Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомлі завочна судзяць Стрыжака, Лявончыка і іншых актывістаў, у справе 15 артыкулаў КК


Актывісты, якіх завочна судзяць у Гомлі. Каляж
Актывісты, якіх завочна судзяць у Гомлі. Каляж

18 красавіка ў Гомельскім абласным судзе пачынаецца разгляд крымінальнай справы ў межах «спэцвядзеньня» супраць сузаснавальніка BySol Андрэя Стрыжака і яшчэ шэрагу беларускіх праваабаронцаў і актывістаў.

Акрамя завочнага працэсу супраць Андрэя Стрыжака, на 18 красавіка ў Гомельскім абласным судзе завочна разглядаюць справы некалькіх вядомых беларускіх праваабаронцаў і актывістаў: супраць кіраўніка кампаніі BY_help Аляксея Лявончыка, стваральніка мабільнай аплікацыі «Новая Беларусь» Яраслава Ліхачэўскага, аднаго са стваральнікаў «Беларускага фонду салідарнасьці» Аляксея Кузьмянкова, а таксама актывістаў Аляксандры Жук, Аляксандра Лапко і Аляксандра Падгорнага.

Спэцвытворчасць у дачыненьні да актывістаў і актывістак пачалі ў сьнежні 2024-га году.

Іх абвінавачваюць паводле 15 «палітычных» артыкулаў Крымінальнага кодэксу Беларусі, у тым ліку:

  • распальваньне варажнечы (ч. 3 арт. 130 КК),
  • прапаганда тэрарызму (ч. 1 арт. 289-1 КК),
  • пагроза зьдзяйсьненьня акту тэрарызму (ч. 2 арт. 290-1 КК),
  • арганізацыя дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак (ч. 1 і 2 арт. 342 КК),
  • падбухторваньне да здрады дзяржаве (ч. 5 арт. 16 і ч. 1 арт. 356 КК),
  • заклікі да санкцыяў (ч. 3 арт. 361 КК),
  • стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня (часткі 1 і 2 артыкула 361-1 Крымінальнага кодэксу),
  • фінансаваньне экстрэмісцкай дзейнасьці (ч. 2 арт. 361-2 КК),
  • вэрбаваньне, навучаньне і падрыхтоўка грамадзян для ўдзелу на тэрыторыі іншай дзяржавы ва ўзброеным фармаваньні (ч. 2 арт. 361-3 КК),
  • садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці (ч. 2 арт. 361-4 КК),
  • паклёп на Лукашэнку (ч. 2 арт. 367),
  • абраза Лукашэнкі (ч. 2 арт. 368 КК),
  • абраза прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК),
  • дыскрэдытацыя Беларусі (арт. 369-1 КК),
  • зьдзек зь дзяржаўных сымбаляў (ч. 2 арт. 370 КК).

Усе абвінавачаныя знаходзяцца па-за межамі Беларусі. Спэцвядзеньне ў дачыненьні да іх пачалі ў сьнежні 2024 году. Інфармацыі пра тое, што зь імі нейкім чынам спрабавалі зьвязацца да суда, каб атрымаць іхнія тлумачэньні ці выказаць сваю пазыцыю ў справе, праваабаронцы ня маюць, піша «Гомельская Вясна».

«Маленькі чалавечак у сынтэтычнай мантыі, у задушлівай залі Гомельскага „суда“, пачне вялізарны працэс на якім паспрабуе ацаніць увесь маштаб таго, што мы нарабілі нашай з вамі салідарнасьцю», — пракамэнтаваў Андрэй Стрыжак у сваім Фэйсбуку завочны суд над ім.

Ён прапанаваў падпісантам зрабіць стаўкі, і ўгадаць, якім будзе вырак: «Зь мяне цікавы артэфакт у падарунак таму, ці той, хто будзе бліжэй да правільнага выніку», — напісаў ён.

Што такое спэцвядзеньне

Спэцыяльнае вядзеньне ў крымінальнай справе можа адбывацца ў дачыненьні да абвінавачанага, які знаходзіцца за межамі Беларусі і ўхіляецца ад прыходу ў орган, які вядзе крымінальны працэс. Такое вядзеньне магчыма весьці за 34 розныя злачынствы, якія пераважна адносяцца да катэгорыі цяжкіх і асабліва цяжкіх. Сярод іншага гэта акт тэрарызму, генацыд, найміцтва, здрада дзяржаве, дывэрсія, стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім, масавыя беспарадкі, заклікі да санкцый.

Працэс «спэцыяльнага вядзеньня» адмыслова ўвялі для тых палітычных апанэнтаў рэжыму, хто знаходзіцца за мяжой. Ён прадугледжвае завочны суд. Менавіта гэткім чынам, сярод іншых, асудзілі палітыкаў Сьвятлану Ціханоўскую (15 гадоў калёніі агульнага рэжыму) і Паўла Латушку (18 гадоў узмоцненага рэжыму), а таксама блогераў Сьцяпана Пуцілу (29 гадоў узмоцненага рэжыму) і Яна Рудзіка (19 гадоў узмоцненага рэжыму).

Сярод асуджаных завочна таксама алімпійская мэдалістка Аляксандра Герасіменя.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG