Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 18 красавіка: затрыманьні і ператрусы ў Койданаве; 50 чалавек папоўнілі «сьпіс экстрэмістаў»

абноўлена

Суд у Гомлі, архіўнае фота
Суд у Гомлі, архіўнае фота

Свабода вядзе храналёгію судоў, затрыманьняў, іншага перасьледу з палітычных матываў у Беларусі.

Затрыманьні і ператрусы ў Койданаве

У Койданаве (Дзяржынску) апошнімі днямі масава затрымліваюць людзей за ўдзел у пасьлявыбарчых акцыях пратэсту 2020 году, піша «Вясна». Праваабаронцам вядома пра пяць затрыманых, дакладная колькасьць людзей, што трапілі пад перасьлед, высьвятляецца.

Людзям інкрымінуюць арт. 342 КК, частка затрыманых — з суседніх дамоў адной вуліцы. Паведамляецца, што падставай для перасьледу сталі «пратэставыя» фотаздымкі і відэа, па якіх ідэнтыфікуюць жыхароў.

Палітзьняволенай Алене Лазарчык дадалі паўтара года калёніі

Крыніцы «Белсату» паведамілі, што Алену Лазарчык судзілі паводле артыкулу 411 КК — «Злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы». На судзе Алена адмовілася ад адваката. Яе пакаралі дадатковым тэрмінам зьняволеньня — 1,5 году.

Алену Лазарчык трымаюць за кратамі з 30 сьнежня 2021 году. Яе пакаралі на 8 гадоў зьняволеньня паводле некалькіх артыкулаў КК: артыкул 342 за ўдзел у пратэстах, а таксама 130 — «распальваньне варожасьці», 361-1 — «удзел у экстрэмісцкім фармаваньні», 368 — «зьнявага Лукашэнкі».

У «Сьпіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 50 прозьвішчаў — цяпер у ім 5192 чалавекі

18 красавіка МУС Беларусі традыцыйна абнавіла «Пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асобаў без грамадзянства, якія маюць дачыненьне да экстрэмісцкай дзейнасьці», заўважыла «Вясна».

Сьпіс папоўніўся яшчэ на 50 прозьвішчаў. Сярод іншых, у сьпіс дадалі палітзьняволенага Ўладзімера Шпака, асуджанага на 7 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму за «арганізацыю і падрыхтоўку дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх» (арт. 342 Крымінальнага кодэксу), «заклікі да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы» (арт. 361 КК) і «стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня ці ўдзел у ім» (арт. 361-1 КК), а таксама яшчэ 44 беларусаў і беларусак, асуджаных паводле «народнага» артыкулу 342 КК.

Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі

Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.

Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.

Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.

Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.

На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.

Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».

Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG