Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Найвышэйшы адсотак суіцыдаў у Беларусі зафіксавалі ў Менску


Машына хуткай дапамогі ў Менску. Архіўнае фота
Машына хуткай дапамогі ў Менску. Архіўнае фота

Паводле апэратыўнай інфармацыі ўстановаў аховы здароўя, найвышэйшы ўзровень суіцыдаў у Беларусі ў 2024 годзе быў у Менску — 9,2 выпадку на 100 тысяч насельніцтва. Зафіксавалі таксама рост парасуіцыдаў сярод падлеткаў.

Пра гэта расказала намесьніца дырэктара ў мэдычнай частцы РНПЦ псыхічнага здароўя Аксана Шылава на міжнародным мэдычным форуме «Ахова здароўя Беларусі» ў Менску, піша «Позірк».

Найменшы ўзровень суіцыдаў, паводле яе, зарэгістравалі ў Менскай вобласьці (5,02 выпадку на 100 тысяч насельніцтва).

Агулам у Беларусі захоўваецца тэндэнцыя зьмяншэньня колькасьці самагубстваў, адзначыла псыхіятарка: паводле яе, 30 гадоў таму ўзровень суіцыдаў быў у некалькі разоў большы.

Рост парасуіцыдаў сярод падлеткаў

У той жа час Аксана Шылава прызнала праблему росту колькасьці парасуіцыдаў сярод падлеткаў у 2024 годзе на 5,8% (парасуіцыд — дэманстратыўная, звычайна няўдалая, спроба самагубства).

У РНПЦ прааналізавалі 186 суіцыдальных спробаў сярод падлеткаў, каб выявіць фактары, якія спрыяюць іх жаданьню зрабіць сабе сьмерць. Паводле спэцыялісткі, 60% падлеткаў мелі нэўратычныя разлады, часьцей за ўсё разлады адаптацыі (нясьпелае рэагаваньне на значныя стрэсы або дэзадаптыўныя паводзіны як рэакцыя на зьмену жыцьцёвай сытуацыі). У кожнага чацьвёртага дыягнаставалі разлад асобы. Амаль кожны дзясяты злоўжываў алькаголем — або праявіліся «згубныя наступствы злоўжываньня» ім, або падлетак учыніў парасуіцыд у стане ап’яненьня, расказала псыхіятарка.

Паўторную спробу суіцыду найчасьцей рабілі гарадзкія падлеткі ва ўзросьце 16–17 гадоў зь няскончанай сярэдняй адукацыяй, як правіла, зь няпоўных або дысфункцыянальных сем’яў у неспрыяльных матэрыяльна-бытавых умовах. Некаторыя зь іх былі ахвярамі сэксуальнага ці фізычнага гвалту, а таксама жылі ў сем’ях, дзе дарослыя зьдзяйсьнялі суіцыд або яго спробу.

У спэцыялізаваным выданьні «Медицинский вестник» у сьнежні 2024 году Шылава прывяла абсалютныя лічбы самагубстваў за першую палову 2024 году. Агулам іх было 596, або 6,51 на 100 тысяч насельніцтва. На пачатку 2000-х гадоў гэты паказьник складаў больш за 20 на 100 тысяч. Найбольшы ўзровень суіцыдаў у першай палове 2024-га таксама зарэгістравалі ў Менску, найменшы — у Менскай вобласьці.

Паказьнік суіцыдаў сярод дзяцей і падлеткаў за першую палову 2024 году павялічыўся на 40%: на адзін выпадак больш у Берасьцейскай і Менскай вобласьцях, на 2 — у Віцебскай, на 3 — у Менску. Адзначаны рост суіцыдаў сярод дзяцей ва ўзросьце 10–14 гадоў (агулам 4 выпадкі).

Беларусь у міжнародных рэйтынгах

У сусьветным рэйтынгу колькасьці суіцыдаў на партале Country Cassette за 2024 год Беларусь разьмясьцілася на 12-м месцы: згодна з апошнімі даступнымі парталу зьвесткамі, узровень самагубстваў у Беларусі ацэньвалі ў 21,2 сьмерці на 100 тысяч жыхароў. Калі глядзець на прыведзеныя спэцыялісткай РНПЦ зьвесткі за першую палову 2024 году (6,51 на 100 тысяч насельніцтва), Беларусь мусіла б быць значна ніжэй у рэйтынгу (на 104-м месцы перад Рэспублікай Конга, дзе зафіксавалі 6,5 выпадкаў на 100 тысяч).

Таксама, згодна з дасьледаваньнем Country Cassette, Беларусь аказалася на 8-м месцы ў сусьветным рэйтынгу з 180 краін паводле колькасьці людзей з выяўленай дэпрэсіяй — 510 764 чалавекі (гэта 5,6% ад усяго насельніцтва).


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG