Летась на Берасьцейшчыне закрыліся 38 аб’ектаў гандлю ў сельскай мясцовасьці, бо там «няма каму працаваць». Такую статыстыку агучыў кіраўнік Берасьцейскай абласной арганізацыі прафсаюзу работнікаў гандлю, спажывецкай каапэрацыі і прадпрымальніцтва Ўладзімер Тарасевіч
Усё гэта — вынік кадравага дэфіцыту, які працягвае разьвівацца ў Беларусі. У агульнарэспубліканскай базе вакансій і рэзюмэ сёньня 189 982 свабодныя працоўныя месцы. На лістапад мінулага году такіх вакантных месцаў было 168 517, ці на 11% меней.
726 рублёў прадаўцу
Напрыклад, для прадаўцоў існуе 4674 працоўныя месцы. У Барысаве прадаўцу на адну стаўку прапануюць усяго 726 рублёў на месяц. Патрабуюць досьведу працы і сярэдняй адукацыі
Прадаўцу ў Берасьцейскім раённым спажывецкім таварыстве ў аграгарадку Мухавец гатовыя плаціць 1100 рублёў на адну стаўку. Патрабуюць сярэдняй адукацыі. Знайсьці супрацоўніка на такія ўмовы ня могуць зь лістапада мінулага году
У Старых Дарогах шукаюць прадаўца ў краму з абавязковай сярэдняй адукацыяй. Гатовыя плаціць да 1000 рублёў
Самы высокі заробак для прадаўца, які знаходзім, складае 3000 рублёў на месяц. Такога спэцыяліста шукаюць у Магілёве. Аднак ёсьць нюанс — гэта праца ў беларускіх павільёнах на кірмашах у Расеі, а сьнежань, студзень і люты — непрацоўныя месяцы. Гатовыя браць пэнсіянэраў, забясьпечваюць жытлом.
Не стае 60% кіроўцаў
Кіроўцаў патрабуецца яшчэ болей — 13 610 вольных працоўных месцаў. У Пінску ў вайсковую частку шукаюць кіроўца грузавіка на поўную стаўку. Прапануюць да 950 рублёў на месяц. Знайсьці такога спэцыяліста ня могуць зь лістапада мінулага году.
«Газпрам Трансгаз Беларусь» шукае кіроўца ў Слоніме, патрабуюць катэгорыі правоў «В», «С», «Е», на стаўку абяцаюць да 1307 рублёў. Знайсьці такога спэцыяліста ня могуць зь верасьня
Самы высокі заробак для кіроўцы, які знаходзім — да 9 000 рублёў, столькі кіроўцу грузавіка прапануе прыватная кампанія ў Віцебску. Да ўсяго просяць навыкі дзелавой камунікацыі, навыкі эксплюатацыі і кіраваньня абсталяваньнем, добрае валоданьне расейскай мовай
Ёсьць вакансіі для кіроўцаў і за 3000, і за 5000 рублёў на месяц. Яшчэ летась Асацыяцыя прафэсійных перавозчыкаў пасажыраў Беларусі заяўляла, што краіне не хапае 60% кіроўцаў.
Лекараў у паліклініку шукаюць амаль тры гады
Ужо некалькі гадоў у Беларусі пацягваецца праблема дэфіцыту мэдыкаў, летась у чэрвені шукалі адразу 7000 лекараў.
Цяпер у агульнай базе вакансій 5522 месцы для лекараў. Напрыклад, у баранавіцкую лячэбна-кансультацыйную паліклініку трох лекараў шукаюць зь ліпеня 2023 году. Трэба доктар агульнай практыкі, тэрапэўт, лор. Гатовыя плаціць да 1200 рублёў
Гэта адзін з самых нізкіх заробкаў, якія знаходзім. Звычайна прапануюць каля 2000 рублёў. Напрыклад, стаматоляга ў Менску шукаюць на заробак у 1700 рублёў.
А лекару ў вайсковай частцы Лепельскага раёну гатовыя плаціць да 3 302 рублёў.
ІТ-спэцыяліста на 20 тысяч рублёў шукаюць амаль месяц
Ёсьць вакансіі зь вялікімі заробкамі, спэцыяліста на якія ня могуць адшукаць 20 дзён і больш. Напрыклад, у Менску шукаюць кіраўніка каманды data-аналітыкі з досьведам працы ад 3 гадоў, прапануюць да 20 490 рублёў. Вакансія адкрытая ўжо 23 дні. Распрацоўніку вэб- і мультымэдыйнай праграмы ў Менскім раёне (Мачулішчы) абяцаюць да 19 000 рублёў. Трэба разьбірацца ў канфігурацыі воблачных плятформаў і добра валодаць ангельскай мовай. Такога спэцыяліста шукаюць са студзеня, больш за месяц.
Графічнага дызайнэра ў прыватную кампанію ў Менску з досьведам працы ў 3 гады шукаюць таксама больш за месяц. Прапануюць да 10 000 рублёў. Усяго ў базе вакансій працоўных месцаў з заробкам 8 000 рублёў і вышэйшым толькі 42. Гэта ці то кіраўнікі, ці то праграмісты. Адна вакансія зьвязаная са сфэрай авіяцыі.
Каб палепшыць сытуацыю на рынку працы, беларускія ўлады імкнуцца прывабліваць замежных спэцыялістаў, запрашаюць на працу пэнсіянэраў, завабліваюць на рынак працы беспрацоўных.
Цяпер пэнсіянэры, якія працуюць, маюць права атрымліваць пэнсію цалкам. Такія зьмены ўлады ўвялі са студзеня гэтага году. Таксама для маладых спэцыялістаў са сфэры аховы здароўя яшчэ ў лютым 2024 году тэрмін мінімальнай адпрацоўкі павялічылі да 5 гадоў.
«Трэба спыніць адток кадраў»
На думку старшай навуковай супрацоўніцы дасьледчага цэнтру Beroc Анастасіі Лузгіной, такія меры «можна назваць касмэтычнымі», бо праблему кадравага дэфіцыту яны не вырашаюць.
«Патрэбны зьмены, якія спыняць адток людзей за мяжу. Каб прыезд у краіну людзей быў большы, чым адток. Трэба паляпшаць умовы для нараджальнасьці на будучыню. Такія працэсы зараз цяжка запусьціць у Беларусі, бо імідж у краіны ня самы лепшы. Прыяжджаць у краіну з такой ня вельмі пазытыўнай рэпутацыяй шмат іншаземцаў ня будуць», — кажа Анастасія Лузгіна.
Паводле яе, каб палепшыць сытуацыю з кадрамі, трэба зьмяняць сытуацыю ў Беларусі: праводзіць рэформы, перастроіць эканоміку на рынкавыя рэйкі.
«Трэба павышаць эфэктыўнасьць працы, гэта прывядзе да аб’ектыўнага росту даходаў. У Беларусі цяжка вырашаць і дэмаграфічныя праблемы. Трэба праводзіць паступовыя рэформы, каб павысіць якасьць жыцьця маладых сямей: гэта інфраструктура. Каб сем’ям з малымі дзецьмі было зручна жыць: садок поруч, разьвіты грамадзкі транспарт», — дадае эканамістка.
Сытуацыя з дэфіцытам кадраў, па словах суразмоўцы, пагаршаецца і вядзе да абмежаванасьці ў працоўных рэсурсах. Свабодныя вакансіі ў Беларусі ёсьць нават у такіх арганізацыях, як Акадэмія навук і Міністэрства працы.
У Акадэміі шукаюць кіраўніка праекту ў апарат кіраваньня з заробкам да 3000 рублёў. А ў цэнтар інфармацыйных тэхналёгіяў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны патрэбен праграміст на стаўку да 2600 рублёў.
Форум