Амэрыканская газэта The New York Times піша, што на ўсёй тэрыторыі Злучаных Штатаў фіксуецца новы варыянт COVID-19 пад назвай XEC. У краіне рэзка вырасла колькасьць шпіталізацыяй і сьмерцяў.
Кантрольныя органы фіксуюць рост сьлядоў вірусу ў сьцёкавых водах, а экспэрты чакаюць, што колькасьць новых выпадкаў хваробы будзе расьці далей. Новы штам складае каля паловы з усіх выпадкаў COVID-19 у краіне.
Практыка мінулых гадоў паказала, што новыя штамы вельмі хутка распаўсюджваюцца па сьвеце. Пра зьяўленьне XEC у Беларусі было абвешчана ў кастрычніку 2024 году. Вось што трэба ведаць пра гэты варыянт каранавірусу.
Сымптомы, на якія трэба зьвяртаць увагу
Сымптомы новага штаму COVID-19 пераважна засталіся ранейшыя: кашаль, закладзенасьць носа, ліхаманка, боль у горле, слабасьць, ваніты, дыярэя, дыхавіца, галаўны боль і боль у цягліцах. Людзі з COVID-19 часта адчуваюць сябе зьнясіленымі. Некаторыя губляюць пачуцьцё смаку ці нюху.
Хвароба можа адчувацца па-рознаму кожны раз, калі вы заражаецеся. Сымптомы не заўсёды бываюць аднолькавыя. У кагосьці мінулым разам балела горла, а цяпер будзе больш страўнікава-кішэчных сымптомаў, або наадварот.
Сытуацыю ўскладняе тое, што гэтай зімой распаўсюджваецца мноства іншых інфэкцыйных хваробаў: грып, рэсьпіраторна-сынцытыяльны вірус, коклюш і так званая хадзячая пнэўманія, якую яшчэ называюць атыповай, бо яна ня зьвязаная зь ніводным зь вядомых узбуджальнікаў.
Без тэставаньня вызначыць, што ў вас менавіта COVID-19, а ня грып, даволі складана.
Калі і як рабіць тэст
Лябараторныя ПЦР-тэсты застаюцца залатым стандартам дыягностыкі каранавірусу. Іх робяць у спэцыялізаваных мэдычных установах. Больш даступныя хатнія экспрэс-тэсты. Апошнім часам зьявіліся тэсты, якія могуць вызначаць як COVID-19, так і грып.
Лічыцца, што сучасныя экспрэс-тэсты вызначаюць прынамсі 80 адсоткаў выпадкаў каранавіруснай інфэкцыі. Залаты стандарт тэставаньня такі. Калі вы адчулі сябе дрэнна, зрабіце тэст адразу. Калі вынік будзе адмоўны, паўтарыце тэст праз 48 гадзін. Менавіта другі тэст лічыцца найбольш дакладным.
Калі вы былі ў шчыльным кантакце з хворым, але сымптомаў хваробы ў вас не зьявілася, зрабіце экспрэс-тэст празь пяць дзён.
Калі тэрмін прыдатнасьці тэсту скончыўся некалькі тыдняў таму, але ён знаходзіўся ў вас дома пры пакаёвай тэмпэратуры, то яго можна выкарыстоўваць. Калі тэст вам прынесьлі ў марознае надвор’е, то дайце яму нагрэцца да пакаёвай тэмпэратуры перад выкарыстаньнем.
Як доўга хворы застаецца заразным
Калі ваш экспрэс-тэст даў станоўчы вынік, гэта сыгнал аб тым, што вы можаце перадаць COVID-19 камусьці яшчэ, напрыклад, блізкім ці калегам. Час, на працягу якога вы застаяцеся заразным, вар’іруе, але звычайна чалавек застаецца заразным каля пяці дзён.
Разам з тым лічыцца, што калі адмоўны экспрэс-тэст атрыманы праз тры-чатыры дні, то пацыент, хутчэй за ўсё, ужо не заразны.
Спосабы лячэньня
Сёньня агульнапрынятым у мэдыцыне лічыцца, што тыя, хто мае высокую рызыку цяжкага цячэньня каранавіруснай інфэкцыі — а гэта найперш людзі, старэйшыя за 65 гадоў, і людзі з аслабленым імунітэтам, — павінны пачаць лячыцца не пазьней за тыдзень пасьля зьяўленьня сымптомаў. Такім пацыентам варта прымаць супрацьвірусныя прэпараты, якія выпіша лекар.
Людзям бяз рызыкі ўскладненьняў звычайна прадпісваюць хатні рэжым, цёплыя напоі, паласканьне горла і іншую сымптаматычную тэрапію.
Таксама ня трэба забывацца, што вакцыны даказана зьніжаюць рызыку цяжкага цячэньня хваробы і ўскладненьняў. Набыты пасьля прышчэпкі імунітэт слабее празь некалькі месяцаў, але ў вас усё роўна застаецца абарона ад цяжкай хваробы.
Форум