Амаль 70 грамадзкіх дзеячоў Літвы накіравалі ліст прэзыдэнту Гітанасу Наўседу, у Міністэрства замежных спраў і ў Сейм з заклікам забараніць выкарыстаньне сымбалю Пагоня (Vytis па-літоўску) як на пашпартах, якія зьбіраецца выпускаць беларуская апазыцыя, так і ў любой іншай форме ў афіцыйным кантэксьце.
Як паведаміла мясцовае выданьне LRT, сваё патрабаваньне грамадзкія дзеячы, сярод якіх вядомы сваімі рэзананснымі заявамі пра беларусаў тэлевядоўца Алгіс Раманаўскас, гендырэктар Цэнтру дасьледаваньня генацыду і супраціву жыхароў Літвы, гісторык Арунас Бубніс, журналіст і прадпрымальнік Шарунас Ясюкявічус, кіраўнік Міжнароднага фонду сяброў Украіны Валдас Барткявічус, патлумачылі «літвінізмам» сярод беларусаў ва ўмовах інфармацыйнай і гібрыднай вайны супраць Літвы.
«Мы ня можам дзяліць сымбалі дзяржаўнасьці і нацыянальнай ідэнтычнасьці з суполкамі, значная частка сяброў якіх настроеная супраць Літвы і паўтараюць дэзынфармацыйныя наратывы літвінізму, якія распаўсюджвае Расея і якія скажаюць гісторыю нашага народу», — адзначаецца ў заяве.
Грамадзкія актывісты асобна зьвярнулі ўвагу на тое, што ідэі літвінізму ўзмацняюцца з набліжэньнем вайсковых вучэньняў «Захад-2025», якія ствараюць аналёгію з уварваньнем ва Ўкраіну ў лютым 2024 году.
«Мы заўважаем, што аналягічная дэзынфармацыя распаўсюджвалася Крамлём датычна Ўкраіны перад поўнамаштабным уварваньнем 2022 году і ў часе вайны», — гаворыцца ў заяве.
У офісе Ціханоўскай Свабодзе пракамэнтавалі зварот грамадзкіх дзеячоў Літвы з заклікам забараніць беларусам выкарыстоўваць сымбаль Пагоня.
«Падпісанты ліста, магчыма, не разумеюць, што „Пагоня“ — гэта і ёсьць сымбаль супраціву „рускаму сьвету“, і „Пагоня“ ніколі не выкарыстоўвалася ў піку літоўцам, а, наадварот, была і ёсьць сымбалем эўрапейскага выбару Беларусі, сымбаль нашай незалежнасьці ад Расеі.
Гэта наш дзяржаўны герб з 1991 году, і ён такі, які ёсьць, і Літва яго вызнавала. І мы яго шануем, як і шануем нашых суседзяў, шануем Літву, яе гісторыю і яе сымбалі. А пасварыць нас зь літоўцамі — гэта задача пуцінскага і лукашэнкаўскага рэжыму, і няварта ім падыгрываць», — пракамэнтавалі ў Офісе Ціханоўскай.
- Дыскусія пра беларускія і літоўскія сымбалі пачалася пасьля таго, як беларускія дэмакратычныя сілы анансавалі тэрміны прыёму заяваў на «пашпарт новай Беларусі» і апублікавалі яго вокладку з Пагоняй.
- Шэраг літоўскіх грамадзкіх актывістаў і прадстаўнікоў кансэрватыўнай партыі Літвы прасоўваюць ідэю, што беларусы ня маюць права выкарыстоўваць сымбаль Пагоні, бо ён частка толькі літоўскай гісторыі.
- Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа заявіў, што ў выкарыстаньні Пагоні ў дызайне «пашпартоў новай Беларусі» ён ня бачыць праблемы. Але дадаў, што трэба абмеркаваць юрыдычныя і дыпляматычныя дэталі праекту. У Міністэрстве замежных спраў Літвы адзначылі, што літоўскі дзяржаўны герб у дызайне тых пашпартоў не выкарыстоўваецца. У Сейме Літвы ў закрытым рэжыме абмеркавалі пытаньне «пашпарта новай Беларусі» з Пагоняй і пацьвердзілі, што згодна зь дзейным літоўскім заканадаўствам такі пашпарт або дакумэнт ня можа быць прызнаны.
- У Літве дзяржаўны герб — Пагоня (Vytis па-літоўску. — РС). У Беларусі сымбаль Пагоня быў дзяржаўным гербам зь верасьня 1991 году да 1995-га, калі Аляксандар Лукашэнка правёў нелегітымны рэфэрэндум, па выніках якога гэты герб замянілі на мадыфікаваны савецкі. Сымбаль Пагоня паходзіць з часоў Вялікага Княства Літоўскага, агульнай часткі гісторыі Літвы і Беларусі. У той жа час выявы беларускай і літоўскай Пагоні адрозьніваюцца паміж сабой.
Форум