Верым мы ў глябальнае пацяпленьне ці не, але летнія месяцы ў Беларусі апошнімі гадамі робяцца ўсё больш гарачымі. Існуе шмат парадаў, як сябе паводзіць у сьпякотныя дні, і многія зь іх шырокавядомыя. Але існуюць і менш вядомыя рэкамэндацыі, зь якімі знаёміць газэта The New York Times.
Многія з нас чулі пра рызыку, напрыклад, цеплавога ўдару і пра тое, што ў сьпёку трэба піць шмат вадкасьці. Але экспэрты кажуць, што экстрэмальная сьпёка ўплывае практычна на кожную частку нашага цела. Вось сем нечаканых парадаў для таго, каб у сьпёку заставацца ў бясьпецы.
1. Сьцеражыцеся туману ў галаве
Сьпёка можа запаволіць працу мозгу. У выніку зьніжаюцца хуткасьць рэакцыяў, увага і памяць. Прычыны гэтага не зусім зразумелыя, але экспэрты мяркуюць, што падчас сьпёкі мозг больш засяроджаны на захаваньні прахалоды, чым на ясным мысьленьні. Адпаведна ўзрастае рызыка аварыяў, нечаканых падзеньняў і траўмаў. Таму пры зьяўленьні пачуцьця туману ў галаве трэба схавацца ў цень і ахалодзіцца.
2. Складайце плян, як заставацца ў прахалодзе на працягу дня
Даць рады сьпякоце можа быць няпростай задачай. Калі ў вас няма кандыцыянэра, разумна рабіць наступныя рэчы.
Завешвайце шторы, каб абараніць сваё памяшканьне ад простага сонечнага сьвятла, апускайце ногі ў халодную ваду, абмотвайце шыю вільготным ручніком з колатым лёдам. Вэнтылятары таксама могуць быць карысныя, але пры гэтым трэба пакідаць вокны прыадчыненымі, інакш паветра ў пакоі можа яшчэ больш нагрэцца.
Калі па працы ці па іншай патрэбе вам трэба выходзіць на вуліцу, варта браць з сабой парасон, бутэльку з вадой і лёдам і распыляльнік, каб апырскваць вадой скуру.
Трэба рабіць рэгулярныя перапынкі ў знаходжаньні на гарачым паветры. Можна заходзіць у прахалодныя месцы, такія як гандлёвыя цэнтры, кавярні, музэі і бібліятэкі.
3. Дбайце пра бясьпеку дзяцей і пажылых людзей
Пажылыя людзі асабліва ўразьлівыя да экстрэмальнай сьпёкі, паколькі немалады век і хваробы, якія яму спадарожнічаюць (сардэчна-судзінныя, цукроўка), уплываюць на здольнасьць арганізму рэгуляваць тэмпэратуру. Паводле сучасных дасьледаваньняў, сьпякота зьвязана з падвышанай рызыкай спыненьня сэрца, сардэчных прыступаў і інсультаў, а таксама са зьніжэньнем функцыі нырак у пажылых людзей.
Дзеці, у сваю чаргу, знаходзяцца пад большай пагрозай у сьпякотныя дні, бо яны схільныя да больш хуткага пераграваньня і ім больш складана ахалоджвацца.
4. Дакладна ведайце, ці падвышаюць рызыку лекі, якія вы бераце
Мільёны людзей бяруць лекі, якія робяць іх больш уразьлівымі падчас экстрэмальнай сьпёкі. Лекі ад распаўсюджаных хваробаў, такіх як алергія, высокі крывяны ціск, захворваньні нырак, гіпатэрыёз і розныя псыхічныя захворваньні, могуць пагаршаць здольнасьць арганізму ахалоджвацца.
Такія лекі як дыўрэтыкі і некаторыя антыдэпрэсанты, могуць выклікаць больш моцнае потавыдзяленьне, падаўляюць смагу і адначасова больш часта ганяюць людзей ў прыбіральню па малой патрэбе. Іншыя лекі здольныя нават прымусіць мозг павышаць тэмпэратуру цела.
Так што ў справе прыёму лекаў экспэрты раяць не адмаўляцца ад іх, але заўсёды рабіць гэта па рэцэпце і пасьля парады зь лекарам. Ну і не забываць пра захады засьцярогі, каб не перагравацца.
5. Піце ваду
Вада або малако — адны з найлепшых варыянтаў для падтрыманьня воднага балянсу.
Але ня трэба забывацца, што арганізм бярэ каля 20 адсоткаў вадкасьці зь ежы. Садавіна і гародніна — гуркі, салата, салера, памідоры, трускаўкі, кавун і дыня — найлепшыя прадукты зь ліку тых, што ўвільгатняюць наш арганізм.
У сьпёку экспэрты рэкамэндуюць не гатаваць ежу на пліце або ў духоўцы. Гатаваньне салатаў, халодных супоў і іншых страў без награваньня можа дапамагчы вам спажываць больш вады.
Таксама рэкамэндуецца пазьбягаць спажываньне алькаголю і кавы. Абодва гэтыя напоі абязводжваюць арганізм.
6. Скарэктуйце праграму фізычных практыкаваньняў
Заняткі спортам падчас моцнай сьпёкі могуць быць небясьпечныя. Вільготнасьць скуры ад поту можа абцяжарыць рэгуляцыю тэмпэратуры цела пры тым, што потааддзяленьне зьяўляецца натуральным сродкам абароны ад перагрэву. А зь іншага боку, сухое цяпло можа хутка абязводжваць арганізм, запавольваючы потааддзяленьне.
Экспэрты мяркуюць, што вам не абавязкова трэніравацца толькі ў памяшканьні. Але перад тым, як выйсьці на вуліцу, трэба напіцца вады, апрануць сьветлае адзеньне, якое дыхае, і знайсьці зацененае месца для трэніроўкі. Рабіце гэта на адкрытым сонцы.
Акрамя таго, трэба правільна выбіраць пару дня. Раніца можа быць найлепшым часам для сухога паветра, але яна ж можа быць найгоршым часам для трэніровак, калі паветра вакол вас вільготнае.
7. Ахалоджвайцеся перад сном
Тэмпэратура паветра ў спальні зьяўляецца адным з найважнейшых фактараў для добрага сну. Экспэрты рэкамэндуюць падтрымліваць летам у спальні тэмпэратуру каля 20 градусаў цяпла. З прычыны гарачыні складаней засынаць, цяжка пагружацца ў глыбокі сон і наогул цяжка спаць. Ахалоджваньне перад сном, прахалодны душ — найлепшае, што вы можаце зрабіць для прафіляктыкі здаровага сну ў сьпёку.
Форум