Беларусь, згодна са зьвесткамі Стакгольмскага міжнароднага інстытуту дасьледаваньня міру (SIPRI), страціла свае пазыцыі (20-е месца) на рынку экспарту зброі, якія ўтрымлівала цягам 2019–2023 гадоў.
Як вынікае з справаздачы, Беларусь па выніках 2024 году не ўвайшла ў пералік 25 найбуйнейшых экспартэраў зброі.
Беларусь згадваецца ў справаздачы як імпартэр расейскай зброі. Згодна з інфармацыяй SIPRI, у 2020–2024 гадах Расея пастаўляла зброю ў 33 дзяржавы. 74 адсоткі расейскага экспарту ўзбраеньняў прыпадае на краіны Азіі і Акіяніі, 12% — на краіны Афрыкі, 7,4% — на Эўропу (Армэнія, Беларусь і Сэрбія) і 6,4% — на Блізкі Ўсход. Дзьве траціны расейскага экспарту зброі ў 2020–2024 гадах прыпадалі на тры краіны: Індыю (38%), Кітай (17%) і Казахстан (11%).
Найбольшымі экспартэрамі ўзбраеньня ў 2020–2024 гадах былі ЗША, Францыя і Расея, а імпартэрамі — Украіна, Індыя і Катар.
Згодна з інфармацыяй Стакгольмскага міжнароднага інстытуту дасьледаваньня міру, Злучаныя Штаты яшчэ больш павялічылі сваю долю ва ўсясьветным экспарце зброі, да 43%, у той час як экспарт Расеі скараціўся на 64%.
Прынамсі 35 дзяржаў пастаўлялі зброю ва Ўкраіну пасьля поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ў 2022 годзе.
Украіна атрымала 8,8% усясьветнага імпарту зброі ў 2020–2024 гадах. Большая частка зброі, пастаўленай ва Ўкраіну, паступіла з ЗША (45%), Нямеччыны (12%) і Польшча (11%). Украіна была адзінай эўрапейскай дзяржавай сярод 10 найбуйнейшых імпартэраў у 2020–2024 гадах, хоць многія іншыя эўрапейскія дзяржавы значна павялічылі імпарт зброі ў гэты пэрыяд.
«Новыя лічбы паставак зброі дакладна адлюстроўваюць пераўзбраеньне, якое адбываецца паміж дзяржавамі ў Эўропе ў адказ на пагрозу з боку Расеі. Тым ня менш некаторыя буйныя імпартэры зброі, у тым ліку Саудаўская Арабія, Індыя і Кітай, заўважылі значнае зьніжэньне аб’ёмаў імпарту з розных прычынаў, нягледзячы на высокае ўспрыманьне пагрозы ў іх рэгіёнах», — сказаў Мэцью Джордж, праграмны дырэктар праграмы SIPRI па пастаўках зброі.
Форум