Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы налічылі 219 палітвязьняў у сытуацыі асаблівай рызыкі, якіх трэба тэрмінова вызваліць


Краты ў турме, ілюстрацыйнае фота
Краты ў турме, ілюстрацыйнае фота

У сьпісе хворыя, інваліды, людзі з мэнтальнымі разладамі, вязьні сталага ўзросту. У траўні 2024 году у такім сьпісе былі 254 палітвязьні.

На 12 сакавіка 2025 году праваабаронцам вядома ня менш як пра 219 палітвязьняў у сытуацыі асаблівай рызыкі паводле стану здароўя.

«Вясна» назвала некаторых з такіх палітычныў вязьняў.

Сярод іх актывіст «Эўрапейскай Беларусі» Андрэй Войніч, асуджаны на 7 гадоў зьняволеньня, мае цыроз пячонкі, цукроўку, пухліну над надныркавіцамі, выдалены жоўцевы пухір і мноства зьвязаных з гэтым ускладненьняў. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, Войнічу патрэбная тэрміновая апэрацыя перасадкі пячонкі.

60-гадовы палітоляг Аляксандар Фядута цярпіць ад прыступаў стэнакардыі і арытміі, перасоўваецца з кійком, ня можа нармальна адпачываць, між тым у калёніі яго ня вызвалілі ад працы на вытворчасьці.

На 14 гадоў калёніі асуджаны 68-гадовы палітык Мікалай Статкевіч, які падчас зняволеньня мінімум тройчы хварэў на каранавірус, на гэтым фоне ў яго разьвілася запаленьне лёгкіх. Статкевіча трымаюць у адзіночнай камэры, трэці год ён у рэжыме інкамунікада.

Палітвязень Мікіта Залатароў хварэе на эпілепсію. На судзе малады чалавек паведаміў, што ў СІЗА яму не давалі таблетак, а канваір сказаў: «Ты палітычны, здохнеш». Пасьля прысуду ў Мікіты Залатарова пачалася гістэрыка, ён кідаўся на краты і крычаў: «Выпусьціце мяне адсюль!».

У Марфы Рабковай, асуджанай на 14 гадоў і дзевяць месяцаў зьняволеньня, імкліва пагаршаецца стан здароўя праз умовы ўтрыманьня. Дзяўчына мае праблемы з лімфавузламі і шчытавіцай, вадкасьць у меншым лагве.

Палітзьняволеная Марыя Калесьнікава перанесла апэрацыю на страўніку — у яе знойдзеная пэрфарацыйная язва, дыягнаставаны пэрытаніт. Цяпер Марыя мала есьць, бо харчаваньне з калёніі ёй не пасуе. Вядома, што шпіталізацыі папярэднічала жорсткае абыходжаньне ў ШЫЗА.

У палітвязьня Яўгена Бурло ў зьняволеньні здарыўся рэцыдыў захворваньня, ад якога мужчына цярпеў яшчэ да затрыманьня — нэкроз суставаў сьцягна. Знаёмыя Яўгена апавядалі, што на судзе Яўген Бурло быў на мыліцах, але ў часе прысуду ён нават не мог падняцца. Яўгена Бурло асудзілі на восем гадоў калёніі, яму патрэбная апэрацыя на хрыбетніку.

Ігар Шумілаў, асуджаны на чатыры з паловай гады пазбаўленьня волі, мае інваліднасьць трэцяй групы — да затрыманьня ён трапіў у ДТЗ і страціў нагу. Таксама ў палітвязьня праблемы з валоданьнем правай рукой.

У 42-гадовага Руслана Слуцкага дабраякасная пухліна галаўнога мозгу, а таксама моцныя болі ў сьпіне, празь якія ён часам ня мог устаць з ложку, аднак у шпіталізацыі яму адмаўлялі. Вядома, што ў лістападзе 2022 году ён быў шпіталізаваны з пнэўманіяй. Мужчына асуджаны на 11 гадоў пазбаўленьня волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Палітзьняволенай Ірыне Мельхер сёлета споўніцца 70 гадоў. Жанчына, асуджаная на 17 гадоў зьняволеньня, перанесла гіпэртанічны крыз, мае праблемы з сэрцам і нэрвамі.

67-гадовы лідэр незалежнага прафсаюзу РЭП Генадзь Фядыніч мае праблемы з сэрцам і дыябэт, яго асудзілі на дзевяць гадоў калёніі.

Прафсаюзны актывіст Вацлаў Арэшка, які сустрэў у калёніі 70-годзьдзе, таксама мае шэраг захворваньняў, у тым ліку праблемы з вачыма, яму можа пагражаць сьлепата. Ён асуджаны на восем гадоў калёніі.

64-гадовы актывіст і краязнаўца Ўладзімер Гундар мае інваліднасьць другой групы, у яго няма нагі. Яшчэ ў СІЗА яму не дазволілі мець пратэз, ён перасоўваецца на мыліцах. У вязьніцы перанёс гіпэртанічны крыз, мае праблемы з сэрцам.Трымаюць палітвязьня на турэмным рэжыме.

70-гадоваму пэнсіянэру з Ляхавіч Барысу Вітко прысудзілі сем гадоў і тры месяцы калёніі і штраф 12 тысяч рублёў. Мужчына мае праблемы з сэрцам, увесь час павінен прымаць лекі. Паводле інфармацыі сукамэрнікаў, у яго таксама былі інсульты.

Паводле «Вясны», за кратамі як мінімум 78 чалавек знаходзяцца ў цяжкім стане фізычнага здароўя, 8 чалавек маюць інваліднасьць, 32 сталыя чалавекі, старэйшыя за 60 гадоў (шмат хто зь іх мае вялікія праблемы са здароўем), а таксама 10 чалавек з мэнтальнымі разладамі. Сярод палітзьняволеных — 39 шматдзетных маці і бацькоў. Вядома прынамсі пра 10 сем’яў, дзе абое бацькоў за кратамі.

Юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Павал Сапелка кажа з гэтай нагоды, што вызваленьне палітвязьняў, якія маюць рызыкоўны стан здароўя, ня можа быць прадметам уладных маніпуляцыяў, палітычных дыскусіяў і інсынуацыяў.

«Вызваленьне такіх людзей павінна адбыцца неадкладна ў якасьці першага кроку да сапраўднага нацыянальнага прымірэньня, каб не абцяжарваць немінучую адказнасьць вінаватых у злачынствах супраць чалавечнасьці», — лічыць Павал Сапелка.

Паводле зьвестак «Вясны» на пачатак траўня 2024 году, праваабаронцам было вядома сама меней пра 254 палітвязьняў, якія знаходзіліся за кратамі ў асаблівай рызыцы, сярод іх — 91 чалавек зь цяжкім станам здароўя, 65 тых, чый узрост перавышае 60 гадоў (шмат хто зь іх таксама мае вялікія праблемы са здароўем), 16 з інваліднасьцю.

Некаторых з гэтых вязьняў Аляксандар Лукашэнка памілаваў цягам 2024 і 2025 гадоў.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG