Гарадзенца Мікіту Самарына асудзілі на 6 гадоў зьняволеньня
Да 6 гадоў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму асудзіў суд у Горадні мясцовага жыхара Мікіту Самарына, перадае «Горадзенская праваабарона».
Суд над Самарыным пачаўся 2 ліпеня. Як паведамляюць праваабаронцы, яго судзілі паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу: 364 («гвалт у дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных справаў») і 411 («злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы»).
Гэта ўжо трэці суд над Самарыным. Першы раз Мікіту Самарына асудзілі ў сьнежні 2020 году. Актывіст атрымаў 4 гады «хіміі» за тое, што ў жніўні падчас пратэстаў распыліў у твар амапаўца газ з балёнчыку.
Тады паведамлялі, што ён адбіваў чалавека пры затрыманьні і распыліў газ на невядомага ў цывільным, ня ведаючы, што гэта пераапрануты міліцыянт.
Праз тры месяцы палітвязьню завочна зьмянілі пакараньне на больш жорсткае — замест «хіміі» прысудзілі 2,5 года зьняволеньня. Мікіта Самарын на той суд не зьявіўся. Паводле праваабаронцаў, зь вясны 2020 году малады чалавек хаваўся ад міліцыі ў Беларусі.
23 сакавіка 2025 году Мікіту Самарына выпадкова затрымалі ў Горадні. Паводле горадзенскай міліцыі, яго спынілі для праверкі дакумэнтаў і прапанавалі прайсьці ў пастарунак. На судзе міліцыянты сьведчылі, што Самарын чыніў супраціў, зламаў аднаму з міліцыянтаў руку і паспрабаваў уцячы, але яго затрымалі.
Паводле праваабаронцаў, Мікіта Самарын адмовіўся супрацоўнічаць са сьледзтвам.
Да 2020 году ў Горадні Самарын працаваў аўтарэстаўратарам, быў сябрам клюбу рэканструктараў рэтрааўтамабіляў «Вінтаж», удзельнічаў у фотасэсіях і гарадзкіх фэстах.
Ад праваабаронцаў вядома, што Мікіта Самарын зьбіраецца абскардзіць прысуд.
Праваабаронцы паведамілі пра масавыя суды ў справе «дваровых чатаў»
Паводле інфармацыі праваабаронцаў «Вясны», у Беларусі пачынаюць судзіць людзей, затрыманых у справах «дваровых чатаў».
Некаторыя судовыя працэсы ўжо пачаліся, вядома пра суд у Горадні, некаторыя пачнуцца неўзабаве.
Мінулай восеньню ўва ўсіх рэгіёнах Беларусі была хваля затрыманьняў у справе дваровых чатаў, якія нібыта «спрабавалі аб’яднацца ў арганізацыю». Тады ж КДБ прызнаў «экстрэмісцкім фармаваньнем» ініцыятыву «Ордэн», у якую ўваходзяць дваровыя чаты «Злые когтики», «Сухарево», «Сеніца2.0», «Солидарность», «Вольныя ваўкі», «Наваградзкія партызаны», «ВИЛИЯ», «Скромные матрешки», «Соседи».