Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 8 сьнежня: асуджаны ў Гомлі хрысьціянскі прапаведнік застаецца пад вартай


Суд у Гомлі. Архіўнае фота
Суд у Гомлі. Архіўнае фота

Свабода вядзе храналёгію судоў, затрыманьняў, іншага перасьледу з палітычных матываў у Беларусі.

Асуджаны за «садзейнічаньне экстрэмізму» хрысьціянскі прапаведнік застаецца пад вартай

У Гомельскім абласным судзе раней вынесьлі прысуд 41-гадоваму Аляксею Ягелу. Яго абвінавацілі ў «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці» (ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК), піша «Вясна».

Пра Аляксея Ягелу вядома, што ён паводле адукацыі лекар-хірург, зьяўляецца эвангельскім прапаведнікам, а таксама абаронцам здаровага ладу жыцьця.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, Аляксею прысудзілі пазбаўленьне волі, цяпер стала вядома, ён знаходзіцца ў гомельскім СІЗА-3.

Выпускніцу гістфаку зь Ліды асудзілі за «садзейнічаньне экстрэмізму»

Маргарыту Ясевіч зь Ліды асудзілі паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361‑4 КК (садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці).

Маргарыце Ясевіч 29 гадоў.У 2018‑м скончыла гістарычны факультэт БДУ па спэцыяльнасьці «Музэйная справа і ахова гісторыка-культурнай спадчыны».

У 2020 годзе Маргарыта зарэгістравала ў Смаленску фірму «ВМ-ТОРГ». У апошнія гады жыве ў Самахвалавічах пад Менскам, піша «Наша Ніва». Верагодна, ёй прысудзілі «хатнюю хімію».

Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі

Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.

Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.

Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.

Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.

На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.

Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».

Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG