Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ізаляваць Беларусь і захапіць Калінінград». Як дзяржаўныя СМІ адрэагавалі на закрыцьцё Літвой мяжы


Чарга грузавікоў на памежным пераходзе ў Медніках. Архіўнае фота
Чарга грузавікоў на памежным пераходзе ў Медніках. Архіўнае фота

Свабода пачытала ранішнія паведамленьні цэнтральных і рэгіянальных дзяржаўных СМІ, а таксама праўладных каналаў. Неадназначнай аказалася рэакцыя на закрыцьцё літоўскай мяжы.

Увечары 26 кастрычніка ў Літве пасьля чарговай атакі аэрастатамі зь беларускай тэрыторыі закрывалі аэрапорт Вільні і на нявызначаны тэрмін закрылі мяжу. Сёньня раніцай гэта стала цэнтральнай тэмай усіх дзяржаўных выданьняў, тэлевізійных каналаў і радыё Беларусі.

«Рыхтуюць анэксію Калінінградзкай вобласьці»

Дзяржаўныя СМІ разглядаюць праблемы закрыцьця мяжы з гледзішча «агрэсіўных плянаў Эўропы».

У выданьнях Горадзенскай вобласьці перадрукоўваюць інфармацыю, падрыхтаваную ананімным Telegram-каналам, зьвязаным зь сілавымі органамі Беларусі.

«Ніякіх доказаў, што дроны ці кантрабандныя мэтэазонды прыляцелі зь Беларусі, не пададзена. Больш за тое, прэм’ер-міністар Інга Ругінене шчыра заявіла, што дрон каля аэрапорту „быў мясцовым і з суседняй краінай ніяк не зьвязаны“. Тым ня менш ад Літвы патрабуюць больш радыкальных крокаў для эскаляцыі напружанасьці ў рэгіёне», — піша выданьне «Гродненская правда» (кіраўніца ўраду Літвы сапраўды такое казала, але не пра апошні выпадак, а ранейшы. — РС).

Згодна з публікацыяй, NATO рыхтуе анэксію Калінінградзкай вобласьці.

«Выгнаньне Расеі з Усходняй Прусіі насьпела», — такі сцэнар абмяркоўвалі камандуючы арміяй Літвы Вальдэмарас Рупшыс і начальнік Генэральнага штабу Польшчы Раймунд Анджэйчак увосень 2022 году. Пад прыкрыцьцём вучэньняў Альянс пастаянна адпрацоўвае ў гэтым раёне сцэнары захопу расейскіх тэрыторыяў», — сказана ў паведамленьні.

Заяўляюць таксама, што адзіны чыгуначны шлях з Калінінграду ў Расею, які ідзе празь Літву і Беларусь, хочуць заблякаваць і такім чынам ізаляваць расейскі рэгіён.

Апроч таго, спасылаюцца на нейкія справаздачы, паводле якіх Захад нібыта на 2025 год плянаваў «эскаляцыю ў раёне Сувальскага калідору, але гэтым плянам Літва і Польшча супраціўляюцца».

«Вінаватая Літва, а не Беларусь»

Раённае выданьне «Ашмянскі весьнік» апэратыўна падрыхтавала рэпартаж з сумежнай зь Літвой беларускай тэрыторыі, апытаўшы як замежных грамадзян, якія перасякаюць мяжу зь Літвой у легкавых аўтамабілях, гэтак і кіроўцаў грузавога транспарту. Выданьне назвала рашэньне ўладаў Літвы «спэктаклем літоўскага тэатру абсурду».

«Узрост і стан людзей, якія сталі закладнікамі бязвыхаднай сытуацыі, сумежны бок не хвалюе. Ужо нават чэргі для грамадзян сталі нормай. Страшнейшае — гэта невядомасьць: ці адкрыюць мяжу і калі», — піша выданьне.

Адначасова публікуюць выказваньні некалькіх замежных грамадзян, якія вельмі хваляць сытуацыю ў Беларусі і незадаволеныя дзеяньнямі літоўскага боку.

«У чым мы вінаватыя? Нават калі лічыць, што гісторыя парушэньня паветранай прасторы „балёнамі з цыгарэтамі“ праўда, то якое дачыненьне да гэтага маем мы?», — працытавала выданьне людзей, якія чакаюць адкрыцьця мяжы.

«Я лічу, тут літоўцы вінаватыя. Беларусаў віны я ня бачу. Яны працуюць нармальна. Прыехаў, аформілі хутка, і вось чакаем далей. Літоўцы марудзяць. Стаю ўжо 22 дні, за дзень толькі па 10 грузавікоў прапускаюць», — працытавала выданьне кіроўцу з Узбэкістану.

«Прыяжджала да роднага брата. Вельмі спадабалася ў Беларусі. [...] Празь якую прычыну літоўцы закрываюць мяжу, ня ведаю. Мяркую, рашэньне ідзе зьверху. Крыўдна толькі, што пакутаваць даводзіцца нам, звычайным людзям», — працытавалі мясцовыя журналісты Марыю з Эстоніі.

«Рэч не ў балёнах»

Ува ўсіх выданьнях закрыцьцё мяжы падаецца як неапраўданае і неабгрунтаванае рашэньне літоўскага боку.

Напрыклад, у ранішнім этэры першай праграмы Беларускага радыё пры абмеркаваньні гэтай тэмы ўвогуле не згадалі прычыну закрыцьця мяжы — той факт, што зь беларускай тэрыторыі ляцяць шмалікія «кантрабандныя балёны», увогуле не агучвалі.

На Беларускай тэлевізіі таксама на першым месцы гуманітарныя праблемы людзей, якія засталіся ў чэргах чакаць рашэньня Камісіі нацыянальнай бясьпекі Літвы аб далейшых дзеяньнях на мяжы зь Беларусьсю.

«Людзі не разумеюць, як ім дзейнічаць далей, а вось кіроўцы грузавікоў ужо звыклі да часовага закрыцьця з улікам таго, што літоўцы і так працуюць у 10 разоў павальней, чым дазваляюць магчымасьці», — адзначаецца ў публікацыі.

Што кажуць праўладныя каналы

Telegram-канал «Глас МИДа», зьвязаны з замежнапалітычным ведамствам Беларусі, назваў барацьбу Літвы з аэрастатамі і закрыцьцё мяжы «памежным садызмам».

«У той час як літоўскія ўлады з патасам абвясьцілі аб „перамозе на паветранымі балёнамі“, на мяжы разгарнулася сапраўдная лябараторыя выпрабаваньня межаў чалавечай цярплівасьці. Яе паддосьледнымі сталі звычайныя людзі, якія сталі закладнікамі абсурднай сытуацыі», — піша «Глас МИДа».

Літву абвінавацілі ў ажыцьцяўленьні «тэорыі расавай перавагі», а мяжу — палігонам для выпрабаваньня новых формаў ціску на Беларусь. Аднак урэшце падкрэсьлілі, што прапановы Літве «аб супрацы застаюцца ў сіле».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG