Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трактарны завод для выпуску «Беларусаў» у Краснадарскім краі будуць будаваць 8 гадоў


Трактарная тэхніка «Беларус», архіўнае фота
Трактарная тэхніка «Беларус», архіўнае фота

Пабудову заводу колавых трактароў маркі «Беларус» у станіцы Старамінскай Краснадарскага краю ў Расеі плянуюць рэалізаваць да 2033 году.

Паводле інфармацыі прэс-службы адміністрацыі гэтага расейскага рэгіёну, ініцыятыва прадугледжвае стварэньне новай вытворчасьці з высокай ступеньню лякалізацыі, у тым ліку дзьвюх мадыфікацыяў тэхнікі, якія раней не вырабляліся ў Расеі, паведамляе газэта «Коммерсантъ».

Паводле газэты, праект уключае дэмантаж састарэлых прамысловых карпусоў і будаўніцтва новага вытворчага цэху, складавых памяшканьняў і набыцьцё тэхналягічнага абсталяваньня для запуску новых вытворчых працэсаў.

Згодна з папярэднімі ацэнкамі, на новым прадпрыемстве будзе створана ня менш як 318 працоўных месцаў. Рэгіянальныя ўлады вызваляць інвэстара ад выплаты падатку на прыбытак і падатку на маёмасьць у мэтах стымуляваньня прамысловага росту і разьвіцьця сумежных галінаў.

Паводле губэрнатара краю Веньяміна Кандрацьева, запуск вытворчасьці дасьць магчымасьць павялічыць аб’ёмы выпуску запатрабаванай сельскагаспадарчай тэхнікі, стымуляваць рост машынабудаўнічага сэктару і стварыць дадатковую падатковую базу. Сярод чаканых эфэктаў ад рэалізацыі праекту таксама называюцца рост вытворчай каапэрацыі і павышэньне даступнасьці спэцыялізаванай тэхнікі для аграрыяў рэгіёну.

Пры гэтым у беларускай вытворчасьці ў гэтым расейскім рэгіёне будуць канкурэнты. Паводле даных адміністрацыі, на чэрвень 2025 году ў Краснадарскім краі функцыянуе больш за 30 прадпрыемстваў, якія выпускаюць і пастаўляюць сельгастэхніку, уключаючы трактары, камбайны, жняяркі, дажджавальныя ўстаноўкі і прычапную глебаапрацоўчую тэхніку, а таксама кампанэнты для яе зборкі.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG