11 ліпеня, як паведаміла Міністэрства спорту і турызму Беларусі, уступілі ў сілу зьмены ў пастанове ўраду Беларусі «Аб устанаўленьні прафэсійных і этычных патрабаваньняў да экскурсаводаў і гідаў-перакладнікаў», прынятай два гады таму.
Прычына зьменаў — выданьне Лукашэнкам дырэктывы «Аб рэалізацыі асноваў ідэалёгіі беларускай дзяржавы».
Цяпер экскурсаводы і перакладнікі павінны «ведаць Асновы ідэалёгіі беларускай дзяржавы, зацьверджаныя дырэктывай ад 9 красавіка 2025 году № 12, укараняць кірункі ідэалягічнай работы ў сваёй прафэсійнай дзейнасьці; садзейнічаць умацаваньню станоўчага міжнароднага іміджу краіны, прызнаньню ўнікальнасьці беларускай мадэлі грамадзкага разьвіцьця».
Мінулая пастанова ўжо ператварыла працу экскурсаводаў у ідэалягічна вытрыманую. Яшчэ два гады таму экскурсаводы і гіды-перакладнікі мусілі «не дапускаць пры правядзеньні экскурсій суб’ектыўных некарэктных ацэнак і выказваньняў аб Рэспубліцы Беларусь і іншых дзяржавах, а таксама прымаць захады для недапушчэньня з боку турыстаў, экскурсантаў ці іншых асобаў некарэктных, правакацыйных і іншых нэгатыўных выказваньняў або дзеяньняў».
Тым часам з 2023 году некаторыя экскурсаводы, якіх судзілі паводле «палітычных» артыкулаў, ня могуць працягваць працу ў Беларусі, іх пазбавілі пасьведчаньняў, што пацьвярджалі атэстацыю і дазвол на вядзеньне экскурсіяў.
Сярод магчымых прычын пазбаўленьня пасьведчаньня была суджанасьць паводле пэўных артыкулаў Крымінальнага кодэксу (КК), а таксама адміністрацыйная правапарушэньні.
У Беларусі асобаў, асуджаных паводле «пратэставых» і «палітычных» артыкулаў, не дапускаюць да атэстацыі, якая пацьвярджае кваліфікацыю экскурсаводаў і гідаў-перакладнікаў.
Раней паводле артыкулу 342 КК за ўдзел у пратэстах у Менску судзілі экскурсавода і краязнаўцу Ігара Хмару. У выніку яго пакаралі абмежаваньнем волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняй хіміяй») на 2,5 года.
Суд Цэнтральнага раёну Менску 20 сьнежня 2022 году асудзіў экскурсаводку Аксану Манкевіч на тры гады «хатняй хіміі».
Яшчэ аднаго гіда — Валерыю Чарнаморцаву, дасьледніцу лёсаў беларускіх вязьняў ГУЛАГу — асудзілі на 2,5 года «хатняй хіміі».
Пастанова № 582 «Аб экскурсійным абслугоўваньні», якая рэглямэнтавала атэстацыю экскурсаводаў і гідаў-перакладнікаў, была прынятая ў верасьні 2022 году. Згодна зь ёй, для арганізацыі і правядзеньня атэстацыі, прыпыненьня тэрміну дзеяньня пасьведчаньня або ануляваньня пасьведчаньня для кожнага выпадку мае стварацца атэстацыйная камісія.
Каб прайсьці атэстацыю, трэба пастаянна пражываць у Беларусі, мець поўную вышэйшую, сярэднюю спэцыяльную або няпоўную вышэйшую (ня менш за тры курсы бакаляўрэату) адукацыю. Атэстацыя праходзіць у форме іспыту і складаецца з кампутарнага тэставаньня і вуснай гутаркі.