Сьцісла:
- Для рэжыму наяўнасьць палітвязьняў зьяўляецца неабходнай умовай утрыманьня ўлады.
- У палітычных рэпрэсіях удзельнічаюць не толькі сілавыя структуры, але і ўвесь дзяржаўны апарат. Краіна аказалася падзеленай на дзьве часткі: на тых, якія караюць, і на тых, якіх караюць.
- Палітвязьні сталі важным фактарам замежнай палітыкі Беларусі, прадметам торгу з краінамі Захаду.
- І для беларускай апазыцыі пытаньне пра палітвязьняў стала ці не важнейшым пытаньнем парадку дня. Асноўныя рознагалосьсі ў дэмакратычным асяродзьдзі адбываюцца вакол таго, ці варта ісьці на саступкі рэжыму Лукашэнкі дзеля вызваленьня палітзьняволеных.
21 траўня адзначаецца Дзень салідарнасьці з палітвязьнямі Беларусі. Гэтую дату праваабаронцы прысьвячаюць памяці актывіста Вітольда Ашурка, які памёр у шклоўскай калёніі 21 траўня 2021 года.
За апошнія пяць гадоў пытаньне палітзьняволеных ператварылася ў важны грамадзка-палітычны фактар Беларусі, стала чыньнікам, які моцна ўплывае на працэсы жыцьцядзейнасьці краіны ва ўсіх сфэрах. Гэтую тэму актыўна абмяркоўваюць як дзяржаўныя, так і незалежныя беларускія мэдыі.
Найперш, варта вызначыць маштаб зьявы. Але зрабіць гэта няпроста. Бо інфармацыя няпоўная, скажоная, пытаньне абцяжаранае рознымі інтэрпрэтацыямі.
Спачатку зьвернемся да афіцыйных крыніц, да інфармацыі, якую даюць самі ўлады. Паводле Сьледчага камітэту Беларусі, з 2020 году зафіксавана 22,5 тысячы злачынстваў «экстрэмісцкай накіраванасьці». Кіраўнік гэтага ведамства Дзьмітры Гара, выступаючы мінулым тыднем на Пецярбурскім міжнародным форуме ў Расеі, адзначыў, што ў краіне асудзілі больш за 6000 тысяч «экстрэмістаў». Калі аналізаваць статыстыку, то выглядае, што каля 20% спраў, якія разглядаюцца сьледчымі органамі і судамі — гэта справы «экстрэмісцкай» накіраванасьці.
Праваабаронцы, незалежныя экспэрты даюць іншую статыстыку, прычым, даводзяць, што яна далёка не поўная. Паводле дадзеных праваабарончага цэнтра «Вясна», з пачатку электаральнай кампаніі 2020 году па палітычных матывах у Беларусі былі затрыманыя больш за 50 тысяч чалавек. Дасьледчык палітычных рэпрэсій Генадзь Каршуноў лічыць, што гэтая лічба дасягае 65 тысяч чалавек.
За пяць гадоў у Беларусі звыш 20 праціўнікаў рэжыму Лукашэнкі пазбавіліся жыцьця з прычыны дзеяньняў уладаў: былі застрэленыя, зьбітыя да сьмерці, даведзеныя да самагубства, памерлі з-за пагаршэньня здароўя і неаказаньня мэдычнай дапамогі ў зьняволеньні.
Цяпер у вязьніцах застаюцца каля 1200 палітзьняволеных. Паводле ацэнак праваабаронцаў, умовы, у якіх яны, адбываюць зьняволеньне, набліжаюцца да ўзроўню катаваньняў. 206 вязьняў знаходзяцца ў стане асаблівай рызыкі.
Маштаб рэпрэсій такі вялікі, што палітзьняволеныя сталі часткай паўсядзённага жыцьця краіны, пра іх існаваньне ведаюць нават далёкія ад палітыкі абывацелі. Бо калі ў невялікім горадзе ці на заводзе адбываецца «хапун», то пра яго даведваюцца амаль усе жыхары ці работнікі прадпрыемства.
Для рэжыму наяўнасьць палітвязьняў зьяўляецца неабходнай умовай утрыманьня ўлады
Фактар палітвязьняў, шырэй, палітычных рэпрэсій, нэгатыўна ўплывае на эканоміку. «Чысткі» на прадпрыемствах і ўстановах вядуць да звальненьняў і арыштаў кваліфікаваных работнікаў. Рэпрэсіі прымушаюць бізнэс да рэлякацыі, увогуле стымулявалі масавую эміграцыі (да 600 тысяч чалавек). І каб закрыць вакансіі, даводзіцца запрашаць 150 тысяч пакістанцаў.
Для рэжыму наяўнасьць палітвязьняў зьяўляецца неабходнай умовай утрыманьня ўлады. Бо як інакш можна падтрымліваць атмасфэру страху ў грамадзтве?
Але ў гэтым пытаньні пазыцыя ўладаў супярэчлівая. З аднаго боку, сілавікі ўсяляк дэманструюць сваю брутальнасьць у змаганьні з палітычнымі праціўнікам. Па дзяржаўных тэлеканалах, а асабліва, па тэлеграм-каналах паказваюць, як жорстка затрымліваюць «ворагаў», хапаюць на вуліцах, урываюцца ў кватэры, прымушаюць арыштаваных каяцца на камэру. Уся робіцца дзеля застрашэньня людзей, каб баяліся.
Зь іншага боку, апошнім часам рэпрэсіі адбываюцца неяк трохі сарамліва. Улады імкнуцца прыхаваць іх маштаб. Менш стала пакаянных відэа, у судах засакрэцілі інфармацыю пра «палітычныя» працэсы. Аляксандар Лукашэнка кажа, што ў нас няма палітвязьняў, маўляў, няма такога артыкулу ў крымінальным кодэксе. Але тады каго ж ён пэрыядычна вызваляе паводле працэдуры памілаваньня?
Існаваньне палітвязьняў падвышае ўдзельную вагу сілавых структур у палітычнай сыстэме краіны.
Важна адзначыць, што ў палітычных рэпрэсіях удзельнічаюць не толькі сілавыя структуры, але і ўвесь дзяржаўны апарат. Кіраўнікі прадпрыемстваў, устаноў, прычым, не толькі дзяржаўных, павінна сачыць за палітычнай ляяльнасьцю работнікаў, даносіць на іх у «органы». Ставіцца задача замазаць усіх, «павязаць» іх саўдзелам у рэпрэсіях. Краіна аказалася падзеленай на дзьве часткі — на тых, якія караюць, і на тых, якіх караюць. Маем сытуацыю халоднай грамадзянскай вайны.
Краіна аказалася падзеленай на дзьве часткі — на тых, якія караюць, і тых, каго караюць
У 2020 годзе ўлады пераступілі праз сьмерці сваіх праціўнікаў, і цяпер інфармацыю пра тое, што чарговы палітвязень, няхай і былы, пайшоў з жыцьця, іх ужо мала хвалюе.
Рэпрэсіямі ўлады разбураюць грамадзкую мараль. Бо цяпер яны караюць за спачуваньне, спагаду палітвязьням, матэрыяльная дапамога ахвярам рэпрэсій крыміналізуецца, за гэта людзей садзяць за краты.
Палітвязьні сталі важным фактарам замежнай палітыкі Беларусі, прадметам торгу з краінамі Захаду. Апошнімі месяцамі гэта яскрава выявілася ў адносінах з ЗША, беларускія ўлады, дзеля размарожваньня адносін з Вашынгтонам вызвалілі амэрыканскіх грамадзян.
У адносінах з Польшчай пытаньне пра вязьня Анджэя Пачобута стала амаль што цэнтральным пунктам узаемадачыненьняў паміж Варшавай і Менскам. Швайцарыя, дзеля вызваленьня сваёй грамадзянкі Натальлі Хершэ пагадзілася пакінуць свайго амбасадара ў беларускай сталіцы.
І для беларускай апазыцыі пытаньне пра палітвязьняў стала ці не важнейшым пытаньнем парадку дня. Асноўныя разнагалосьсі ў дэмакратычным асяродзьдзі адбываюцца вакол таго, ці варта ісьці на саступкі рэжыму Лукашэнкі дзеля вызваленьня палітзьняволеных.
Пытаньне пра беларускіх вязьняў увесь час падымаецца на розных міжнародных пляцоўках, часта абмяркоўваецца ў структурах ААН.
Апошнія пяць гадоў паказалі, што наяўнасьць ці адсутнасьць палітзьняволеных зьяўляецца важным крытэрыям, паводле якога ацэньваецца прырода палітычнага рэжыму ў краіне. Такі трагічны беларускі досьвед.
Раней на міжнароднай арэне Беларусь часта атаясамлялася з прозьвішчам «Лукашэнка», а цяпер — з тэрмінам «палітвязьні». Вось такая эвалюцыя апошніх пяці гадоў.
Форум