Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як беларусам трапіць у Эўропу, калі Літва канчаткова закрые мяжу?


Памежны пераход, ілюстратыўнае фота
Памежны пераход, ілюстратыўнае фота

Паглядзелі, якія ёсьць рэальныя варыянты выезду за мяжу: ад даволі бюджэтных — аўтобусам у Польшчу — да нятанных, самалётам праз Стамбул ці Тбілісі.

Пачынаючы з 22 кастрычніка, літоўскі бок ужо трэці раз закрывае прапускныя пункты і Віленскі аэрапорт праз масавую атаку паветраных балёнаў з кантрабанднымі цыгарэтамі. Мяжу закрывалі два разы на некалькі гадзін — у ноч з 22 на 23 кастрычніка і ў ноч з 25 на 26 кастрычніка, а на няпэўны час закрылі ўвечары нядзелі, 26 кастрычніка.

Мяжа застанецца закрытай прынамсі да серады. Пасьля паседжаньня ўраду стане вядома пра далейшае разьвіцьцё сытуацыі. Літоўскі бок гатовы закрыць мяжу надоўга.

«Мы ўжо падрыхтавалі рашэньне аб закрыцьці мяжы зь Беларусьсю на неакрэсьлены тэрмін», — заявіла прэм’ер-міністрка Літвы Інга Ругінене, перадае Delfi.

Найкарацейшы (але ня самы танны) шлях зь Беларусі ў розныя краіны Эўрапейскага Зьвязу быў праз Вільню. Зь Менску да Вільні прыкладна 180 кілямэтраў, да апошняга часу працавалі два прапускныя пункты (Каменны Лог — Меднікі і Беняконі — Салечнікі). Праўда, цэны на квіткі апошнім часам завысокія: больш за 80 эўра.

Польшча: чакаецца істотны рост чэргаў

Для пасажыраў працуе адзін памежны аўтамабільны пераход у Польшчу Берасьце — Тарэспаль.

Праўда, польскі бок у сувязі з расейска-беларускімі вучэньнямі «Захад-2026» закрываў мяжу амаль на 2 тыдні — з 12 па 24 верасьня.

Адразу пасьля закрыцьця памежных пунктаў Літвы увечары 26 кастрычніка на беларуска-польскім пераходзе Берасьце — Тарэспаль чарга вырасла ўдвая: з 360 легкавікоў да 775, таксама у чарзе 22 аўтобусы. У канцы жніўня — напачатку верасьня на беларуска-польскай мяжы ўжо бываў каляпс, тады ў чэргах стаялі па 3 тысячы аўтамабіляў і больш за сотню пасажырскіх аўтобусаў.

Азнаёміцца з даўжынёй чэргаўна прапускных пунктах можна на сайце Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі.

Можна трапіць зь Беларусі ў Польшчу і праз расейскі Калінінград. Туды ходзяць два цягнікі Масква — Калінінград (адзін адпраўляецца зь Менску ў 00:10, другі ў 05:14, у дарозе яны прыкладна па 10 гадзін, цэны ад 365 рублёў за месца ў пляцкарце да 697 рублёў за месца ў купэйным вагоне.

Да Калінінграду можна даляцець зь Менску і самалётам. «Белавія» рэклямуе акцыю — цэны пачынаюцца ад 140 эўра на пералёт туды-назад . Далей 4 гадзіны аўтобусам да польскага Гданьску, а адтуль ўжо куды заўгодна.

Латвія: неабходна паінфармаваць пра перасячэньне мяжы за 48 гадзін

Зь Беларусі можна трапіць у Латвію праз памежны пераход Грыгораўшчына (Верхнядзьвінскі раён).

Аднак з 1 верасьня Латвія ўскладніла правілы перасячэньня мяжы.

Уведзена новае патрабаваньне для грамадзянаў трэціх краін (уключаючы Беларусь): перад уездам у Латвію трэба запоўніць электронную форму, дзе пазначаюцца мэта паездкі, месца жыхарства ў Латвіі, маршруты, кантакты. Грамадзянам іншых краін цяпер трэба падаць гэтую інфармацыю за 48 гадзін да ўезду.

Пасля ўезду зь Беларусі могуць узьнікаць пытаньні падчас праверак — рэкамэндуецца мець усе дакумэнты ў парадку.

Таксама забаронены ўезд у Латвію аўтамабіляў зь беларускімі нумарамі.

Аўтобусы Менск — Рыга ідуць празь Літву, таму з закрыцьцём літоўскай мяжы, магчыма, перавозьнікі зьменяць маршрут (як было сёлета ў верасьні, калі пасажырскія аўтобусы зь Беларусі ў Польшчу ішлі празь Літву). Натуральна, магчыма істотнае павышэньне цэнаў на квіткі, бо расьце адлегласьць).

Грузія, Турэччына, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты — транзыт нятанны

Шлях нятанны, але рэальны. Вылецець самалётам у транзытны пункт — у грузінскія Тбілісі, Батумі, турэцкі Стамбул ці Дубай у Аб’яднаных Арабскіх Эміратах. І адтуль самалётам паляцець у краіны ЭЗ.

Сярэднія цэны на рэйс Менск — Стамбул у адзін бок ад 180 да 320 даляраў. Туды-назад — ад 460 да 800 даляраў.

Зь Менску ў Тбілісі цэны вагаюцца з 170 да 400 даляраў у адзін бок, 350–800 даляраў туды-назад.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG