Нягледзячы на відавочную розьніцу ў выявах беларускай «Пагоні» і літоўскага «Віціса», шэраг літоўскіх кансэрватыўных дзеячаў раскрытыкавалі беларускі герб у «пашпарце Новай Беларусі».
Пытаньне пракамэнтаваў прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа. Ён адзначыў, што «Віціс», на ягоную думку, — літоўскі сымбаль, але яго «могуць выкарыстоўваць» народы, «якія вызнаюць свабоду і не падзяляюць погляды Пуціна», перадае ягоныя словы літоўскае агенцтва BNS.
«Калі мы гаворым пра сапраўднае адзінства нашых народаў — я маю на ўвазе тых народаў, якія вызнаюць свабоду і не падзяляюць погляды Пуціна — я думаю, што мы сапраўды можам дазволіць ім выкарыстоўваць той сымбаль, які адлюстроўвае для мяне Літву», — сказаў Наўседа.
У выкарыстаньні «Пагоні» ў дызайне «пашпартоў Новай Беларусі» ён ня бачыць праблемы. Але дадаў, што трэба абмеркаваць юрыдычныя і дыпляматычныя дэталі праекту. Такім чынам, Наўседа пацьвердзіў словы, якія раней прагучалі зь ягонай канцылярыі.
Перад гэтым дэпутаты Сейму ад партыі «Саюз Айчыны — хрысьціянскія дэмакраты Літвы» абурыліся выкарыстаньнем «Пагоні» ў «пашпартах Новай Беларусі».
У Міністэрстве замежных спраў Літвы на іх заяву адказалі, што літоўскі дзяржаўны герб у дызайне тых пашпартоў не выкарыстоўваецца.
Форум