Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ФСБ затрымала беларуса, які нібыта рыхтаваў тэрарыстычны акт у Расеі «на заданьне СБУ»


Байцы ФСБ Расеі. Ілюстрацыйнае фота
Байцы ФСБ Расеі. Ілюстрацыйнае фота

Доказаў ФСБ не прыводзіць, на карысьць расейскай вэрсіі гучаць толькі словы затрыманага і нібыта сьледчы экспэрымэнт.

Фэдэральная служба бясьпекі (ФСБ) РФ у Краснадарскім краі заявіла пра затрыманьне замежнага грамадзяніна 2000 году нараджэньня, «датычнага да збору выведнай інфармацыі і рыхтаваньня тэрарыстычнага акту ў інтарэсах Службы бясьпекі Ўкраіны».

На апублікаваным расейскімі дзяржаўнымі СМІ відэа допыту затрыманы кажа, што ён грамадзянін Беларусі, піша «Позірк».

ФСБ Расеі сьцьвярджае, што ў сьнежні 2024 году мужчыну завэрбавалі праз інтэрнэт «у мэтах збору зьвестак пра месцы дысьлякацыі караблёў Чарнаморскага флёту, вайскоўцаў УС РФ на тэрыторыі Краснадарскага краю і ўчыненьня тэрарыстычных актаў». Сьцьвярджаецца, што пасьля чарговага ўказаньня куратара ён нібыта «дастаў з схованкі гатовую да выкарыстаньня самаробную выбуховую прыладу масай 2,5 кг для падрыву адміністрацыйнага будынку ў Наварасійску».

На затрыманага завялі крымінальную справу за нібыта «рыхтаваньне да ўчыненьня тэрарыстычнага акту» (ч. 1 арт. 30, ч. 1 арт. 205 Крымінальнага кодэксу Расеі).

Ягоны твар на відэа схаваны. Мужчына бегла прамаўляе тэкст пра «куратара з СБУ» і «жаданьне хутка зарабіць», а таксама кажа, што тэракт нібыта заплянавалі ўкраінскія спэцслужбы «для зрыву перамоваў паміж ЗША, Расеяй і Ўкраінай» і «далейшай эскаляцыі канфлікту». «Тэракт», паводле яго, нібыта меў адбыцца ў красавіку.

Рэакцыі СБУ пакуль няма.

Гэта ня першы падобны выпадак. Беларуса Сяргея Ерамеева затрымалі ў сьнежні 2023 году ў Омску і абвінавацілі ў падрыве двух цягнікоў на Байкала-Амурскай магістралі ў Бураціі. У паведамленьнях, якія выпускала расейскае ФСБ, Ерамееў казаў, што хацеў паралізаваць перавоз вайсковай тэхнікі бліжэй да Ўкраіны. Расейскія спэцслужбы сьцьвярджалі, што выбухоўку Ерамееў атрымаў яшчэ ў Беларусі, а потым перавёз яе на Далёкі Ўсход Расеі.

Пра Сяргея Ерамеева вядома, што ён працаваў на «Нафтане», а ў 2020 годзе далучыўся да пратэстаў. Цяпер ён зьняволены ў СІЗА «Лефортава» ў Маскве. Яму выставілі абвінавачаньне паводле ч. 2 арт. 205 Крымінальнага кодэксу РФ (тэрарыстычны акт).

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG