Праваабарончы цэнтар «Вясна» сабраў сьведчаньні пра псыхалягічныя наступствы зьняволеньня сярод тых, хто адбываў пакараньне з палітычных матываў.
Найбольш распаўсюджаная псыхалягічная праблема, ад якой часта пакутуюць былыя палітвязьні, — посттраўматычны стрэсавы разлад (ПТСР), пазбавіцца ад якога самому вельмі цяжка. Асноўныя сымптомы ПТСР — трывожнасьць, парушэньне сну, прайграваньне сытуацыі і насьцярожанасьць. Многія беларусы выходзяць з турмаў альбо зьяжджаюць ад крымінальнага перасьледу, маючы ПТСР, хаця самі яшчэ не ўсьведамляюць дакладна, што зь імі насамрэч.
У Аксаны сонны параліч
«У мяне пастаяннае адчуваньне, што ты не ў бясьпецы: сон вельмі чуйны, я не магу ў сьне проста расслабіцца. У мяне ёсьць яшчэ такая рэч, як сонны параліч. Гэта ад таго, відаць, што на Акрэсьціна я ня спала. Ты проста вырубаесься ў нейкі момант, таму што цела хоча адпачываць. Гэта значыць, сьвядомасьць працуе, яна не дае табе заснуць, таму што яна ў стрэсе. І сьвядомасьць баіцца цябе пакінуць і даць адпачыць, бо трэба быць пастаянна напагатове. А цела вырубаецца...» — расказала Аксана.
Мікалай скардзіцца на выгараньне
«Я згарэў і псыхічна і фізычна. Нармальны сон? Забыўся, што гэта. Панічныя атакі намагаесься душыць высілкам волі, але часам усё выходзіць з-пад кантролю. Вельмі брыдкі стан, а яшчэ пастаянная стомленасьць і агрэсія, і жаданьне схавацца ад усіх на сьвеце... Потым настаў такі час, калі я не хацеў нікога бачыць. Не было фізычных сіл рабіць элемэнтарныя рэчы, вынесьці сьмецьце, падлогу памыць. Разумею, што клопаты пра псыхічнае здароўе такія ж важныя, як і фізычны стан. Усё зьвязана адно з адным, таму я і зьвярнуўся да псыхіятра».
Ася Булыбенка расказала пра спробу суіцыду
Былая палітзьняволеная Ася Булыбенка, якая мае 24 гады і жыве ў Літве, расказала:
«Усё скончылася маёй спробай суіцыду, калі я выпіла шмат таблетак антыдэпрэсантаў і трапіла ў рэанімацыю. Потым мне дыягнаставалі посттраўматычны стрэсавы разлад (ПТСР), таму што калі па мяне прыехалі хуткая і паліцыя ў Вільні, то я думала, што мяне вязуць у Беларусь. Я ня проста не хацела зь імі ісьці, я плакала, крычала, баялася, прасіла ня везьці мяне ў Беларусь, а яны нічога не разумелі...» — расказала дзяўчына праваабаронцам.
Андрэй не хацеў нікога бачыць
«Зімой усё вярнулася, стала яшчэ горш, цяжка было сканцэнтравацца на нейкай праблеме, пачаў справы адкладаць на потым, карацей, заблытаўся ў сваіх праблемах сам. А часам нікога бачыць не хацеў. Можа, гэтая адзінота таксама паўплывала», — расказаў былы вязень Андрэй.
Аляксандар скардзіцца на страх
«Страх — для любога чалавека гэта быццам бы і нармальна. А зь іншага боку, калі гэты страх ператвараецца ўжо непасрэдна ў тваё жыцьцё, калі ты ўвесь час жывеш пад страхам, што ты ня тое сказаў, альбо хтосьці зараз да цябе мусіць прыйсьці, альбо хтосьці на цябе там нешта скажа, альбо тое, што могуць неяк ціснуць на цябе праз тваіх родных, блізкіх, — гэта невыносна.
У Беларусі гэты страх рабіўся ўсё мацнейшы і мацнейшы, і ты пачынаеш разумець, што жывеш у пастаянным страху. Я нават ня ведаю, як гэта растлумачыць. Гэта рэжым Лукашэнкі пасеяў страх сярод людзей, і яны пачалі баяцца ўсяго, увогуле ўсяго.
Ты павінен падпарадкоўвацца, жыць як улада скажа. І нельга тут задаваць іншыя пытаньні альбо разважаць на гэтую тэму».
Аліна баіцца прыходу раніцы
«Першы раз накрыла, можа, праз тыдзень пасьля вызваленьня. Першапачаткова, гэта значыць увесь час, што я была на тэрыторыі Беларусі, быў страх раніцы, таму што ўсіх забіралі раніцай. І вось да абеду прысутнічала нейкая трывога. Пасьля абеду яна неяк адпускала, і потым, на наступную раніцу, было такое, што вось нехта па калідоры ходзіць, і ты ўжо прыслухоўваесься, што там ды як...» — згадала Аліна.
Яўген страціў сябра
«Было псыхалягічна цяжка. Напрыклад, празь некалькі дзён пасьля вызваленьня я напісаў аднаму добраму сябру. А той кажа, што нават у госьці не прыходзь і забудзься на нас. Нам тваіх праблем ня трэба, таму — прабач. І гэта было сапраўды цяжка. У некаторых момантах накрывала моцна і пасьля ад’езду», — расказаў Яўген.
Дзьмітрый раіць нечым займацца
«Трэба займацца чым заўгодна, але толькі не заставацца ў гэтай замкнёнай прасторы. І самае галоўнае, не баяцца, і неяк не даваць выхаду злосьці, якая ў кожнага, хто адседзеў, унутры. Бо гэтая злосьць на несправядлівасьць, гэтая агрэсія, — яны ж назапашваюцца, яны нікуды не сыходзяць. Трэба, каб чалавек чымсьці быў заняты. І, па магчымасьці, каб гэта прыносіла карысьць. Гэта чыста мая думка на схіле веку і на схіле таго, што сам перажыў, што сам выпрабаваў», — раіць былым палітвязьням, якія пакутуюць ад ПТСР, Дзьмітрый.
Як лячыць ПТСР
Да сымптомаў ПТСР спэцыялісты таксама адносяць такія асаблівасьці паводзін, як пазьбяганьне кантактаў зь сябрамі і блізкімі, раздражняльнасьць і ўспышкі гневу, пачуцьцё віны, частае паўтарэньне ў галаве стрэсавай сытуацыі.
Наколькі важна ў такім становішчы своечасова зьвярнуцца да спэцыяліста, патлумачыў псыхіятар Сяргей Папоў:
«Зь цягам часу наступствы псыхічнай траўмы і ПТСР выяўляюцца ў выглядзе розных сымптомаў і розных псыхічных засмучэньняў, якія часам існуюць адначасова. Гэта можа быць дэпрэсія рознай ступені цяжкасьці, трывожныя засмучэньні, залежнасьць ад псыхаактыўных рэчываў, парушэньні паводзін і нават устойлівыя зьмены характару. Важна разумець, што псыхіятар — гэта такі самы лекар, як і той, што лечыць цела. Зразумець і агучыць, у чым заключаецца праблема, — гэта ўжо прыносіць палёгку».
Форум