Папа Францішак правёў некалькі хвілін у малітве за Ўкраіну перад копіяй іконы Маці Божай Жыровіцкай, якая падчас агульнай аўдыенцыі 11 студзеня 2023 году была выстаўленая ў ватыканскай Залі Паўла VI, паведамляе «Vatican news».
«Ня будзем забываць пра змучаную Ўкраіну, якая заўсёды ў нашых сэрцах; выкажам гэтаму народу, які перажывае жорсткія пакуты, нашу любоў, нашу блізкасьць і нашу малітву. А зараз я правяду некалькі хвілін у цішыні, молячыся за гэту дарагую краіну і за мір перад іконай Багародзіцы, якая ўшаноўваецца ў Беларусі. Запрашаю вас духоўна далучыцца да маёй малітвы», — сказаў Папа.
Затым Францішак падышоў да іконы Маці Божай Жыровіцкай, якую беларускія грэка-католікі ўшаноўваюць як Валадарку беларускага народу. Ікона дарагая таксама ўкраінскім вернікам. Яе копія-фрэска знаходзіцца ў рымскім касьцёле сьвятога Сяргея і Вакха, катэдральным саборы Апостальскага экзархату для ўкраінскіх грэка-католікаў у Італіі.
Арыгінал жыровіцкага абраза Маці Божай знаходзіцца ў праваслаўным Сьвята-Усьпенскім мужчынскім манастыры ў Жыровічах Слонімскага раёну. Сьвята Жыровіцкай Божай Маці адзначаецца штогод 7 траўня. Паданьні пра зьяўленьне іконы адносяцца да XV стагодзьдзя.