Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЗША пахавалі беларускага пісьменьніка, зьніклага амаль 50 год таму


Фота з разьвітаньня зь Міколам Цэлешам.
Фота з разьвітаньня зь Міколам Цэлешам.

24 кастрычніка на могілках царквы Жыровіцкай Божай Маці Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы ў Іст-Брансьвіку (Нью-Джэрзі) быў пахаваны зьніклы амаль 50 гадоў таму пісьменьнік Мікола Цэлеш.

Пра гэта паведаміла на сваёй старонцы ў Фэйсбуку гісторык Натальля Гардзіенка.

Мікола Цэлеш нарадзіўся 25 ліпеня 1900 у Заазер’і Барысаўскага павета, цяпер Лепельскі раён Віцебскай вобласьці. Вучыўся ў Бялыніцкім народным вучылішчы да 1914 года, калі бацьку з пачаткам 1-й сусьветнай вайны мабілізавалі ў Расейскую імпэратарскую армію. З 1916 года жыў у бежанстве ў Варонежы, працаваў на пошце, потым перабраўся ў Кацярынаслаўскую губэрнію. У 1919 годзе скончыў агульнаадукацыйныя курсы і мабілізаваны ў Чырвоную Армію. Дэмабілізаваўся ў 1922 годзе і прыехаў у Менск. У пачатку 1933 года працаваў у аддзеле сельскай гаспадаркі рэдакцыі «Звязды». Перад 2-й сусьветнай вайной працаваў у часопісе «Паляўнічы Беларусі».

У час нямецкай акупацыі працаваў у «Беларускай газэце». З чэрвеня 1944 года ў Нямеччыне. У 1949 годзе выехаў у ЗША. Жыў у Нью-Ёрку. Зарабляў фізычнай працай. Быў сябрам Беларуска-амэрыканскага задзіночаньня. У 1976 годзе ў Нью-Ёрку зьнік без вестак.

У кнізе Барыса Сачанкі «Пад сузор’ем сярпа і молата» згадана перапіска Цэлеша з Максімам Танкам: «Мікола Целеш выкладаў умовы, паводле якіх ён згадзіўся б пераехаць жыць на Бацькаўшчыну, у Беларусь. Галоўным з іх былі зьмена таталітарнага рэжыму, наданьне Беларусі сапраўднага сувэрэнітэту, незалежнасьць ад Масквы». Сачанка бачыў тут сувязь з тым, што Цэлеш потым «выйшаў з дому і зьнік».

Цела пісьменьніка знайшлі ў 1991, але здолелі ідэнтыфікаваць толькі ў 2025 годзе. Натальля Гардзіенка апісвае, як знайшлі і ідэнтыфікавалі цела пісьменьніка:

«Паводле зьвестак паліцыі, цела было знойдзенае яшчэ ў 1991 годзе ў сажалцы на фэрме ў мясцовасьці ў ваколіцах тагачаснага месца жыхарства пісьменьніка — гарадка Порт Джарвіс у штаце Нью-Ёрк. Цела знайшлі, калі чысьцілі сажалку. Пры Міколу Цэлешу была торба зь ягонымі рукапісамі, якія папсавала вада. А на самой торбе ў надпісе захавалася апошняя літара ягонага прозьвішча „ш“. Тады ў 1991 годзе цела не змаглі ідэнтыфікаваць, яно захоўвалася ў адмысловым сховішчы больш за тры дзесяцігодзьдзі, пакуль сёлета асоба не была пацьверджаная праз тэст ДНК».

Натальля Гардзіенка расказвае пра паездку дачкі пісьменьніка ў БССР у 1979 годзе.

«Яна паспрабаваць высьветліць, ці не вярнуўся пісьменьнік на радзіму, дзе засталіся сем’і двух сыноў ад першага шлюбу. На савецкай мяжы яе саму дапытвалі спэцслужбы наконт лёсу бацькі... Сьлядоў пісьменьніка ў Менску не знайшла. Затое па вяртаньні яе наведвалі агенты ФБР, якія таксама задавалі пытаньні наконт зьнікненьня бацькі. Найбольш абмяркоўвалася вэрсія, што Мікола Цэлеш быў пакараны за адмову вярнуцца ў БССР. Яшчэ за колькі гадоў да зьнікненьня да пісьменьніка наведваліся савецкія службоўцы, што намаўлялі ехаць на радзіму. Ці сапраўды савецкія спэцслужбы зьнішчылі беларускага пісьменьніка, сёньня адказу так і няма. Прысутныя на пахаваньні дэтэктывы пацьвердзілі, што справа застаецца адкрытаю і сьледзтва працягваецца. Нават нягледзячы на тое, што прайшло амаль паўстагодзьдзя».

Паведамляецца, што на пахаваньні дачка Кэрал Тыптан і прадстаўнікі беларускай грамады дзякавалі дэтэктывам за іх працу й згадвалі самога Міколу Цэлеша і ягоныя кнігі, у тым ліку апошні збор твораў «Хмары над Бацькаўшчынай», выдадзены пасьмяротна Беларускім Інстытутам Навукі і Мастацтва яшчэ ў 1995 годзе.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG