Былога галоўнага рэдактара рэгіянальнай газэты «Бабруйскі кур’ер» Анатоля Санаценку затрымалі 28 сакавіка ў Бабруйску. У яго дома сілавікі правялі ператрус, паведаміла Беларуская асацыяцыя журналістаў.
31 сакавіка Анатоля Санаценку судзілі ў судзе Бабруйскага раёну і гораду Бабруйску. Паводле зьвестак БАЖ, яго, імаверна. абвінавацілі паводле адміністрацыйнага артыкулу 19.11 КаАП Беларусі («Распаўсюд, выраб, захоўваньне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая зьмяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасьці або якая прапагандуе такую дзейнасьць»).
Рашэньне суду — 15 дзён адміністрацыйнага арышту.
- Раней Анатоля Санаценку затрымлівалі ў верасьні 2022 году. Яго двойчы судзілі паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП. Журналіст правёў за кратамі ізалятара часовага ўтрыманьня 30 содняў.
- Тады ж Міністэрства інфармацыі Беларусі заблякавала доступ да сайту «Бабруйскага кур’ера» — babruysk.by. А 26 верасьня 2022 году суд Бабруйскага раёну і г. Бабруйску прызнаў матэрыялы сайту «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй». З таго часу «Бабруйскі кур’ер» перастаў існаваць.
- «Бабруйскі кур’ер» — адна з найстарэйшых газэт Беларусі, першы яе нумар убачыў сьвет 31 жніўня 1914 году.
Форум