У артыкуле выданьня апісаныя тры магчымыя сцэнары нападу на Расею.
Артыкул з назвай «Тры сцэнары вялікай вайны: у Эўропе склалі крывавыя пляны» напісаны Марыяй Берк. Экспэртамі запрасілі колішняга кіраўніка «Белтэлерадыёкампаніі» Аляксандра Зімоўскага і сына скандальнага расейскага дэпутата Франца Клінцэвіча, які паходзіць з Ашмянаў, Андрэя Клінцэвіча. Зімоўскага прадставілі «ваенным экспэртам і мэдыякансультантам», а Клінцэвіча кіраўніком Цэнтру вывучэньня ваенных і палітычных канфліктаў.
На пачатку публікацыі напісанае пярэчаньне словам Эўразьвязу, што Пуцін рыхтуе напад на Эўразьвяз. Затое Эўразьвяз, на думку двух экспэртаў, плянамерна рыхтуецца да атакі на Расею.
Зімоўскі адзначыў, што Брусэль мабілізуе рэсурсы і менавіта на 2027 год плянуе напад на Расею, што нібыта «пацьвярджаецца характарам вучэньняў у Балтыйскім рэгіёне». Клінцэвіч жа гаворыць, што мэтай Эўропы ёсьць «справакаваць расейцаў». Адно што прагноз адносна пачатку баявых дзеяньняў у яго пазьнейшы за Зімоўскага, а менавіта на 2028–2030 гг.
Экспэрты ў прапуцінскім выданьні акрэсьлілі тры магчымыя, на іх меркаваньне, сцэнары вайны. І адзін міру.
Сцэнар № 1: Калінінград
«Ужо зараз швэдзкую выспу Готланд ператвараюць у магутны крэйсэр. На яго перакідваюць сродкі СПА, супрацькарабельныя комплексы і іншае. Эстонія і Фінляндыя ствараюць сумесную групоўку, — пералічвае Андрэй Клінцэвіч. — Пад надуманай падставай яны блякуюць паветраную і марскую частку Калінінграду. Наш пратэст і ультыматум праігнаруюць, пасьля чаго нашым войскам давядзецца прабівацца да сваіх праз Сувалскі калідор. Гэта прывядзе да прамога сутыкненьня».
Зімоўскі мяркуе, што ў Эўразьвязе разьлічваюць «закрыць для Расеі Балтыку» ў выпадку разьвіцьця такога сцэнару.
Сцэнар № 2: Малдова
У гэтым разьдзеле публікацыі адзначаецца, што, паводле паведамленьняў Службы вонкавай выведкі Расеі, NATO паскарае ператварэньне Малдовы ў вайсковы пляцдарм, мадэрнізуе аэрадромы «Маркулешці» і «Бельцы», будуюць буйныя склады для прыёму вайсковай тэхнікі, пераводзяць чыгуначную каляіну пад эўрапейскі стандарт.
Член-карэспандэнт Акадэміі ваенных навук Сяргей Судакоў спрагназаваў, што ў такім выпадку ўдар можа прыйсьціся на самаабвешчанае Прыднястроўе і Гагаузію. Клінцэвіч адзначыў, што такая атака ня можа адбыцца без удзелу Ўкраіны.
Сцэнар № 3: Небясьпека з Поўначы
Напрамкам, зь якога для Расеі могуць пачацца праблемы, расейскія экспэрты лічаць Фінляндыю.
Зімоўскі заявіў, што фінаў даўно рыхтавалі да процістаяньня, спачатку з Савецкім Саюзам, потым з Расеяй. У іх захавалася «добрая вайсковая інфраструктура», якую ў альянсе нібыта могуць выкарыстаць для атакі на Санкт-Пецярбург, Карэлію і Мурманскую вобласьць.
Сцэнар № 4: Без вайны
Дырэктар Інстытуту палітычных дасьледаваньняў Сяргей Маркаў мяркуе, што напасьці на Расею ў Эўропе баяцца, а сам удар можа быць выкарыстаны дзеля разьвязаньня ўнутраных праблемаў.
У канцы публікацыі Андрэй Клінцэвіч заклікаў «вярнуць эўрапейскім грамадзянам і палітыкам страх перад ядзернай зброяй».
«Яны павінны зразумець, што на тэрыторыі Эўропы адсутнічае пункт, куды мы не маглі б гарантавана нанесьці ўдар у ядзерным выкананьні».
У кіраўніцтве Эўразьвязу і NATO даўно гавораць пра агрэсіўную палітыку Расеі і рыхтуюць насельніцтва і інфраструктуру дзяржавы пад магчымую атаку з боку Расеі. Раней новы кіраўнік Паўночнаатлянтычнага альянсу Марк Рутэ заяўляў, што эўрапейскія вайскоўцы і іншыя грамадзяне мусяць дакладна ўсьведамляць небясьпеку, каб потым не было патрэбы «вучыць расейскую мову».
Эўрапейскія лідэры рэгулярна зьбіраюцца і абмяркоўваюць парадак пастаўкі зброі Ўкраіне, якая вядзе з Расеяй вайну за незалежнасьць.
Форум