Сьцьвярджэньне, што жанчынам трэба спаць больш, чым мужчынам, нярэдка можна сустрэць на спэцыялізаваных форумах. Газэта The New York Times апытала экспэртаў, каб высьветліць, ці гэта сапраўды так.
Аказалася, што на гэтую тэму існуе вельмі мала дасьледаваньняў, таму адназначнага адказу на пастаўленае ў загалоўку пытаньне няма.
Вось што вядома на гэты момант
Лекарка-самноляг з Бостану Сюзан Бэрціш у размове з журналістамі адразу заявіла:
«Няма ніякіх доказаў таго, што існуе фундамэнтальная біялягічная прычына, па якой жанчынам трэба больш сну».
У сярэднім кожную ноч жанчыны праводзяць у ложку на некалькі хвілін больш, чым мужчыны, але гэта ня значыць, што ім трэба больш сну, сказала доктарка.
Мужчыны і жанчыны сьпяць па-рознаму
Паводле стану на 2025 год, існуе толькі некалькі дасьледаваньняў, аўтары якіх ацэньвалі розьніцу ў працягласьці сну паміж мужчынамі і жанчынамі.
У дасьледаваньні 2013 году былі апытаныя больш за 56 000 дарослых амэрыканцаў. Удзельнікаў апытвалі, як яны правялі апошнія 24 гадзіны. Жанчыны заявілі, што спалі, у сярэднім, на 11 хвілін больш, чым мужчыны.
Аднак гэта не абавязкова азначае, што жанчыны сапраўды спалі на 11 хвілін даўжэй за мужчын. Паводле аўтараў, пададзеная ўдзельнікамі працягласьць сну ўключала ў сябе і спробы заснуць.
Жанчыны значна часьцей за мужчын пакутуюць ад бессані, сказала выданьню дацэнт-самноляг з Гарвардзкай мэдычнай школы Рэбэка Робінс.
Паводле дасьледаваньняў, жанчыны ў сярэднім маюць ніжэйшую якасьць сну, чым мужчыны, незалежна ад таго, даглядаюць яны хворых і дзяцей, устаючы да іх ноччу, ці не.
У анлайн-апытаньні 2023 году, якое правяла Амэрыканская акадэмія мэдыцыны сну сярод больш чым 2000 дарослых, выявілася, што жанчыны амаль у два разы радзей за мужчын, адчуваюць сябе добра адпачыўшымі пасьля сну.
Што пагаршае сон жанчын
На гэты конт у мэдыкаў няма навукова абгрунтаваных адказаў, ёсьць толькі тэорыі.
«З добрым сном зьвязваюць нармальны ўзровень гармону прагестэрону. Яго ўзровень падае перад мэнструацыяй, таму ў такія дні жанчыны, як правіла, сьпяць горш», — кажа клінічны псыхоляг з Нью-Ёрку Шэлбі Гарыс.
Таксама жанчыны часта маюць цяжкасьці са сном напярэдадні мэнапаўзы і пасьля яе, калі ўзровень гармонаў у арганізьме мяняецца.
«Ёсьць і побытавыя падставы для горшага сну. У параўнаньні з мужчынамі, жанчыны больш займаюцца доглядам за дзецьмі і хатнімі справамі, што можа абцяжарыць засынаньне і якасьць сну», — кажа доктарка Робінс.
Таксама лекары сьцьвярджаюць, што такія праблемы, як бессань, апноэ і сындром неспакойных ног, часьцей сустракаюцца ў жанчын з узростам.
«Апноэ ў жанчыны часта застаецца не распазнаным, бо такія яго сымптомы, як храп і абуджэньне з прычыны недахопу паветра, у жанчын сустракаецца радзей», — кажа нэўроляг з Унівэрсытэту Джонса Гопкінса Рэйчэл Салас.
Як даведацца, ці дастаткова вы сьпіце
Мэдыкі робяць парадаксальную выснову аб тым, што працягласьць і якасьць сну нічога не гавораць аб тым, колькі трэба спаць. «Гэта не абавязкова адно і тое ж», — кажа доктарка Робінс.
Агулам лічыцца, што чалавеку трэба спаць ад сямі да дзевяці гадзін. Такую рэкамэндацыю даюць мэдыкі большасьці разьвітых краін сьвету. «Але норма можа вар’іравацца для розных людзей», — кажа псыхоляг Шэлбі Гарыс.
Доктарка Робінс дадае, што найлепшы спосаб даведацца, ці дастаткова вы сьпіце, — гэта ацаніць свой стан на працягу дня. Калі вы рэгулярна адчуваеце стомленасьць, гэта можа быць прыкметай таго, што вы не высыпаецеся і маеце парушэньне сну.
«Калі ж вы высыпаліся, але ўсё роўна адчуваеце стомленасьць або санлівасьць, — кажа доктарка Салас, — гэта нагода зьвярнуцца да лекара». У вас могуць быць іншыя праблемы са здароўем.
Форум