Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мэдыкі знайшлі сувязь паміж экстрэмальнай сьпёкай і старэньнем


Ілюстрацыйнае фота.
Ілюстрацыйнае фота.

Новае дасьледаваньне паказала, што людзі, якія жывуць у гарачых рэгіёнах, маюць больш зьменаў на малекулярным узроўні, чым тыя, хто жыве ў прахалодных месцах, а экстрэмальная сьпякота зьвязаная з паскораным старэньнем пажылых людзей. Пра гэта піша The New York Times.

Навукоўцы задумаліся: ці можа экстрэмальная сьпёка, зь якой звычайна зьвязваюць высокую рызыку цеплавога ўдару і сьмерці ў пажылых людзей, уплываць на функцыянаваньне нашай ДНК і паскараць працэс старэньня?

Аўтары новага дасьледаваньня, апублікаванага 26 лютага ў часопісе Science Advances, мяркуюць, што гэта магчыма. Аналіз больш як 3600 пажылых людзей у Злучаных Штатах паказаў, што тыя, хто жыве ў раёнах, дзе часта бывае экстрэмальная сьпёка — 32 градусы і вышэй — паказваюць больш паскоранае старэньне на малекулярным узроўні ў параўнаньні з тымі, хто жыве ў раёнах, менш схільных да экстрэмальнай сьпёкі.

Лекары кажуць, што хвалі цяпла і павышэньне тэмпэратуры з прычыны зьмены клімату могуць хімічна мадыфікаваць ДНК людзей і паскараць іх біялягічнае старэньне. Аўтары дасьледаваньня падлічылі, што чалавек, які жыве ў раёне, дзе тэмпэратура дасягае 32 градусаў і вышэй на працягу 140 дзён у год, можа старэць на 14 месяцаў хутчэй, чым той, хто жыве там, дзе за год бывае менш за дзесяць дзён экстрэмальнай сьпёкі.

Для правядзеньня дасьледаваньня навукоўцы прааналізавалі тры варыянты старэньня біямаркераў, вядомых як эпігенэтычныя гадзіньнікі. У людзей, якім на момант дасьледаваньня было 56 і болей гадоў, узялі аналізы крыві ў рамках іншага нацыянальнага дасьледаваньня насельніцтва. Пасьля навукоўцы параўналі біямаркеры старэньня са штодзённымі кліматычнымі дадзенымі за шэсьць гадоў па розных геаграфічных рэгіёнах.

Эпігенэтычныя гадзіньнікі вымяраюць біялягічныя зьмены, здольныя прадказаць будучую рызыку хваробаў або сьмерці ў пажылым узросьце. Яны ацэньваюць, «наколькі добра арганізм функцыянуе на малекулярным і клеткавым узроўні», — кажа герантоляг з Унівэрсытэту Паўднёвай Караліны і суаўтар дасьледаваньня Юн Янг Чой. ДНК кожнага чалавека пры нараджэньні фіксуецца, але вонкавыя фактары, напрыклад, стрэс ці забруджваньне, могуць выклікаць малекулярныя зьмены, якія выключаюць і ўключаюць асобныя гены і ўплываюць на іх працу. «ДНК падобная да чарцяжа», — кажа доктар Чой, а эпігенэтычныя зьмены падобныя да «разьмеркавальнага шчыта, які кантралюе, каторая менавіта частка чарцяжа актывуецца».

Паводле The New York Times, новае дасьледаваньне стала першым аналізам на ўзроўні папуляцыі людзей, які знайшоў сувязь паміж узьдзеяньнем цяпла і эпігенэтычным старэньнем. Раней асобныя дасьледаваньні выявілі падобныя зьмены ў рыб, мышэй і марскіх сьвінак.

Камэнтуючы вынікі дасьледаваньня, прафэсар Гарвардзкай школы аховы здароўя Нэнсі Крыгер назвала яго нагодай, каб падумаць пра сувязь геаграфіі і біялягічных паказьнікаў у пажылых людзей. Многія з раёнаў у ЗША, дзе, як паказала дасьледаваньне, назіраюцца самыя сьпякотныя дні, «таксама зьяўляюцца штатамі з горшымі паказьнікамі здароўя», — сказала яна.

Але, кажа доктар Крыгер, сьпякота, верагодна, не адзіны фактар. І аўтары дасьледаваньня таксама падкрэсьліваюць, што пакуль недастаткова дадзеных, каб зрабіць канчатковую і дакладную выснову, што ўзьдзеяньне цяпла паскарае старэньне — пакуль можна гаварыць, што гэтыя два фактары выглядаюць зьвязанымі паміж сабой. Акрамя таго, прааналізаваныя дадзеныя ня ўтрымлівалі дэталяў ладу жыцьця людзей, напрыклад, ці мелі яны доступ да кандыцыянэра і якую частку дня праводзілі ў памяшканьні.

Экспэрты кажуць, што без адказу застаюцца і шмат іншых пытаньняў. Напрыклад, як кандыцыянэры паветра могуць уплываць на эпігенэтычнае старэньне? Ці могуць кароткія візыты ў больш гарачыя рэгіёны прымусіць чалавека старэць хутчэй? І ці можа пераезд з больш гарачых рэгіёнаў у больш халодныя абярнуць старэньне назад?

Адказы на гэтыя пытаньні навукоўцам яшчэ трэба знайсьці ў будучыні.

А пакуль усім нам варта не забываць пра цень у сьпякотныя дні, пра рэжым піцьця і пра выгады ад карыстаньня кандыцыянэрамі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG