Прадстаўнікі праваабарончай супольнасьці Беларусі прызналі палітвязьнямі яшчэ 20 грамадзян. Сярод іх:
- Віталь Чавусаў з Магілёва, прадпрымальнік, лідэр дударскага гурту «Ліндэрс», асуджаны да 4 гадоў зьняволеньня па справе «Беларускага Гаюна»,
- Вольга Сітнік з Менска, адміністратарка беларускамоўнай Вікіпэдыі, вядомая пад нікам Хаменка, якую затрымалі 17 красавіка 2025 году, яна мае трох непаўнагадовых дзяцей,
- Яўген Бодрыкаў з Воршы, вучыўся на гістфаку БДУ, затрыманы ў траўні 2025 году, праходзіць па справе «Беларускага Гаюна».
У сьпісе новых палітвязьняў таксама зьмешчаныя пад варту і асуджаныя да пазбаўленьня волі ў сувязі з прызнаньнем пратэстных ініцыятыў экстрэмісцкімі фармаваньнямі Віталь Азрыменка, Максім Арціменя, Андрэй Бераставы, Марыя Дзейчык, Дзіяна Гаўрылава, Аляксандар Герасіменка, Алег Зелянко, Андрэй Загорскі, Віталь Касьцецкі, Васіль Клімовіч, Валянціна Клебановіч, Кірыла Краўцоў, Ірына Левінаа, Юры Несьцераў, Сяргей Салажэнцаў, Аляксандар Яцукевіч, Дзьмітры Ялчэнка.
Праваабаронцы патрабуюць ад уладаў Беларусі неадкладна вызваліць іх, а таксама вызваліць усіх палітычных зьняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.
Яны адзначаюць, што «пазбаўленьне волі і крымінальная адказнасьць за розныя формы пратэстнай актыўнасьці выкарыстоўваюцца ўладамі як інструмэнт падаўленьня грамадзянскай і палітычнай актыўнасьці, іншадумства і антываенных выказваньняў»:
«Крымінальнае заканадаўства ў 2021 годзе было істотна ўзмоцнена і дапоўнена новымі складамі злачынстваў, якія ўлады выкарыстоўваюць выключна ў мэтах палітычных рэпрэсій.
МУС і КДБ у пазасудовым парадку адвольна прызнаюць экстрэмісцкімі групы грамадзян, аб’яднаных грамадзкімі або палітычнымі інтарэсамі, якія крытыкуюць дзеяньні ўладаў і патрабуюць зьмен у дзяржаве і праводжанай ёй палітыцы. Шэраг СМІ таксама прызнаны экстрэмісцкімі фармаваньнямі. Гэта, у сваю чаргу, адкрывае шлях да адвольнага прыцягненьня да крымінальнай адказнасьці і пазбаўленьня волі іх удзельнікаў і рэспандэнтаў як непрапарцыйнай меры абмежаваньня права на асацыяцыю і свабоды выказваньня меркаваньняў».
Заяву падпісалі:
- Праваабарончы цэнтар «Вясна»;
- Беларускі ПЭН;
- Прававая ініцыятыва;
- Lawtrend;
- Respect-Protect-Fulfill;
- Human Constanta.
Форум