У адказ на ўвядзеньне ЗША мытаў у 104% на імпарт кітайскіх тавараў Кітай павысіць мыты на амэрыканскія тавары да 84% з 10 красавіка, паведамляе Reuters са спасылкай на кітайскае міністэрства фінансаў.
Міністэрства камэрцыі Кітая таксама дадало 12 амэрыканскіх кампаній у сьпіс экспартнага кантролю, яшчэ шэсьць фірмаў з ЗША патрапілі ў сьпіс «ненадзейных кампаній».
Пасьля аб’явы пра ўвядзеньне дадатковых мытаў Кітаем фʼючэрсы на амэрыканскія фондавыя індэксы рэзка ўпалі, заўважыла агенцтва. Так, каціроўкі Dow E-minis зьнізіліся на 709 пунктаў (на 1,87%), S \u0026 P 500 E-minis — на 86,5 пункта (на 1,72%), а Nasdaq 100 E-minis — на 250,75 пункта (на 1,45%).
Кітай з прычыны ўведзеных ЗША мытаў накіраваў заяву ў Сусьветную гандлёвую арганізацыю. У ёй гаворыцца, што рашэньне Злучаных Штатаў увесьці так званыя тарыфы ў адказ супраць Пэкіна пагражае далейшай дэстабілізацыяй сусьветнага гандлю і нанясе шкоду ЗША. Кітай таксама заявіў, што ўзаемныя мыты парушаюць правілы арганізацыі і падрываюць шматбаковую гандлёвую сыстэму.
9 красавіка таксама стала вядома, што краіны Эўразьвязу прагаласавалі за прапанову Эўракамісіі аб увядзеньні гандлёвых контрмераў супраць ЗША, імі будуць абкладаць некаторыя віды тавараў, паведамляецца на сайце Эўракамісіі. Новыя мыты пачнуць спаганяць з 15 красавіка, на якія менавіта тавары іх увялі, не гаворыцца.
Раней «Настоящее время» азнаёмілася з праектам дакумэнта і высьветліла, што павышэньні плянуюцца на 10% або 25% у залежнасьці ад тавару. Контрмеры закрануць імпарт з ЗША кукурузы і рысу, гародніны, садавіны і прадуктаў іх перапрацоўкі (напрыклад, замарожаных або вараных пладоў і круп, крухмалу, кансэрваў), эфірных алеяў, мэталапракату і паўфабрыкатных мэталічных вырабаў, уключаючы рэйкі і іншыя кампанэнты чыгунак, амінакіслот, інсэктыцыдаў і фунгіцыдаў. Таксама пад павышэньне мытаў падпадзе некаторае адзеньне (швэдры, кофты, худзі, курткі, паліто, плашчы), тэлевізары і відэакамэры, маніторы і праектары, рухавікі ўнутранага згараньня, абліцовачныя матэрыялы, нафтахімічная прадукцыя і палімеры, а таксама алькаголь прэміюм-сэгмэнту.
- 2 красавіка прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп аб’явіў пра ўвядзеньне гандлёвых мытаў для пераважнай большасьці гандлёвых партнэраў Злучаных Штатаў. У прыватнасьці, мыта ЗША для тавараў з Кітаю склала 34%. Імпарт з краін Эўразьвязу ЗША абклалі 20-працэнтным мытам, для Вялікай Брытаніі вызначылі 10%, для шэрагу краін мыты дасягнуць 40 і больш працэнтаў.
- Пасьля гэтага кітайскія ўлады заявілі, што тарыфы, устаноўленыя ЗША, «на аснове субʼектыўных і аднабаковых адзнак», не адпавядаюць правілам гандлю, наносяць сурʼёзны ўрон законным правам і інтарэсам адпаведных бакоў і «зьяўляюцца тыповай практыкай аднабаковага запалохваньня».
- 4 красавіка Кітай абʼявіў пра ўвядзеньне мытаў у памеры 34% на ўсе амэрыканскія тавары. Акрамя таго, Пэкін дадаў 16 кампаній ЗША ў сьпіс экспартнага кантролю і абмежаваў экспарт тавараў, зьвязаных з рэдказямельнымі элемэнтамі.
- 8 красавіка прэс-сакратарка Белага дома Кэралайн Левіт паведаміла, што прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп прыняў рашэньне ўвесьці дадатковыя мыты ў 84% на ўвесь кітайскі імпарт, што павялічыць агульны памер мытаў да 104%. Новыя мыты ў 104% на імпарт з Кітаю пачалі дзейнічаць 9 красавіка.
Форум