За трыццаць гадоў з моманту прыняцьця Пэкінскай дэклярацыі — пляна, узгодненага ўрадамі 189 краін па дасягненьні гендарнай роўнасьці — па ўсім сьвеце было рэалізавана больш за 1500 рэформаў, накіраваных на пашырэньне правоў жанчын.
Нягледзячы на гэта, жанчыны цяпер маюць толькі 64% правоў, якія маюць мужчыны. Колькасьць жанчын у парлямэнце павялічылася ў два разы, але яна па-ранейшаму складае толькі чвэрць месцаў. Толькі 87 краін калі-небудзь узначальвалі жанчыны.
Каля 10%, або 393 мільёны, жанчын і дзяўчат у сьвеце жывуць у крайняй галечы, больш за 15% у зонах канфліктаў. З 2022 года колькасьць выпадкаў сэксуалізаванага гвалту ў зонах канфліктаў вырасла ў паўтара раза, 95% пацярпелых ад яго — жанчыны. Амаль пятая частка ўсіх замужніх жанчын у сьвеце выйшла замуж у дзяцінстве. Кожная трэцяя жанчына на працягу жыцьця падвяргаецца фізычнаму або сэксуальнаму гвалту.
Амаль 60 мільёнаў дзяўчынак у Афрыцы не маюць магчымасьці скончыць сярэднюю школу — у тых жа рэгіёнах, дзе дзяўчынкі маюць такую магчымасьць, яны заканчваюць школу часьцей, чым хлопчыкі. Гендэрны разрыў на працоўным месцы не зьмяняецца дзесяцігодзьдзямі: 63% жанчын працаздольнага ўзросту занятыя ў параўнаньні з 92% мужчын. Пры гэтым жанчыны па-ранейшаму ў 2,5 разы часьцей за мужчын займаюцца хатнімі справамі, доглядам за дзецьмі і іншай неаплатнай працай.
Генэральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш, выступаючы напярэдадні Міжнароднага жаночага дня, адзначыў, што дыскрымінацыя жанчын узмацняецца новымі пагрозамі.
«Лічбавыя інструмэнты, хоць і шматспадзеўныя, таксама часта прымушаюць замоўчваць галасы жанчын, узмацняюць прадузятасьць і падштурхоўваюць дамаганьні», — сказаў Гутэрыш, заклікаючы сьвет даць адпор нападам на правы жанчын, шавінізму і жананенавісьніцтву.
Форум