Пра гэта паведаміла «Позірку» прэс-служба намесьніка кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінэту (АПК), кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня (НАУ) Паўла Латушкі. Адзначаецца, што зварот быў прыняты з ініцыятывы кааліцыі «Каманда Латушкі і Рух «За Свабоду».
Дакумэнт, як заяўляецца, зацьверджаны «ў сувязі з маючымі адбыцца перамовамі паміж Украінай і Расеяй пры ўдзеле ЗША і ЭЗ аб мірным пагадненьні».
Адзначаецца, што «з мэтай прадухіленьня перамяшчэньня жывой сілы, тэхнікі і матэрыяльных сродкаў ваеннага прызначэньня для ажыцьцяўленьня ваеннай агрэсіі ў дачыненьні да Украіны грамадзянамі Рэспублікі Беларусь былі зьдзейсьненыя акты супраціву».
Многія беларусы «былі затрыманыя за дзеяньні ў падтрымку Украіны: за актыўнае выказваньне антываеннай пазыцыі, камэнтары, якія асуджаюць расійскую агрэсію, данаты Узброеным сілам Украіны і беларускім добраахвотніцкім падразьдзяленьням, перадачу зьвестак аб перамяшчэньні расйскай тэхнікі ініцыятыве „Беларускі Гаюн“, а таксама... за ўдзел у беларускіх падразьдзяленьнях у складзе Узброеных сіл Украіны і іншыя дзеянні», гаворыцца ў звароце.
Акрамя гэтага, «шэраг грамадзян Беларусі быў абвінавачаны ў ажыцьцяўленьні пералічаных дзеяньняў і асуджаны на працяглыя тэрміны пазбаўленьня волі», такім людзям «пагражаюць катаваньні і бесчалавечнае абыходжаньне», «іх здароўе і жыцьцё знаходзяцца пад сур’ёзнай пагрозай», падкрэсьліваецца ў дакумэнце.
КР заклікала ўлады Украіны «ўключыць у сьпіс абмену ваеннапалоннымі грамадзян Беларусі, затрыманых у Беларусі і Расеі, якія рызыкавалі сваім жыцьцём, каб падтрымаць Украіну ў яе гераічнай барацьбе супраць расейскай агрэсіі і аказвалі дапамогу ўкраінскаму боку».
Гаворка ідзе пра абмен па формуле «ўсіх на ўсіх».
Таксама ў звароце ўтрымліваецца заклік уключыць у спісы на абмен беларусаў, рэпрэсаваных на радзіме і ў РФ за выказваньне салідарнасьці і падтрымкі Украіны ў супрацьстаяньні расійскай агрэсіі.
Акрамя гэтага, КР заклікала Кіеў прызнаць усіх беларускіх добраахвотнікаў, якія ваявалі і ваююць супраць РФ, «камбатантамі, якія маюць права на абарону ў адпаведнасці з міжнародным гуманітарным правам».
Паведамляецца, што зварот будзе накіраваны ў Вярхоўную Раду Украіны.
За прыняцьце звароту прагаласаваў 41 дэлегат КР з 44-х. Адзін чалавек устрымаўся, двое выступілі супраць.
Паводле зьвестак праваабарончага цэнтра «Вясна», на 24 лютага 2025 года за падтрымку Украіны ў Беларусі было ў крымінальным парадку асуджана не менш за 209 чалавек, у тым ліку 38 жанчын. 41 чалавек асуджаны за ахвяраваньні беларускім добраахвотнікам, 30 — за намер ваяваць на баку Украіны, 93 — за перадачу незалежным мэдыярэсурсам фота і відэа перамяшчэньня расейскай вайсковай тэхнікі. 35 і 24 чалавекі адпаведна асуджаныя за «здраду дзяржаве» (арт. 356 Крымінальнага кодэксу) і за «акт тэрарызму» (арт. 289 КК).
Што такое Каардынацыйная рада
- Каардынацыйная рада створаная ў Менску ўлетку 2020 году. Арганізацыя паставіла сабе за мэты «пераадоленьне палітычнага крызісу ў Беларусі» і «абарону сувэрэнітэту і незалежнасьці краіны».
- Частка кіраўнікоў і заснавальнікаў КР, як Марыя Калесьнікава, Максім Знак і іншыя, апынуліся за кратамі. Частка арганізатараў і ўдзельнікаў выехалі за мяжу, некаторыя спынілі палітычную дзейнасьць.
- 9 жніўня 2022 году адбылася рэарганізацыя Рады. Асноўнай яе задачай стала распрацоўка «праграмных і стратэгічных дакумэнтаў, арганізацыя абмеркаваньня грамадзка значных пытаньняў, міжнароднае супрацоўніцтва, а таксама падрыхтоўка і абмеркаваньне канцэпцыяў разьвіцьця Беларусі»
- На пачатку лютага 2023 году апублікаваны склад «рэфармаванай» Каардынацыйнай рады. Сярод іншага, да яе далучыліся грамадзкая дзяячка Сьвятлана Мацкевіч, бізнэсовец Аляксандар Кныровіч, лідэрка ініцыятывы «Честные люди» Алена Жываглод, прадстаўнікі Офісу адукацыі для «новай Беларусі», Free Belarus Center, ZUBR, BEROC, «Задзіночаньня беларускіх студэнтаў» і іншых арганізацыяў.
- ІІ скліканьне гэтай палітычнай структуры (9 лютага 2023) складаецца з 25 чальцоў асноўнага складу КР І скліканьня (19 жніўня 2020), 15 самавылучэнцаў, а таксама 75 дэлегатаў ад арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці і дэмакратычных сілаў (па 15 ад пяці тэматычных сэктараў — «палітычныя арганізацыі», «правы чалавека, моладзь і экалёгія», «адукацыя, культура і мэдыя», «мясцовыя супольнасьці, прафсаюзы і бізнэс», «дыяспары»).
- Тэрмін паўнамоцтваў ІІ скліканьня Рады — адзін год з дня правядзеньня першага ўстаноўчага сходу (8 лютага 2023 году) пасьля фармаваньня поўнага складу.
- Дэлегатаў трэцяга і наступных скліканьняў будуць выбіраць грамадзяне Беларусі «на аснове ўсеагульнага, прамога, роўнага і тайнага галасаваньня». У склад Рады трэцяга скліканьня будзе абрана 80 дэлегатаў, тэрмін паўнамоцтваў — 2 гады. Тэхнічна забясьпечваць працэс галасаваньня мае каманда ІТ-плятформы «Новая Беларусь».
- Улады Беларусі прызналі КР «экстрэмісцкім фармаваньнем».
- 28 лістапада 2023 у Беларусі прайшлі ператрусы ў сяброў арганізацыі і людзей, якіх сілавікі падазраюць у датычнасьці да КР. Старшыня КР Андрэй Ягораў заявіў, што дзеяньні рэжыму яскрава дэманструюць важнасьць для беларусаў маючых адбыцца выбараў у Раду.
- З 25 па 27 траўня адбыліся выбары ў ІІІ скліканьне Каардынацыйнай рады. Яны праходзілі онлайн з дапамогай праграмы шыфраваньня зьвестак.
- Напярэдадні выбараў за рассылку падпісантам чат-боту «Перамога» з гонкі зьнялі сьпіс «Закон правапарадак» на чале з Аляксандрам Азаравым. Скандал пачаўся ня толькі праз падобны сродак агітацыі, але і праз тое, што апавяшэньні прыходзілі людзям, якія даўно заблякавалі або выдалілі бот, што магло падставіць людзей, якія жывуць у Беларусі.
- У сьпісе Розы Турарбекавай «Наша справа» ў апошні момант адбыліся вымушаныя зьмены. Пасьля зьняцьця са сьпісу дзьвюх жанчын кіраўніца аб'яднаньня мусіла выкрэсьліць са сьпісу і двух паплечнікаў-мужчын, каб адпавядаць гендарным квотам, уведзеным на выбары. Сам сьпіс раскрытыкаваў факт гендарных квотаў.
Форум