннага сьвету. Гэта можа бюракратычна зацягваць працэс на 1-2 гады.
«Навукоўцы знайшлі біятоп ці рэдкі від, зрабілі дакумэнты, перадалі ў выканкам, каб зацьвердзіць. І гэтыя [Дзяржаўная інспэкцыя. — РС] кажуць: «О, у вас ня там коска стаіць. А чаму вы вось гэта напісалі? Тут трэба іншае напісаць», — тлумачыць Максім Ермохін. — І гэты “мяч” можа хадзіць туды-сюды паўгоду, год, два. Выглядае, што і яны за тое, каб захаваць. Але працэдура расьцягваецца на некалькі гадоў. У лясгасу няма афіцыйнага рашэньня, што гэты від пад аховай. І яны ў гэты час спакойна сякуць лес. А потым, калі рашэньне прымаюць, там ужо нічога няма».
Залатая драўніна
Асноўным відам высечак у Беларусі застаюцца суцэльныя — калі лес сьпілоўваюць пад нуль. Гэтым зьнішчаюць усю экасыстэму разам з жывёламі, кузуркамі, расьлінамі, імхамі, грыбамі. Для параўнаньня: у Нямеччыне дрэвы пілуюць пераважна выбіральна, то бок лес з сваімі насельнікамі застаецца, але робіцца радзейшым, расказвае Павал.
Драўніна займае верхнія пазыцыі ў экспарце Беларусі побач з угнаеньнямі, нафтапрадуктамі і трактарамі. «На лесе сёньня можна азалаціцца», — казаў Лукашэнка ў 2006 годзе.
У 2021 годзе продаж драўніны і вырабаў зь яе прынёс Беларусі $2,3 мільярда. Яна тады ўвайшла ў топ-30 усясьветных экспартэраў драўніны. У 2022 годзе праз санкцыі Эўразьвязу пастаўкі дрэва зьменшыліся прыкладна ўдвая.
Аднак, як выявілі расьсьледнікі Беларускага расьсьледніцкага цэнтру, Беларусь надалей прадавала драўніну ў Польшчу і Літву ў абыход санкцыяў, з фальшывымі дакумэнтамі. Яе ўвозілі пад выглядам дрэва з Казахстану і Кіргізіі.
Днямі стала вядома, што падсанкцыйную драўніну зь Беларусі і Расеі кантрабандай увозяць у Вялікую Брытанію. Гэта выявілі вынікі дасьледаваньня міжнароднай некамэрцыйнай арганізацыі World Forest ID.
Як ліквідацыя «Аховы птушак Бацькаўшчыны» замінае прадаваць драўніну на Захад
Да 2022 году ў Беларусі існаваў мэханізм Forest Stewardship Council, які заахвочваў людзей, адказных за лясы, ахоўваць прыроду. Ён дапамагаў актывістам, сярод іншага, надаваць тэрыторыям ахоўны статус.
Forest Stewardship Council (FSC) — гэта незалежная міжнародная сыстэма сэртыфікацыі, якою займаецца міжнародная некамэрцыйная арганізацыя з штаб-кватэрай у Боне, тлумачыць эколяг Яўген.
FSC выдае сэртыфікаты за сумленнае вядзеньне гаспадаркі. Арганізацыя сочыць, каб людзі, якія нарыхтоўваюць і перапрацоўваюць драўніну, выконвалі пэўныя правілы і забясьпечвалі ахову біялягічнай разнастайнасьці ў лесе, а таксама ахову правоў работнікаў гэтай галіны.
Сэртыфікаты FSC дапамагалі дзяржаве прадаваць беларускую драўніну на Захад. Таму лясгасы былі ў іх зацікаўленыя і мусілі выконваць міжнародныя стандарты.
Атрымаць сэртыфікат FSC можна добраахвотна. Дзеля гэтага кампанія выбірае акрэдытаваны орган, шле туды дакумэнтацыю, экспэрты аналізуюць дакумэнты і выяждаюць на месца з праверкай. Калі кампанія выканала стандарты FSC, ёй выдаюць сэртыфікаты гэтай арганізацыі. Пазьней яна мае права прадаваць сваю прадукцыю з адпаведнай пазнакай.
