Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кардынал Гуджэроцьці ў Пінску выказаў спадзеў, што ў будучыні папа Рымскі зможа наведаць Беларусь


Спэцыяльны пасланьнік Лява XIV кардынал Кляўдыё Гуджэроцьці ў Пінску
Спэцыяльны пасланьнік Лява XIV кардынал Кляўдыё Гуджэроцьці ў Пінску

Прэфэкт дыкастэрыі ў справах Усходніх цэркваў у Ватыкане кардынал Кляўдыё Гуджэроцьці, спэцыяльны пасланьнік папы Лява XIV на юбілеі Пінскай япархіі, выказаў надзею, што ў будучыні пантыфік зможа наведаць Беларусь, перадае БелТА.

Кардынал зьвярнуўся зь вітальным словам да вернікаў. «Папа мне зрабіў асаблівы падарунак, накіроўваючы мяне як свайго пасланца на гэтае сьвята, на гэтую ўрачыстасьць. Бо тут я пачуваюся. Калі гляджу ў вашы вочы, слухаю, што вы гаворыце (па-расейску разумею, па-беларуску — трошкі) і адчуваю вялікую радасьць у сваім сэрцы», — сказаў ён.

Гэта першы раз, калі пасланец папы наведвае Беларусь у тытуле кардынала. Гуджэроцьці добра вядомы беларусам, у тым ліку каталікам. Ён чатыры гады (2011–2015) быў у Беларусі нунцыем — дыпляматычным прадстаўніком папы. Пасьля ён прыяжджаў у краіну як пасланьнік папы ў сьнежні 2020 году і ўлетку 2023 году — на Будслаўскі фэст.

Супраць прыезду папы Рымскага ў Беларусь шмат гадоў выступае Маскоўская праваслаўная царква. Вось што казала пра імавернасьць прыезду рымскага пантыфіка ў Беларусь раней у інтэрвію Свабодзе тэалягіня, прадстаўніца аб’яднаньня «Хрысьціянская візія» Натальля Васілевіч:

«Лукашэнка вельмі зацікаўлены ў гэтай падзеі. Але я думаю, што ў першую чаргу папа будзе арыентавацца на пазыцыю патрыярха Кірыла, на пазыцыю кіраўніцтва Расейскай праваслаўнай царквы, і калі гэта будзе насуперак жаданьню таго кіраўніцтва, ён ня будзе разглядаць нават магчымасьць прыезду. Але, магчыма, Лукашэнка неяк зможа дамовіцца з патрыярхам, калі ён сапраўды вельмі моцна зацікаўлены ў такім прыезьдзе. Можна чакаць прыезду калі ня папы Рымскага, то іншых высокіх гасьцей з Ватыкану. Падобныя прэцэдэнты ў гісторыі Беларусі ўжо былі — у 2008 годзе краіну на запрашэньне Лукашэнкі наведваў дзяржаўны сакратар Сьвятога Пасаду кардынал Тарчызіё Бэртонэ.

У 2014 годзе, калі ў Беларусі адбываўся чарговы раўнд праваслаўна-каталіцкага дыялогу, у Менск прыехала цэлая вялікая дэлегацыя праваслаўных і каталіцкіх біскупаў. „Хрысьціянская візія“ апублікавала пераклад успамінаў першага нунцыя ў Беларусі Дамініка Грушоўскага пра тое, як адбываліся перамовы аб прыезьдзе папы Рымскага. Гэтая ўнутраная кухня рэдка выходзіць на паверхню. І мы даведваемся, што калі Грушоўскі спусьціўся з трапа самалёта, прыляцеўшы ў Беларусь як першы нунцый, першая ідэя, якую ён пачуў, была — „мы хочам прыезду папы“. Тады яшчэ папам быў Ян Павал II. Ужо чатыры папы зьмянілася з таго часу, прыезд дагэтуль не адбыўся. Грушоўскі апавядае, што ўмовай прыезду быў дазвол кіраўніцтва Расейскай праваслаўнай царквы. Тады быў патрыярх Алексій II, мітрапалітам Менскім быў Філарэт. Бачыце, усё зьмянілася, увесь сьвет зьмяніўся, а папа дагэтуль не прыехаў. Відаць, ёсьць перашкоды для гэтага».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG