Злучаныя Штаты ўхвалілі продаж Украіне зэнітна-ракетных сыстэмаў Hawk Phase III і баявых машынаў пяхоты Bradley за 322 мільёны даляраў, паведаміў сайт Пэнтагону.
Пастаўка падзеленая на два пакеты. Першы зь іх, коштам 172 мільёны даляраў, прадугледжвае пастаўку ракетнай сыстэмы Hawk з наступным тэхнічным абслугоўваньнем, якое ўключае пяцітонныя грузавікі, запасныя часткі для сыстэмы Hawk, рамонт і капітальны рамонт зэнітных установак Hawk, навучальнае і іншае абсталяваньне, патрэбнае для выкарыстаньня гэтага тыпу сыстэмы супрацьпаветранай абароны (СПА), у тым ліку запасныя часткі для ракет MIM-23 Hawk.
Другі пакет, коштам 150 мільёнаў даляраў, уключае баявыя машыны пяхоты Bradley і іх рамонт.
14 ліпеня прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп на сустрэчы з генэральным сакратаром NATO Маркам Рутэ заявіў, што плянуе паставіць Украіне зброю на «мільярды даляраў», якую закупіць NATO. Сярод вайсковай тэхнікі, якую плянуецца паставіць Украіне, ён назваў сыстэмы СПА Patriot.
Адначасова Трамп адзначыў, што «незадаволены» палітыкай Расеі, якая апошнім часам узмацняе паветраныя напады на Ўкраіну. Ён заявіў, што ЗША плянуюць увесьці 100-працэнтныя другасныя тарыфы, калі мірнае пагадненьне не будзе дасягнутае цягам 50 дзён. Гэтую заяву віталі ў Эўропе, але эўрапейцы лічаць, што 50 дзён — занадта доўга.
Форум