Прэзыдэнты і прэм’ер-міністры з больш чым 50 краін, а таксама шматлікія вернікі аддадуць апошнюю пашану папу Рымскаму на пахавальнай імшы на пляцы Сьвятога Пятра, якая пачнецца а 10:00 мясцовага часу (11:00 менскага часу).
Сярод прысутных — прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп, які неаднаразова канфліктаваў з Францішкам, у прыватнасьці, празь іх супрацьлеглыя пазыцыі ў пытаньні іміграцыі. Удзел у цырымоніі разьвітаньня з пантыфікам возьме таксама прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі.
Ад Беларусі ў Ватыкане на пахаваньні папы Рымскага будуць прысутнічаць прадстаўнікі і ад Лукашэнкі, і ад Ціханоўскай.
На даручэньне Лукашэнкі для ўдзелу ў цырымоніі пахаваньня пантыфіка накіруецца старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Ігар Сергеенка. Ён у санкцыйным сьпісе Эўразьвязу, але дзякуючы адмысловаму запрашэньню здолее наведаць Італію транзытам і трапіць у Ватыкан. У дэлегацыю таксама ўвойдуць амбасадар пры Апостальскай сталіцы і часовы павераны ў справах Беларусі ў Італіі, піша прэс-служба Лукашэнкі.
Ад дэмакратычных сілаў Беларусі ўдзел у афіцыйных захадах з нагоды пахаваньня папы возьме дарадца Сьвятланы Ціханоўскай у пытаньнях дыпляматыі Дзяніс Кучынскі. Як адзначыла Сьвятлана Ціханоўская, Кучынскі — каталіцкі вернік, апошнімі гадамі ён адказваў у Офісе за сувязі з Ватыканам.
Акрамя таго, у цырымоніі возьмуць удзел прэзыдэнт радзімы папы — Аргентыны, а таксама кіраўнікі Францыі, Германіі, Італіі, Філіпін, Польшчы, Вялікай Брытаніі і Новай Зэляндыі.
Таксама будуць прысутнічаць больш за дзясятак манаршых асобаў, у тым ліку брытанскі прынц Уільям, а таксама 224 кардыналы і 750 біскупаў і сьвятароў.
Кітай, які ня мае афіцыйных адносін з Ватыканам, не накіраваў свайго прадстаўніка. Ізраіль, абураны крытыкай Францішкам дзеяньняў Ізраілю ў Газе, накіроўвае свайго пасла ў Ватыкане.
Больш за 2500 паліцыянтаў і 1500 салдатаў сочаць за бясьпекай падчас пахаваньня, якое, як чакаецца, зьбярэ каля 200 000 чалавек на пляцы Сьвятога Пятра і да 300 000 чалавек уздоўж 4-кілямэтровага маршруту ад Ватыкану да месца пахаваньня папы ў базыліцы Санта-Марыя-Маджорэ.
Пасьля пэрыяду жалобы каталіцкія кардыналы з усяго сьвету зьбяруцца на канкляве, каб абраць новага папу. Таемны канкляў наўрад ці пачнецца раней за 6 траўня.
Папа Рымскі Францішак памёр 21 красавіка — у Вялікдзень — ва ўзросьце 88 гадоў пасьля інсульту. Ватыкан паведаміў, што за тры дні да пахаваньня каля 250 000 чалавек прайшлі міма яго цела, якое ляжала ў драўлянай труне ў базыліцы Сьвятога Пятра.
Падчас свайго папства Францішак імкнуўся стварыць больш адкрытую Царкву. Ён часта выступаў у абарону інтарэсаў бедных, заклікаў багатыя краіны дапамагаць мігрантам і вырашаць праблему зьмены клімату.
Форум