У Абу-Дабі пачалася двухбаковая сустрэча прэм’ер-міністра Армэніі Нікола Пашыньяна і прэзыдэнта Азэрбайджану Ільхама Аліева, піша Армянская служба Радыё Свабода.
Перамовы адбываюцца ў рамках мірнага працэсу паміж краінамі, які можа прывесьці да двухбаковай дамовы.
Апошні раз лідэры Армэніі і Азэрбайджану сустракаліся 16 траўня ў сталіцы Альбаніі Тыране. Пасьля сустрэчы афіцыйны Ерэван паведаміў, што «абодва бакі надаюць важнасьць узгадненьню тэксту мірнага пагадненьня паміж Армэніяй і Азэрбайджанам». Тады бакі абмеркавалі бягучую сытуацыю і падкрэсьлілі важнасьць працягу працэсу падпісаньня.
Аднак канчатковае мірнае пагадненьне паміж дзьвюма краінамі яшчэ не падпісанае.
Пра сустрэчу ў ААЭ стала вядома тыдзень таму з публікацыі на сайце Middle East Eye, які працуе ў Лёндане і асьвятляе падзеі на Блізкім Усходзе. У тыя ж дні Цэнтар Карнэгі для вывучэньня Карабаху (Арцаху) апублікаваў амэрыканскую прапанову для разблякаваньня дарог, — перадаць кіраваньне дарогай, якая злучае асноўную тэрыторыю Азэрбайджану зь ягоным эксклявам Нахічэваньню і праходзіць праз тэрыторыю Армэніі, амэрыканскай прыватнай кампаніі, піша Азэрбайджанская служба Радыё Свабода.
Азэрбайджанскі бок заявіў, сярод іншага, што мае пэўныя ўмовы перад падпісаньнем мірнага пагадненьня. Азэрбайджан лічыць, што ў Канстытуцыі Армэніі ёсьць тэрытарыяльныя прэтэнзіі да яго, і гэта трэба ўхіліць. Апрача таго, афіцыйны Баку мяркуе, што Менская група АБСЭ (пад сустаршынствам ЗША, Расеі і Францыі), якая шмат гадоў мае быць пасярэднікам у мірных перамовах паміж дзьвюма краінамі, павінна быць распушчаная. Афіцыйны Ерэван лічыць умову наконт Менскай групы АБСЭ вырашальнай, аднак у Армэніі мяркуюць, што канстытуцыйнае пытаньне не павінна быць перашкодай для падпісаньня мірнай дамовы.
Напярэдадні дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіё, спасылаючыся на посьпехі амэрыканскай дыпляматыі за апошнія паўгода, выказаў надзею, што да іх неўзабаве можа быць дададзенае і мірнае пагадненьне паміж Азэрбайджанам і Армэніяй.
Гады вайны і перамоваў
Апошнія падзеі адбываюцца пасьля доўгіх перамоваў аб трывалым мірным пагадненьні.
Нагорны Карабах, дзе жыла значная колькасьць армянскага насельніцтва, быў пад кантролем армянскіх уладаў з пачатку 1990-х гадоў, пасьля разбуральнай вайны між двума суседзямі пасьля распаду Савецкага Саюзу.
Пасьля кароткага, але інтэнсіўнага вайсковага наступу Азэрбайджану ў верасьні 2023 году сэпаратысцкае кіраўніцтва здалося, і рэгіён, які цяпер афіцыйна завецца Карабахам, быў рэінтэграваны ў Азэрбайджан.
Вайна прывяла да масавага выхаду з рэгіёну больш як 100 000 этнічных армян .
Пасьля апошняй вайны за рэгіён Армэнія і Азэрбайджан аднавілі перамовы аб мірнай дамове, каб афіцыйна прызнаць тэрытарыяльную цэласнасьць адно аднаго і завязаць дыпляматычныя адносіны.
Адным з галоўных камянёў спатыкненьня на перамовах стала праўная пазыцыя Армэніі што да статусу Нагорнага Карабаху як тэрыторыі Азэрбайджану.
Баку даўно сьцьвярджае, што канстытуцыя Армэніі ўключае ў сябе няяўныя тэрытарыяльныя прэтэнзіі да Нагорнага Карабаху, афіцыйныя асобы Азэрбайджану настойваюць на тым, што гэтыя пункты трэба зьмяніць да падпісаньня дамовы.