Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп падаў пазоў на $10 млрд супраць The Wall Street Journal і яе ўладальнікаў


Прэзыдэнт Дональд Трамп. Ілюстрацыйнае фота.
Прэзыдэнт Дональд Трамп. Ілюстрацыйнае фота.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп падаў пазоў супраць уладальніка газэты The Wall Street Journal кампаніі News Corp, заснавальніка News Corp мэдыямагната Рупэрта Мердака і двух рэпартэраў WSJ.

Прэзыдэнт ЗША патрабуе кампэнсацыю ў памеры ня менш за 10 мільярдаў даляраў за публікацыю, у якой сьцьвярджаецца, што ў 2003 годзе Трамп нібыта адправіў Джэфры Эпштэйну віншавальны ліст з эратычным малюнкам і намёкам на «агульныя сакрэты». Трамп настойвае, што артыкул носіць загадзя ілжывы характар і нанёс вялізную шкоду яго рэпутацыі і фінансавым інтарэсам.

Пазоў пададзены ў фэдэральны суд Паўднёвай акругі Фларыды. «Чакаю з цікавасьцю, калі Руперт Мёрдак будзе даваць паказаньні ў судзе... Гэта будзе забаўна!» —напісаў Трамп ў сваёй сацыяльнай сетцы Truth Social.

Прадстаўнік кампаніі Dow Jones, якая зьяўляецца выдаўцом WSJ, у афіцыйным камэнтары наконт падачы Трампам пазову заявіў: «Мы цалкам упэўненыя ў строгасьці і дакладнасьці нашай журналісцкай працы і маем намер рашуча абараняцца ад любых пазоваў». Dow Jones — даччыная кампанія News Corp.

Паводле публікацыі ў Wall Street Journal, ліст Трампа нібыта ўваходзіў у падарункавую кнігу да дня нараджэньня Эпштэйна. У ім зьмяшчаліся фразы, апраўленыя малюнкам аголенай жанчыны, і подпісам «Дональд». Трамп, які сябраваў з Эпштэйнам, сьцьвярджае, што разарваў адносіны зь ім задоўга да яго першага арышту.

  • Джэфры Эпштэйн — фінансіст, які абвінавачваўся ў стварэньні сеткі па вярбоўцы і сэксуальнай эксплуатацыі непаўналетніх дзяўчат, якая дзейнічала шмат гадоў. У 2005 годзе Эпштэйн быў першы раз арыштаваны па абвінавачваньні ў разбэшчваньні 14-гадовай дзяўчынкі, паліцыя выявіла дзясяткі меркаваных ахвяр, аднак пракуратура ў таямніцы ад ахвяр дамовілася аб пазасудовай зьдзелцы, і фінансіст атрымаў 1,5 гады турмы і дазвол рэгулярна адлучацца зь яе па справах. У 2019 годзе Эпштэйн быў зноў арыштаваны ФБР і пакончыў з сабой у турме, знаходзячыся пад арыштам. Яго саўдзельніца Гіслейн Максьвел была асуджаная ў 2021 годзе і адбывае 20-гадовы тэрмін.

У ходзе сваёй перадвыбарнай кампаніі Трамп абяцаў апублікаваць сьпіс кліентаў, якім Эпштэйн пастаўляў юных дзяўчат. У адпаведнасьці з кансьпіралягічнай вэрсіяй, якую распаўсюджваў Трамп і яго прыхільнікі, амэрыканскія ўлады схавалі гэтыя дадзеныя, паколькі сярод кліентаў Эпштэйна была маса высокапастаўленых фігур. Акрамя таго, існавала вэрсія, што Эпштэйн быў агентам спэцслужбаў — гэта тлумачыла ўсе цёмныя месцы ў яго біяграфіі, а самагубства ў турме ператваралася такім чынам у забойства, якое дазваляла закрыць справу і такім чынам абараніць кліентаў і заступнікаў Эпштэйна.

Пасьля абраньня Трамп прызначыў блогера-кансьпіролага Кэша Патэла, які распаўсюджваў гэтую вэрсію, кіраўніком ФБР, а прызначаная Трампам генпракурор Пэм Бондзі заявіла ў інтэрвію, што сьпіс кліентаў Эпштэйна ляжыць у яе на стале. Аднак у ліпені ФБР і Мінюст ЗША, ведамствы, якія ўзначальваюць Патэл і Бондзі, заявілі, што справа закрытая, ніякіх саўдзельнікаў у Эпштэйна не было, і ніякіх дадатковых матэрыялаў апублікавана не будзе. Гэта выклікала выбух незадаволенасьці сярод прыхільнікаў Трампа.

У адказ Трамп даручыў Пэм Бондзі дамагацца рассакрэчваньня пратаколаў вялікага журы па справах Эпштэйна і Максвел. Мінюст ужо падаў адпаведнае хадайніцтва, паабяцаўшы абараніць асабістыя зьвесткі ахвяраў.

Чакаецца, што нават пасьля магчымай публікацыі пратаколы вялікага журы будуць часткова адрэдагаваны і не раскрыюць усіх дэталяў. Такія матэрыялы могуць зьмяшчаць непацьверджаныя дадзеныя, не прызначаныя для судовага разбору.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG