«Пакуль што пазыцыя Літвы не зьмянілася, і мы не зьбіраемся рабіць ніякіх крокаў адносна арбітражу або іншых спрэчак. [...] Безумоўна, пакуль няма сурʼёзнай і падрабязнай дыскусіі па гэтым пытаньні», — сказаў Гінтаўтас Палуцкас журналістам 18 ліпеня, паведамілі літоўскія выданьні LRT і BNS.
Прэм’ер Літвы пацьвердзіў, што стывідорная кампанія Клайпэдзкага порту Biriu krovinių terminalas (BKT) зьвярнулася да ўраду з прапановай дасягнуць міравога пагадненьня і аднавіць транспартаваньне беларускіх угнаеньняў празь Літву.
Цяпер суд Эўрапейскага зьвязу разглядае пазоў гэтай літоўскай кампаніі супраць Рады ЭЗ, якая ўвяла санкцыі на транзыт беларускіх угнаеньняў.
«Мы ведаем, што ёсьць зварот у канцылярыю ўраду, якая, адпаведна, зьбірае інфармацыю і камунікуе зь Міністэрствам замежных спраў, якое адказвае за выкананьне і кантроль санкцый, а таксама зь Міністэрствам транспарту і камунікацый, якое выконвае санкцыі непасрэдна празь літоўскую чыгунку», — дадаў Гантаўтас Палуцкас.
Агенцтва BNS паведаміла, што генэральны дырэктар стывідорнай кампаніі BKT Русланас Малінін у чэрвені накіраваў ліст прэмʼер-міністру і ўраду з прапановай аднавіць транзыт узамен на адкліканьне пазову з суда ЭЗ.
Міністар транспарту Літвы Яўгеніюс Сабутіс заявіў, што яму нічога невядома пра такую прапанову, і запэўніў, што цяпер ніякіх абмеркаваньняў адносна магчымага аднаўленьня транзыту прадукцыі «Беларуськалія» не вядзецца.
19 траўня суд ЭЗ адхіліў частку пазову BKT, у якой кампанія аспрэчвала абмежавальныя меры, ухваленыя Эўракамісіяй, што прывяло да рашэньня ўраду Літвы спыніць транзыт прадукцыі «Беларуськалія» праз Клайпэдзкі порт у лютым 2022 году.
Аднак частка пазову, якая аспрэчвае рэглямэнт і бязьдзейнасьць іншага адказчыка па справе — Рады ЭЗ, будзе працягвацца ў судзе. Эўракамісія ўвяла санкцыі на падставе Рэглямэнту Рады.
«Беларуськалій», які падаў пазоў супраць Літвы летась у сьнежні, патрабуе кампэнсацыі шкоды ў памеры 12,09 мільярдаў даляраў. Беларускае прадпрыемства ініцыявала інвэстыцыйны арбітраж пасьля таго, як у студзені 2022 году ўрад прызнаў несапраўдным пагадненьне аб перавозцы грузаў паміж Літоўскай чыгункай і «Беларуськаліем». З 1 лютага 2022 году транспартаваньне беларускіх калійных угнаеньняў празь Літву, якое ажыцьцяўлялася шмат гадоў, было спынена.
Да таго стывідорная кампанія BKT апрацоўвала каля 11 мільёнаў тон угнаеньняў «Беларуськалія» у год. Гадавая магутнасьць тэрміналу складае 16 мільёнаў тон.
Да санкцый і забароны на транзыт угнаеньняў кампанія BKT атрымала ў 2021 годзе 16,1 мільёна эўра прыбытку, а яго выручка склала 96,1 мільёна эўра.
Форум