Эўразьвяз цяпер набывае толькі сэртыфікаваную такім чынам драўніну. У эўрапейскіх краінах многія вырабы з дрэва, накшталт мэблі, маюць пазнаку FSC, што сьведчыць, што іх зрабілі з «сумленнай» драўніны. За парушэньне правілаў FSC забірае сэртыфікаты. Калі лясгасы парушалі гэтыя стандарты, то ў міжнародную камісію маглі паскардзіцца актывісты, мясцовыя жыхары.
У сэртыфікацыі Forest Stewardship Council некалі ўдзельнічала і беларускае Міністэрства лясной гаспадаркі. Раней яно забавязала усе лясгасы атрымаць такія сэртыфікаты.
«Калі Горадзенскі лясгас хоча прадаць IKEA 150 тысяч кубамэтраў драўніны, то ён павінен мець гэты сэртыфікат, інакш IKEA ў яго ня купіць. І для IKEA ён прадасьць нашмат даражэй, чым у Расею або Кітай. Плюс да Швэцыі бліжэй, чым да Кітаю: транспартныя выдаткі таксама маюць значэньне. Натуральна, што лясгасы ішлі на сэртыфікацыю», — камэнтуе Павал.
Эколяг Павал прыгадвае, як амаль 20 гадоў таму Берасьцейскі лясгас адмовіўся ўзгадняць наданьне ахоўнага статусу 30 участкам, дзе знайшлі рэдкія віды. Паводле правілаў FSC трэба было абавязкова надаць ім ахоўны статус. У выніку міжнародная камісія пазбавіла лясгас сэртыфікатаў. Празь некалькі гадоў лясгас вырашыў вярнуць сэртыфікацыю, бо, на думку суразмоўцы, прадукцыя кепска прадавалася без сэртыфікатаў. Аднак для гэтага трэба было выправіць парушэньні. На той момант выявілі ўжо 150 участкаў з рэдкімі відамі, і на іх усе лясгасу давялося распаўсюдзіць ахоўны статус.
У 2021 годзе FSC ануляваў сэртыфікаты, якія выдаў раней папраўчым калёніям Беларусі, што займаліся дрэваапрацоўкай, бо там працавалі палітвязьні — а гэта парушае правы чалавека. У 2022 годзе FSC увогуле прыпыніў выкарыстаньне сэртыфікаванай драўніны зь Беларусі — да заканчэньня вайны ва Ўкраіне.
Адной з прычынаў адкліканьня сэртыфікатаў стала і тое, што ў Беларусі зьліквідавалі экалягічную арганізацыю «Ахова птушак Бацькаўшчыны». Гэта значыць, што сэртыфікаты ня вернуцца, пакуль арганізацыю ў Беларусі не адновяць.
Мінус сто арганізацыяў
Максім Ермохін працаваў у Акадэміі навук у Менску 25 гадоў — дасьледаваў лясы. Спэцыялізаваўся на дэндрахраналёгіі — навуцы пра колцы дрэваў. У 2022 годзе навуковец адчуў небясьпеку для сябе і блізкіх, звольніўся з Акадэміі і зьехаў у Польшчу. Цяпер ён аналізуе драўніну паселішчаў у Альбаніі 6-5 тысячагодзьдзяў да нашай эры ў супрацы з швайцарскім унівэрсытэтам. Максім — адзін з тых, хто займаўся лясамі і каго страціла Беларусь пасьля 2020 году.
Як і Ермохін, зьехалі ад перасьледу сотні актывістаў, якія прысьвячалі сваё жыцьцё клопату аб прыродзе, дасьледавалі яе, уплывалі на зьмену законаў, рабілі праблемы бачнымі і гучнымі.
Пасьля 2021 году аўтарытарныя ўлады Беларусі закрылі больш за сто недзяржаўных арганізацыяў (НДА), якія займаліся экалёгіяй. Сярод іх «Экадом», «Цэнтар экалягічных рашэньняў», «Ахова птушак Бацькаўшчыны». Зьліквідаваная партыя «Зялёныя». Разгромленыя і прызнаныя «экстрэмісцкімі» большасьць недзяржаўных мэдыя, якія зьвярталі ўвагу ў тым ліку на экалягічныя праблемы.
«Я нават ня думала, што іх так шмат, — кажа Ірына Сухій, сузаснавальніца грамадзкай арганізацыі «Экадом», пра зьліквідаваныя экалягічныя НДА. — Можа быць, нейкія зь іх былі ня вельмі актыўныя, але рабілі свае маленькія і важныя справы. Зарэгістраваных засталіся адзінкі. Актыўную дзейнасьць людзі ня могуць весьці. Магчымасьць грамадзкага кантролю, уплыву цяпер мінімальная».
Фактычна ў Беларусі не засталося тых, хто можа незалежна назіраць за станам прыроды, расказваць аб экалягічных праблемах.
«Зьяжджаюць, на мой погляд, актыўныя людзі. Яны былі актыўнымі ня толькі ў 2020 годзе. І я кажу ня толькі пра палітыку. Звычайна такія людзі актыўныя і ў іншых галінах, на сваёй працы, яны генэруюць ідэі. Калі такія людзі зьяжджаюць, то атрымліваецца вялікая дзіра ў навуцы, разрыў паміж пакаленьнямі», — разважае Ермохін.
Залез на дуб — і пасадзілі
У канцы 2021 году на Палесьсі ў мястэчку Ахова пачалі пілаваць 300-гадовыя дубы. Абаранялі дрэвы бабулі з кавенькамі і дырэктар дому культуры Аляксандар Дзямчук. Ён папытаў у работнікаў дакумэнты на сьпілаваньне і залез на дуб, каб дрэва ня секлі. У выніку Дземчука арыштавалі на 30 дзён нібыта за «непадпарадкаваньне міліцыі» і звольнілі з пасады.
У 2023 годзе правялі ператрусы ў больш як дзесяці менчукоў, якія зьбіралі подпісы супраць пабудовы ў Менску цэху «Камунаркі», які можа нэгатыўна ўплываць на навакольле.
Цяпер у Беларусі небясьпечна быць актывістам у розных сфэрах, у тым ліку зьвязаных з прыродай.
З 2020 году ў Беларусі 19 экаактывістаў і журналістаў, якія асьвятлялі экалягічную тэматыку, былі пад перасьледам паводле «палітычных» крымінальных артыкулаў. Восем чалавек дагэтуль у турме, расказала Свабодзе экаправаабаронца Марына Дубіна.
Сярод рэпрэсаваных за гэты час былі грамадзкі актывіст зь Бярозаўкі Вітольд Ашурак, старшыня грамадзкай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» Віктар Фянчук, блогеры Сяргей Пятрухін і Аляксандар Кабанаў, актывіст «Зялёнага дазору» з Мазыра Павал Наздра.
Што рабілі эколягі, экаактывісты і экажурналісты
Зьліквідаваныя НДА і мэдыя, эколягі і актывісты, што зьехалі або былі зьняволеныя, да 2021 году дапамагалі лясам. Яны заўважалі, калі хтосьці, перадусім улады, шкодзіў прыродзе, рабілі розгалас, імкнуліся спыніць шкодную дзейнасьць. Вось некалькі прыкладаў.
Дарогі цераз Альманы і «Выдрыцу»
У 2018 годзе гучнай стала пабудова дарогі праз Альманскія балоты. Дзеля гэтага таксама высякалі дрэвы. Нягледзячы на рэзананс, дарогу пабудавалі — адну. Як мяркуе эколяг Павал, дзякуючы розгаласу ўрэшце ня сталі будаваць дзьве дадатковыя дарогі цераз балоты, хоць плянавалі гэта зрабіць.
Яшчэ пасьпяховы прыклад дзейнасьці НДА: «Ахова птушак Бацькаўшчыны» здолела спыніць будаўніцтва дарогі цераз рэспубліканскі заказьнік «Выдрыца» у Гомельскай вобласьці. Эколягі знайшлі там рэдкія віды, якія трэба ахоўваць, а значыць, нельга будаваць дарогу.
Эколяг Павал адзначае, што дарогі церазь лес звычайна будуюць, каб атрымаць доступ да новых нарыхтовак дрэва, але тлумачаць гэта барацьбой зь ляснымі пажарамі — каб пажарнікі маглі хутка даехаць і патушыць агонь. Парадокс у тым, што лясныя дарогі таксама аблягчаюць мясцовым жыхарам паходы ў грыбы і ягады. І якраз людзі бываюць прычынаю лясных пажараў.
Забаранілі суцэльныя высечкі ў заказьніках
У 2018 годзе дзякуючы высілкам НДА, у тым ліку арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны», у лясное заканадаўства ўнесьлі праўкі, якія забаранілі суцэльныя высечкі ў заказьніках, расказаў Павал. Раней іх дазвалялі.
Падтрымлівалі ваўкоў і ратавалі кажаноў
Сярод добрых прыкладаў дзейнасьці беларускіх НДА ў лясной галіне — заходнія праграмы, якія дапамагалі палепшыць рэпутацыю ваўкоў у насельніцтва і дапамагалі кажанам перазімаваць.
Чаму варта абараняць лясы?
Гэтае пытаньне аказалася бадай што найцяжэйшым для суразмоўцаў, якія ўсё жыцьцё займаюцца лясамі.
«Я люблю адпачываць на прыродзе, а перадусім у лесе. Мне падабаюцца натуральныя лясы. Калі мне патрэбны парк, я пайду ў горадзе ў парк. А калі я хачу адпачыць у лесе, то мне патрэбны дзікі стары лес з старымі дрэвамі, дзе ўсё квітнее, зелянее, птушкі сьпяваюць. Думаю, што і большасьць беларусаў любіць адпачываць у лесе. У грыбы, ягады [хадзіць]. Я ўжо не кажу, што некаторыя вёскі зарабляюць на гэтым — на грыбах, ягадах», — разважае эколяг Павал.
Акрамя гэтага, лясы маюць глябальнае практычнае значэньне для штодзённага жыцьця, працягвае суразмоўца. Яны зьмякчаюць клімат, ствараюць цень — і ў выніку памяншаюць тэмпэратуру навокал. Лясы захоўваюць глебу ад вымываньня і выдзіманьня. Прыкладам, вялікія лесапалосы пасадзілі на Палесьсі. Яны стрымліваюць сілу, інтэнсіўнасьць ветру, які выдзімае пладародныя глебы. Да таго ж лясы натуральным чынам угнойваюць глебу — у адрозьненьне ад сельскай гаспадаркі, якая толькі забірае карысныя рэчывы зь зямлі.
Навуковец Максім Ермохін дадае, што чалавек карыстаецца многімі рэчамі з дрэва. І гэта яшчэ адзін практычны ўжытак зь лясоў. Ён адзначае, што высечкі павінны быць, але трэба знайсьці балянс.
Як адзначыў Максім Ермохін, беларускія лясы ўплываюць на сытуацыю ў іншых эўрапейскіх краінах, у тым ліку Польшчы, Літве. Яны падтрымліваюць гідралягічны балянс таксама ў іншых краінах, у тым ліку за кошт вялікага аб’ёму беларускіх лясных тэрыторыяў. Праблема ў тым, што многія землі і ў Беларусі, і ў іншых эўрапейскіх краінах даўно асушаныя — і гэта таксама прывяло да зьніжэньня ўстойлівасьці лясоў.
«Калі чалавек высякае (дрэвы), ён наймацней уплывае на тое, што адбываецца ў лесе. Разбураецца усё багацьце працэсаў і відаў, што там жывуць. Некаторыя віды проста зьнікаюць. Як уплывае на чалавека тое, што зьнікаюць лішайнікі або кузуркі? Мы ня можам разглядаць усё праз прызму чалавека. Гэта трохі спрошчаная карціна сьвету.
Мы жывем на плянэце поруч зь іншымі жывымі арганізмамі, якія прырода або Бог стварылі. Кемлівы розум навукоўца скажа, што ў зьніклым лішайніку мог быць лек ад раку… Лес мае права расьці, бо ён ёсьць, бо ён такім у прыродзе створаны. Наш абавязак даць яму расьці», — падсумоўвае эколяг Яўген.
Форум