«Я ні ў якім разе не крытыкую яго, як некаторыя, мы падтрымлівалі абраньне гэтага прэзыдэнта — і ў Расеі, і ў Беларусі, не таму, што ён прыйдзе і ўсё зьменіць. Але мы спадзяваліся на тое, што прыйдуць новыя людзі... Была надзея: а раптам! Але здарылася неймавернае, Дональд Трамп як бульдозэр прайшоў па ЗША, і гэты неймаверны чалавек перамог», — сказаў Аляксандар Лукашэнка, зьвяртаючыся да расейскіх сэнатараў у Савеце Фэдэрацыі Расеі.
У той жа час Лукашэнка зьвярнуў увагу на тое, што пасьля прыходу да ўлады Дональд Трамп зрабіў «шмат заяваў, абяцаньняў, ціску — на адзін бок, на другі».
«Пакуль неразьбярыха. У ЗША няма ніякіх плянаў нават для Ўкраіны. Так, Дональд хоча спыніць вайну. Дзякуй яму за гэта. Калі ён шчыры ў тым, што ён перажывае, што гінуць людзі. Але пры гэтым мы павінны цьвёрда стаяць на сваіх пазыцыях. Нас ніхто не павінен адхіліць у бок, і, ня дай Божа, падмануць нас або абвесьці вакол пальца», — заявіў Лукашэнка.
«Мы ведаем, чаго мы хочам, і мы цьвёрда павінны стаяць на сваім. Мы за мір, супраць усялякай вайны і гэтак далей, але мы павінны бачыць свае інтарэсы», — сказаў ён.
Гаворачы аб прэзыдэнцкіх выбарах 2025 году, Лукашэнка назваў іх выбарам паміж Расеяй і Захадам і заявіў, што беларусы нібыта абралі Расею.
- 11 сакавіка ў Джыдзе, у Саудаўскай Арабіі, адбыліся перамовы прадстаўнікоў Кіева і Вашынгтону. Украінскі бок прыняў прапанову ўвесьці 30-дзённы рэжым спыненьня агню, калі на гэта пагодзіцца Расея. Пасьля сустрэчы ЗША заявілі аб аднаўленьні паставак зброі і аднаўленьні абмену выведнай інфармацыяй.
Офіс прэзыдэнта Ўкраіны заявіў, што абмеркаваньне дэталяў часовага спыненьня агню пачнецца пасьля 17 сакавіка.
Форум