У Эўрапейскім Зьвязе з 1 ліпеня набылі юрыдычную моц павялічаныя імпартныя мыты, уведзеныя на некаторыя віды сельгаспрадукцыі зь Беларусі і Расеі, якія фактычна робяць немагчымым далейшыя пастаўкі іх збожжа на эўрапейскі рынак.
Такое рашэньне 30 траўня ўхваліла Эўрапейская рада.
У залежнасьці ад канкрэтнага прадукту новыя мыты павялічыліся або на 95 эўра за тону прадукцыі, якая імпартуецца ў ЭЗ, або да 50% цаны на пшаніцу на рынках Эўразьвязу. Павышэньне мыта фактычна спыняе іх імпарт у Эўразьвяз.
Гэтае рашэньне распаўсюджваецца на збожжавыя, алейныя тавары, прадукты іх перапрацоўваньня, на бураковыя жамерыны і сушаны гарох з Расеі і Беларусі, а таксама на прадукцыю, якая наўпрост або ўскосна пастаўляецца зь дзьвюх краін, але не закранае транзыту ў трэція краіны. Расея і Беларусь таксама ня будуць больш мець доступу да квотаў ЭЗ.
Што папярэднічала
22 сакавіка Эўракамісія апублікавала прапановы аб увядзеньні павышанага мыта на пастаўкі збожжа зь Беларусі і Расеі ў Эўразьвяз і пазбаўленьні гэтых краін доступу да квотаў на пастаўку збожжа на больш выгадных тарыфных умовах.
У 2023 годзе Расея экспартавала ў Эўразьвяз да 4,2 мільёна тон збожжа на 1,3 мільярда эўра. Аб’ёмы прадукцыі зь Беларусі ў ЭЗ у той жа час склалі 610 тысяч тон на 246 мільёнаў эўра.
Міністры сельскай гаспадаркі Літвы, Латвіі, Эстоніі, Польшчы і Чэхіі раней прапанавалі Эўрапейскай камісіі забараніць пастаўкі збожжа з Расеі і Беларусі ў Эўразьвяз.
Форум