Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лекары навучыліся прадказваць узроставыя хваробы па аналізе крыві ў маладзейшым веку


Ці ведаеце вы, колькі гадоў органам вашага цела? Адказ можа не адпавядаць храналягічнаму ўзросту канкрэтнага чалавека. А новы аналіз паказвае, што біялягічны ўзрост органа можа прадказаць рызыку такіх хваробаў, як рак, дэмэнцыя і хваробы сэрца, піша The Washinfton Post.

Вынікі аналізу папярэдніх дасьледаваньняў апублікаваныя ў Lancet Digital Health. Яго аўтары вывучылі дадзеныя Whitehall II — маштабнага брытанскага дасьледаваньня старэньня, у якім на працягу 35 гадоў назіралі за больш чым 10 000 дарослых брытанцаў. У пэрыяд з 1997 па 1999 год удзельнікі ва ўзросьце ад 45 да 69 гадоў здавалі ўзоры плязмы крыві.

Цяпер дасьледчыкі прааналізавала гэтыя ўзоры, а таксама дадзеныя наступнага назіраньня за 6235 удзельнікамі Whitehall II, якім было ад 65 да 89 гадоў. Аўтары спрабавалі вымераць разрыў паміж узростам чалавека і біялягічным узростам дзевяці яго органаў: сэрца, крывяносных судзінаў, печані, імуннай сыстэмы, падстраўнікавай залозы, нырак, лёгкіх, кішэчніка і мозгу. Для гэтага яны вывучылі дадзеныя шматгадовага назіраньня, каб зразумець, якія хваробы разьвіваліся ва ўдзельнікаў па меры старэньня на працягу наступных 20 гадоў.

Аказалася што органы ў розных людзей старэлі з рознай хуткасьцю. І нават у аднаго і таго ж чалавека розныя органы старэлі па-рознаму. Агулам высьветлілася, што людзі, чые органы старэлі хутка, мелі падвышаную рызыку трыццаці з сарака пяці вядомых узроставых хваробаў.

Таксама была заўважаная сувязь паміж хуткасьцю старэньня таго ці іншага органа з хваробамі ў ім. Напрыклад, у тых, хто меў паскоранае старэньне лёгкіх, верагоднасьць разьвіцьця рэсьпіратарных захворваньняў на працягу наступных 20 гадоў была вышэйшаю.

Але ў выпадку іншых органаў гэтая сувязь аказалася не такой наўпроставай. Напрыклад, хутчэйшае старэньне нырак было зьвязана ня толькі з хваробамі нырак, але і іншых органаў, такіх як печань і падстраўнікавая залоза. І наадварот, паскоранае старэньне некалькіх органаў у арганізьме павялічвала рызыку хваробы нырак.

Да вельмі нечаканых высноваў дасьледчыкі аднесьлі факт, што дэмэнцыю лепш за ўсё прадказвала не паскоранае старэньне мозгу, а біялягічны ўзрост імуннай сыстэмы.

Прафэсар факультэту навук аб мозгу Лёнданскага ўнівэрсытэцкага каледжу і вядучы аўтар дасьледаваньня Міка Ківімакі ў прэсавым рэлізе заявіў, што такія спэцыфічныя для канкрэтнага органу аналізы крыві аднойчы змогуць падказаць, ці трэба чалавеку больш дбаць пра той ці іншы орган, а таксама дапамогуць загадзя вызначыць, што чалавек мае рызыку пэўнага захворваньня.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG