Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар замежных справаў Літвы ня бачыць падставаў для адмены акрэдытацыі Прадстаўніцтва беларускай дэмакратыі


Сьвятлана Ціханоўская і міністар замежных справаў Літвы Кейстуціс Будрыс, Вільня, 27 сьнежня 2024
Сьвятлана Ціханоўская і міністар замежных справаў Літвы Кейстуціс Будрыс, Вільня, 27 сьнежня 2024

Чалец камітэту ў нацыянальнай бясьпецы і абароне Сэйму Літвы Вітаўтас Сініца прапанаваў Міністэрству замежных спраў адмяніць акрэдытацыю Прадстаўніцтва беларускай дэмакратыі. Кіраўнік МЗС Кейстуціс Будрыс заявіў, што ня бачыць для гэтага падставаў.

Пра гэта паведамляе інфармацыйнае агенцтва BNS.

«Статус, які надаецца Прадстаўніцтву, дазваляе яму функцыянаваць, дзейнічаць, выконваць функцыі і мабілізаваць дэмакратычныя сілы. Я ня бачу падставаў для абмеркаваньня гэтага пытаньня ў гэты момант», — заявіў кіраўнік літоўскай дыпляматыі ў сераду.

Сініца ў сваім звароце заявіў, што Прадстаўніцтва беларускай дэмакратыі выкарыстоўвае гасьціннасьць і добрую волю, праяўленыя Літвой, не для ўсталяваньня добрасуседзкіх адносін, а для стварэньня своеасаблівай базы «альтэрнатыўнай Беларусі» у Літве.

Палітык кажа, што лідэрка беларускай апазыцыі Сьвятлана Ціханоўская ня здолела рэзка асудзіць тэорыю літвінізму, якая набірае папулярнасьць у колах апазыцыі ў Беларусі, і дазволіла сабе выказацца па пытаньнях унутранай палітыкі Літвы, напрыклад, крытыкуючы намеры абмежаваць іміграцыю зь Беларусі, зыходзячы з меркаваньняў нацыянальнай бясьпекі.

Сініца таксама скрытыкаваў мужа Ціханоўскай, Сяргея, за заявы пра магчымыя беларускія «выспы».

«Праславіўшыся падтрымкай незаконнай анэксіі Крыму Расеяй, гэты дзеяч, які пражывае ў Літве, нядаўна выказаўся пра пляны стварэньня ў Літве „нечага падобнага“ да аўтаномнага беларускага рэгіёну. Такія публічныя заявы варта разглядаць як сумнеў у тэрытарыяльнай цэласнасьці Літвы, і таму павінныя быць строга асуджаныя», — заявіў дэпутат.

У заяве, апублікаванай у сераду офісам Ціханоўскай, гаворыцца, што інфармацыя, апублікаваная Сініцам, зьяўляецца недакладнай і ілжывай і шкодзіць сяброўскім адносінам паміж народамі Літвы і Беларусі.

У заяве гаворыцца, што ў Літве створаныя офіс Ціханоўскай і Прадстаўніцтва беларускай дэмакратыі, якое атрымала акрэдытацыю ў Літве як прадстаўніцтва беларускай дэмакратычнай супольнасьці.

«Ні офіс Ціханоўскай, ні Прадстаўніцтва беларускай дэмакратыі не атрымліваюць наўпроставага фінансаваньня зь Літвы, а супрацоўнікі гэтых установаў ня маюць ніякіх асаблівых ільготаў альбо прывілеяў у Літве», — гаворыцца ў заяве.

У офісе таксама заяўляецца, што Ціханоўская і ўся апазыцыя асуджаюць праявы літвінізму і спробы распальваньня разладу паміж літоўцамі і беларусамі.

Як паведамляе BNS, палітыкі краіны называюць заявы Сяргея Ціханоўскага аб стварэньні аўтаномных беларускіх раёнаў у Літве абсурднымі, але адмаўляюць, што апазыцыя, якая ўцякла ад рэжыму Лукашэнкі, уяўляе пагрозу нацыянальнай бясьпецы краіны.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG