Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сустрэча Трампа і Пуціна бліжэйшым часам не плянуецца. Дыпляматычныя перамовы зайшлі ў тупік


Пуцін і Трамп на сустрэчы ў Анкорыджы ў жніўні 2025 году
Пуцін і Трамп на сустрэчы ў Анкорыджы ў жніўні 2025 году

21 кастрычніка высокапастаўлены чыноўнік Белага дому заявіў, што сустрэча прэзыдэнтаў ЗША Дональда Трампа і Расеі Ўладзіміра Пуціна «ў найбліжэйшай будучыні» не плянуецца.

Дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіё і міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў таксама не плянуюць сустракацца асабіста, паведаміў чыноўнік журналістам, дадаўшы, што размова паміж імі была «прадуктыўнай».

Гэтае ўдакладненьне зьявілася на тле паведамленьняў пра тое, што падрыхтоўчыя перамовы паміж галоўнымі дыпляматамі дзьвюх краін зайшлі ў тупік, што, верагодна, прывяло да затрымкі прапанаванай сустрэчы.

Намесьнік міністра замежных спраў Расеі Сяргей Рабкоў заявіў пры гэтым, што такая сустрэча нават не плянавалася.

«Нельга адкладаць тое, пра што не было ўзгоднена. Тое, што ўчора напісалі некаторыя заходнія крыніцы, мы не пацьвердзілі. У нас зусім не было ніякага разуменьня адносна часу або месца правядзеньня такога кантакту», — цытуе ягоныя словы РІА «Новости».

Ідэя правядзеньня перамоў Трампа і Пуціна ў Будапэшце паўстала ў час тэлефоннай размовы паміж двума палітыкамі 17 кастрычніка. Чакалася, што Рубіё і Лаўроў сустрэнуцца, каб закласьці грунт для перамоваў. 20 кастрычніка яны правялі тэлефонную размову.

Выступаючы на наступны дзень, Лаўроў сказаў, што яны дамовіліся працягнуць тэлефонныя кансультацыі, «каб лепш зразумець, дзе мы знаходзімся і як рухацца ў слушным кірунку». Ён запэўніў, што ваенныя мэты Расеі застаюцца нязьменнымі і што яе «спэцыяльная ваенная апэрацыя», як Масква называе вайну супраць Украіны, «дасягне сваіх мэтаў».

Лаўроў таксама паўтарыў пярэчаньне Расеі неадкладнаму спыненьню агню, заявіўшы, што неабходна знайсьці рашэньне, якое ліквідуе тое, што Крэмль называе «першапрычынамі вайны».

17 кастрычніка Трамп заявіў, што расейскія і ўкраінскія войскі павінны «спыніцца там, дзе яны ёсьць» на полі бою.

Раней Дзяржаўны дэпартамэнт заявіў, што Рубіё «падкрэсьліў важнасьць будучых дачыненьняў як магчымасьць для Масквы і Вашынгтону супрацоўнічаць у прасоўваньні трывалага ўрэгуляваньня расейска-ўкраінскай вайны ў адпаведнасьці з бачаньнем прэзыдэнта Трампа».

20 кастрычніка Трамп заявіў, што спробы дасягнуць пагадненьня паміж Расеяй і Ўкраінай аб спыненьні вайны працягваюцца, і папярэдзіў, што калі пагадненьне ня будзе дасягнута, наступствы будуць сур’ёзнымі.

На мінулым тыдні Трамп, акрамя тэлефоннай размовы з Пуціным, сустрэўся ў белым доме з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім.

Зяленскі і высокапастаўленыя чыноўнікі Эўрапейскага зьвязу неаднаразова выказвалі сумневы ў гатоўнасьці Пуціна спыніць вайну і 21 кастрычніка апублікавалі супольную заяву, у якой падкрэсьлілі гэта.

«Тактыка зацягваньня Расеі зноў і зноў паказала, што Ўкраіна — адзіны бок, які сур’ёзна ставіцца да міру. Мы ўсе бачым, што Пуцін працягвае выбіраць гвалт і разбурэньне», — гаворыцца ў заяве, падпісанай Зеленскім, прэм’ер-міністрам Вялікай Брытаніі Кірам Стармэрам, канцлерам Нямеччыны Фрыдрыхам Мэрцам, прэм’ер-міністаркай Італіі Джорджыяй Мэлёні, кіраўніцай Эўразьвязу Ўрсулай фон дэр Ляен і іншымі палітыкамі.

Тым ня менш, Зеленскі заявіў, што гатовы сесьці за стол мірных перамоваў у сталіцы Вугоршчыны, нягледзячы на тое, што выбар месца правядзеньня быў раскрытыкаваны Эўрапейскім зьвязам, улічваючы, што супраць Пуціна дзейнічае ордэр на арышт Міжнароднага крымінальнага суду.

Аднак пазьней украінскі лідэр папярэдзіў, што рашэньне адміністрацыі ЗША не даваць зялёнае сьвятло на ракеты «Тамагаўк» для Ўкраіны аслабіла дыпляматычны ўплыў.

«Расія амаль аўтаматычна стала менш зацікаўленай у дыпляматыі», — сказаў Зеленскі ў сваім вячэрнім звароце 21 кастрычніка, абвінаваціўшы Маскву ў тым, што яна «зноў робіць усё магчымае, каб адмовіцца ад дыпляматыі».

Прэзыдэнт Францыі Эмануэль Макрон заявіў 20 кастрычніка, што Эўропа таксама павінна быць за сталом перамоваў. Прэс-сакратар Крамля Дзьмітрый Пяскоў на наступны дзень адказаў: «Пакуль ніхто пра гэта не гаворыць. Ніхто пакуль не абмяркоўваў гэтыя падрабязнасьці».

Тым часам міністар замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі заявіў, што калі Пуцін паспрабуе праляцець праз Польшчу ў Вугоршчыну, польскія ВПС могуць прымусіць яго самалёт сесьці: «Я не магу гарантаваць, што незалежны польскі суд не загадае ўраду суправаджаць такі самалёт, каб перадаць падазраванага суду ў Гаазе».

Лаўроў сказаў, што гэта будзе «тэрарыстычным актам».

На фоне спрэчак Вугоршчына, здаецца, прасоўваецца наперад з плянамі правядзеньня саміту. Міністар замежных спраў краіны Пэтэр Сіярта заявіў, што ён адправіцца ў сталіцу ЗША 21 кастрычніка, але не паведаміў падрабязнасьцяў паездкі. Дыпляматычныя крыніцы паведамілі Радыё Свабода, што генэральны сакратар NATO Марк Рутэ 22 кастрычніка адправіцца ў Вашынгтон.

У сацыяльных сетках Зяленскі заявіў, што на гэтым тыдні ў Эўропе адбудзецца «шмат сустрэчаў і перамоваў», на фоне паведамленьняў у СМІ пра тое, што 24 кастрычніка ён паляціць у Лёндан, дзе адбудзецца сустрэча так званай «Кааліцыі ахвочых», у якую ўваходзяць больш за 20 заходніх хаўрусьнікаў Украіны.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG