Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская заявіла аб пераносе пашпартнага праекту ў краіны, дзе ня вырашаная праблема з дакумэнтамі для беларусаў


Макет вокладкі «пашпарту Новай Беларусі».
Макет вокладкі «пашпарту Новай Беларусі».

Лідэрка дэмакратычных сіл Беларусі Сьвятлана Ціханоўская, выступаючы сёньня ў Сейме Літвы, заявіла, што «пашпарт Новай Беларусі» будзе перанесены ў тыя краіны, дзе ня вырашаная праблема з дакумэнтамі для беларусаў. У Літве ж яны могуць атрымаць пашпарт іншаземца.

Пра гэта паведамляе выданьне Reform.news.

«Працягвайце выдаваць міжнародную абарону і дазволы на жыхарства шчырым беларусам. На жаль, многія беларусы ня могуць вярнуцца дадому і застаюцца без дакумэнтаў. Бацькі ня могуць аформіць нованароджаных дзяцей. У Літве ёсьць выдатнае рашэньне — пашпарт іншаземца, і мы просім спрасьціць і пашырыць практыку яго выдачы. А наш пашпарт, які мы плянавалі выдаваць, мы перанясем у тыя краіны, дзе праблема з дакумэнтамі ніяк ня вырашаная», — заявіла Ціханоўская.

Нагадаем, праект «пашпарту Новай Беларусі» быў анансаваны ў жніўні 2023 году на канфэрэнцыі «Новай Беларусі». Афіцыйна яго прэзэнтавалі сёлета ў студзені. У Літве быў створаны Беларускі пашпартны цэнтар, які мусіў заняцца выдачай такога дакумэнту. Ішла праца для прызнаньня пашпарту. Аднак літоўскія дзяржаўныя органы паведамілі, што ня будуць прызнаваць яго.

Шэраг літоўскіх палітыкаў абурыліся выкарыстаньнем у афармленьні пашпарту гербу «Пагоня». Яны заявілі, што на пашпарце выяўлены дзяржаўны герб Літвы, і папрасілі МЗС Літвы разабрацца ў сытуацыі. Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа і МЗС Літвы заявілі, што ня бачаць праблемы ў выкарыстаньні «Пагоні».

У лютым сёлета амаль 70 грамадзкіх дзеячоў Літвы накіравалі ліст прэзыдэнту Гітанасу Наўседу, у Міністэрства замежных справаў і ў Сейм з заклікам забараніць выкарыстаньне сымбалю «Пагоня» як на пашпартах, якія зьбіраюцца выпускаць беларускія дэмакратычныя сілы, гэтак і ў кожнай іншай форме ў афіцыйным кантэксьце.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG