Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Рэжым асьлеплены прагай помсты». Як у Беларусі адбіраюць дзяцей у палітзьняволеных жанчын


Алена Лазарчык з сынам Арцёмам да пазбаўленьня яе бацькоўскіх правоў, архіўнае фота 2020 году
Алена Лазарчык з сынам Арцёмам да пазбаўленьня яе бацькоўскіх правоў, архіўнае фота 2020 году

Пабіцьцё, ізаляцыя ад сваякоў, ШЫЗА, падаўжэньне тэрміну, пазбаўленьне пасылак і спатканьняў, адмова ў мэдыцынскай дапамозе — гэта тое, з чым сутыкаюцца палітвязьні ў Беларусі. З 2020 году беларускія ўлады папулярызавалі яшчэ адзін спосаб ціску — крытыкаў рэжыму пазбаўляюць бацькоўскіх правоў або пагражаюць адабраць дзяцей.

«Настоящее время» сабрала гісторыі беларускіх жанчын, у якіх рэжым Лукашэнкі адабраў ці пагражаў адабраць дзяцей. Пераказваем асноўнае.

«Я вельмі патрэбная сваім дзецям»

Калі шматдзетную маці Алену Маўшук асудзілі на 6 гадоў калёніі агульнага рэжыму нібыта за «ўдзел у масавых беспарадках» у жніўні 2020 году ў Пінску, яна напісала на аркушы «Я павешуся» і паказала прысутным у залі суду. У дзень вынясеньня ёй прысуду пад варту ўзялі і яе мужа Сяргея, пасьля яго асудзілі на 6,5 года зьняволеньня.

Алена і Сяргей Маўшукі, архіўнае фота
Алена і Сяргей Маўшукі, архіўнае фота

Алена і Сяргей выхоўвалі пяцярых дзяцей, двое зь іх ужо паўналетнія. Пасьля арышту Алены органы апекі забралі ў сацыяльны прытулак дачку Алены, пяціклясьніцу Ангеліну, абгрунтаваўшы рашэньне тым, што Сяргей — айчым дзяцей.

У апошнім слове Алена прасіла зьмякчыць ёй пакараньне дзеля дзяцей. «Я вельмі патрэбная сваім дзецям, мяне хвалюе іх лёс», — казала Алена ў судзе. Але Алене ня толькі не зьмякчылі пакараньня, але і пазбавілі яе бацькоўскіх правоў.

Адразу пасьля прысуду другую непаўналетнюю дачку Алены Карыну забралі проста зь дзіцячага садка.

Цяпер апеку над Ангелінай удалося аформіць яе хроснай маці, а Карыну забралі з прытулку сваякі.

«Твая мама цябе кінула, ты зараз едзеш у прытулак»

Журналістка зь Беларусі Яўгенія Доўгая ўзначальвае мэдыяпраект «Палітвязынка», у якім расказвае гісторыі палітзьняволеных беларусак. Яна таксама сутыкнулася з пагрозамі, зьвязанымі з пазбаўленьнем бацькоўскіх правоў: «Мяне пры затрыманьні папярэджвалі, што яны могуць зрабіць так, што я яшчэ шмат гадоў ня ўбачу сваё дзіця і яно ў дзіцячым доме будзе мяне ўспамінаць».

Яўгенія Доўгая
Яўгенія Доўгая

Зразумець рэальную карціну распаўсюджанасьці пазбаўленьня бацькоўскіх правоў палітвязьняў на цяперашні момант немагчыма, кажа Яўгенія Доўгая і тлумачыць, што адзіныя крыніцы — гэта сваякі і тыя, хто самі выходзяць з калёніі і расказваюць, праз што прайшлі.

Журналістка ўспамінае, як адна з жанчын, якая правяла 2 гады ў калёніі, расказвала пра ціск і пазбаўленьне яе бацькоўскіх правоў.

«Да яе прыйшоў пракурор і настойваў, каб яна падпісала прашэньне аб памілаваньні. Патэлефанавалі па гучнай сувязі яе сыну і казалі: «Твая мама цябе кінула, ты зараз едзеш у прытулак. Яна да цябе больш ня вернецца», — кажа Доўгая.

На думку журналісткі, зыходзячы з тых гісторый, што ёй давялося чуць, калі ў жанчыны ёсьць дзеці, «іх заўсёды будуць выкарыстоўваць для ціску».

Дзецям беларускіх палітвязьняў часьцяком даводзіцца рана сталець, адзначае Яўгенія Доўгая. Паводле яе, ёсьць даволі шмат выпадкаў, калі паўналетнія старэйшыя дзеці становяцца апекунамі над сваімі малодшымі братамі і сёстрамі, каб іх не забралі ў прытулак. Таксама ёсьць выпадкі, калі бацькі адмаўляюцца ад апякунства пасьля вынясеньня прысуду маці, расказвае Доўгая.

«Я ведаю тры такія выпадкі. І ў гэтых выпадках старэйшыя сёстры ўзялі на сябе апякунства над малодшымі братамі і сёстрамі», — расказвае яна.

Так, дачка апазыцыйнай актывісткі Алены Лазарчык Марына аформіла апеку над малодшым братам Арцёмам, калі бацька адмовіўся ад апекі над сынам. Марына расказвала, што калі ў 2021 годзе ў іх кватэру ўварваліся сілавікі, у сямігадовага Арцёма здарылася гістэрыка, ён адмаўляўся заходзіць у пакой маці. Цяпер ён вучыцца ў чацьвёртым клясе і піша лісты Алене ў турму. Калі жанчыну вызваляць, Арцёму будзе 15.

Алену Лазарчык асудзілі на 8 гадоў зьняволеньня. З моманту пераводу Алены ў гомельскую калёнію ў студзені 2023 году ёй ні разу не далі сустрэцца з адвакатам, неаднаразова зьмяшчалі ў ШЫЗА, пазбавілі ўсіх перадач, бо яна адмаўляецца працаваць. «Але яна ня можа працаваць, бо ў яе зрок мінус 11, а акуляраў не перадаюць», — адзначае журналістка.

Шматдзетных маці таксама пазбаўляюць правоў

Вольга Залатар
Вольга Залатар

У пачатку сакавіка Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы зь Беларускім саюзам жанчын заявіў, што «пры любых умовах дзяржава і далей будзе падтрымліваць мацярынства і дзяцінства» і «рабіць усё для шматдзетнай сям’і».

У той жа час палітзьняволеную маці пяцярых дзяцей Вольгу Залатар асудзілі на 4 гады калёніі нібыта за «стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня» і «арганізацыю і навучаньне дзеяньням, якія груба парушаюць грамадзкі парадак». Яе старэйшай дачцэ 17 гадоў, малодшаму сыну — пяць.

Вікторыя Онахава-Жураўлёва
Вікторыя Онахава-Жураўлёва

Палітвязьняволеная Вікторыя Онахава-Жураўлёва — маці 13 дзяцей, дзевяць зь якіх прыёмныя. Прыёмных дзяцей Вікторыі таксама адправілі ў прытулак, а ёй самой прысудзілі 3 гады «хатняй хіміі» нібыта за «паклёп на Лукашэнку».

У жніўні 2020 году Вікторыя пакінула камэнтар «Лукашэнка забіў яшчэ аднаго беларуса» пад рэпостам артыкула пра Генадзя Шутава, ён памёр у Берасьці пасьля таго, як яму ў галаву стрэліў сілавік падчас пратэсту.

«Рэжым увесь час узнагароджвае шматдзетных маці. Але разам з тым дзеці не належаць маці. Дзяржава проста іх бярэ і пазбаўляе ўсяго», — кажа Яўгенія Доўгая.

Як менавіта пазбаўляюць бацькоўскіх правоў

Юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Павал Сапелка адзначае лёгкасьць, зь якой у Беларусі можна пазбавіць палітвязьняў бацькоўскіх правоў. Паводле яго, такое рашэньне абскардзіць вельмі цяжка, бо колькасьць адвакатаў, гатовых брацца за любую справу з палітычным падтэкстам, «набліжаецца да нуля».

У цэлым па Беларусі толькі за 2022 год бацькоўскіх правоў пазбавілі 2705 бацькоў, а аднавілі 118 — гэта ўсяго 4,4%. Аднаўленьне ў правах можа залежаць ад некалькіх фактараў: спыненьня падставы для пазбаўленьня бацькоўскіх правоў, адпаведнасьці ўмоваў жыцьця ўстаноўленым крытэрам, усынаўленьня або ўдачарэньня дзіцяці, а таксама выкананьня бацькамі фінансавых абавязкаў.

Апошні фактар зьяўляецца асаблівай цяжкасьцю для зьняволеных. Дзякуючы прэзыдэнцкаму дэкрэту № 18 дзяржава можа адбіраць дзяцей без рашэньня суду на тэрмін да паўгода, калі дзіця знаходзіцца ў «сацыяльна небясьпечным становішчы». Таксама дзяржава мае права спаганяць з бацькоў кошт утрыманьня дзіцяці, і за час зьняволеньня ў бацькоў назапашваецца вялікі абавязак перад дзяржавай, які трэба пагасіць, каб вярнуць дзіця ў сямʼю.

«Дэкрэт № 18 — гэта свайго роду пастка для зьняволеных. Калі, напрыклад, жанчына выходзіць на волю, яна павінна, па-першае, выплаціць назапашаны доўг алімэнтаў і, па-другое, даказаць, што яна добрая мама», — кажа Яўгенія Доўгая.

Гэты дэкрэт ня толькі аблягчае працэс адабраньня дзяцей, але і дазваляе бацьку зь лёгкасьцю адмаўляцца ад апякунства. Гэта стварае дадатковыя праблемы як для дзяцей, так і для палітзьняволеных маці. Праваабаронцы расказваюць, што рэгулярна сутыкаюцца з выпадкамі, калі бáцькі адмаўляліся ад сваіх дзяцей пасьля таго, як іхных жонак адпраўлялі ў калёнію.

Юрыст Павал Сапелка лічыць, што дзеці — яшчэ адзін, і прытым дзейсны, спосаб націснуць на крытыкаў Лукашэнкі: «Рэжым ня думае пра дзяцей у гэтых сытуацыях, рэжым асьлеплены прагай помсты бацькам. І гэтая помста ажыцьцяўляецца па ўсіх вэктарах, кірунках і франтах — ці то гэта працоўныя правы, сацыяльныя правы або ўзаемаадносіны бацькоў і дзяцей».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG